Сядзіба Мілашэўскіх (Блізная)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сядзіба Мілашэўскіх - колішняя сядзіба ў в. Блізная Пружанскага раёна.

План сядзібна-паркавага комплексу Мілашэўскіх у Блізнай, паводле рэканструкцыі Анатоля Федарука.

Комлпекс захаваўся часткова, мае мясцовае значэнне. Асноўныя адметнасці — далёкія перспектывы, якія візуальна пашыраюць межы парка.[1]

Рэгулярны парк тыповы для невялікіх сядзіб 2-й паловы XVIII — 1-й паловы XIX стст. Плошча — 4 га. Будова сіметрычна-восевая, у плане прамавугольная, арыентаваная ўздоўж выцягнутай кампазіцыйнай восі, якая з’яўляецца працягам цэнтральнай вуліцы вёскі. Займае высокі тэрасіраваны ўзгорак. Уязная алея вядзе да параўнальна вялікага (каля 0,8 га), высока паднятага партэра на трэцяй тэрасе. Для фарміравання партэра выкарысталі зямлю, вынятую пры капанні сажалкі з паўднёвага боку сядзібы. Па перыметры партэр меў лінейныя пасадкі з фармаванай елкі (не захаваліся), уздоўж іх размяшчаліся рабаткі з ружамі.[1]

У комплексе ў мініяцюры праявіліся матывы сістэмы Ленотра — вялікая прастора перад сядзібным домам, так званы салон. З паўночнага боку салон фланкіраваны трохраднай лінейнай пасадкай конскага каштана, якая закрывала гаспадарчыя пабудовы паўночна-ўсходняй часткі сядзібы. З партэра адкрываецца панарама на сажалку, выцягнутую ўздоўж паўднёвага боку парку, каля падножжа ўзгорка.[1]

Уезд фіксаваўся брамай. З паўночнага боку, каля партэра, стаіць невялікая вежа — малая архітэктурнай формай з ўтылітарным прызначэннем вяндлярні. Сядзібны дом размяшчаўся на асноўнай кампазіцыйнай восі. Уздоўж грэбеню тэрасы за домам быў невялікі кветкавы партэр.[1]

Уласна парк займае другую тэрасу, складзены з чатырох маленькіх баскетаў, створаных цэнтральнай ліпавай алеяй і папярочнай алеяй з конскага каштана. Уздоўж грэбеня тэрасы баскеты маюць лінейныя пасадкі фармаванага граба і кустоў бэзу звычайнага. З краявідных кропак адкрываецца від на сад, размешчаны на першай тэрасе. Перапад вышынь паміж тэрасамі каля 1,5 м.[1]

Два баскеты першай тэрасы выцягнуты ўздоўж восі. Цэнтральная алея паміж імі ўтворана лінейнымі пасадкамі жасцёра паслабляльнага і біручыны звычайнай — адзіны вядомы выпадак выкарыстання гэтых відаў у алеях. З паўночнага боку баскеты абмежаваны ахоўнай пасадкай з ліпы. Узрост дрэў на канец XX ст. — больш за 200 гадоў. Завяршалася вось перспектывы вадаёмам прамавугольнай формы ніжэй за тэрасу сада, цяпер вадаём спушчаны і мясцовасць зарасла. Вузкім каналам вадаём злучаўся з ручаём, які абгінаў сядзібу з паўднёвага боку і меў сажалку.[1]

Прагулачны маршрут кальцавога тыпу праходзіў па алеях баскетаў і заканчваўся каля краявідных кропак на краі схілу. Акцэнтам перспектывы была сажалка каля падножжа ўзгорка. Бэз упрыгожвае і адначасова замацоўвае ад эрозіі параўнальна круты схіл. Форму падножжа ўзгорка паўтарае невысокая каменная агароджа.[1]

У парку ёсць вялікая квадратная яма глыбінёй каля 3 метраў, сценкі і дно выкладзены каменем. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, гэта рэшткі склепа для захоўвання ўраджаю. Аднак яма не пазначана ні на якіх планах і цяжкадаступна размешчана, тыпам муроўкі падобная да млына, магчыма, будавалася прыкладна адным часам з ім.

Да пачатку 2000-х гадоў парк даглядалі мясцовыя жыхары, арганізоўвалі суботнікі вясной і восенню. У 1990—2000-х гадах летам у парку часта ладзіліся спаборніцтвы па футболе сярод мясцовых жыхароў, а таксама штогадовае святкаванне Купалля. Сажалка зімой была месцам для катання і аматарскіх гульняў у хакей. З канца 2000-х гадоў колькасць насельніцтва Блізнай стала скарачацца, парк зарос драбналессем.

Зноскі

  1. а б в г д е ё Федорук 1989.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]