Сядзібна-паркавы ансамбль Скіндэраў (Міхайлоўшчына)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзібна-паркавы ансамбль Скіндэраў
54°11′15,96″ пн. ш. 26°00′40,13″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Міхайлоўшчына
Будынкі
парк • бровар • спіртасховішча • рэшткі брамы • гаспадарчыя пабудовы
Map

Сядзібна-паркавы ансамбль Скіндэраў — рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля ў в. Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібны дом каля 1917

Будынак двара ў Міхайлоўшчыне быў пабудаваны ў канцы 18 – пачатку 19 ст. Павернутая франтонам на поўдзень пабудова была драўляная, параўнальна невялікая, узведзеная на падмурку ў форме шырокага прамавугольніка. Высокі дах дома быў з гладкай гонты. З боку ўезда знаходзіўся шырокі порцік з дзвюма парамі дастаткова масіўных калон з балконам і мезнінам. Пазней балкон быў накрыты страхой на чатырох тонкіх слупах. Сцены дома з вонкавага боку былі ашаляваны дошкамі. Фасад дома ўпрыгожвалі аднолькава белыя калоны, вокны, аканіцы, а таксама дзверы[1].

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Унутры дома да порціка прымыкаў вялікі калідор, а з паўночнага боку – вялікая сталовая з выхадам на садовую тэрасу. З абодвух бакоў фасада было тры пакоі. Пакой з правага боку калідора з’яўляўся салонам, з левага кабінетам. Сцены ва ўсіх пакоях былі гладка атынкаваны, столь – балачная. Акрамя печаў з жоўтай і карычневай кафлі ў доме меўся яшчэ камін, таксама з кафлі. Магчыма, усё гэта было пабудавана ў другой палове ХІХ стагоддзя. Старадаўняя мэбля была вывезена да 1914 года ў Варшаву ці Вільню. Усё, што засталося на месцы, прапала падчас Першай сусветнай вайны. Да самых каштоўных помнікаў, якія захоўваліся ў Міхайлоўшчыне, адносіўся сямейны архіў Скіндэраў, які ахопліваў час ад 1646 года[1].

Іншыя пабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Бровар
Спіртасховішча

Па перыметры парку непадалёку ад жылога дома знаходзіліся дзве іншыя пабудовы з таго самага часу і падобнага спосабу будаўніцтва. Да іх прымыкаў невялікі флігель, у плане прыбліжаны да квадрата, накрыты двухсхільным гонтавым дахам. Перад уваходам быў навес на 4 слупах. Будынак служыў лядоўняй. Значная частка парку знаходзілася за жылым домам і па яго баках. Найбольш у парку было трохсотгадовых высокастрэмістых ліп. Была алея з елак і многа дэкаратыўных кустоў бэзу звычайнага і чорнага, барбарысу, дзікіх руж і іншых[1].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі брамы

Сядзібу з усіх бакоў акружаў парк плошчай 6 га. Від на дом адкрываўся толькі з боку галоўнай уяздной брамы. Яна складалася з двух мураваных чатырохвугольных слупоў з дахам у выглядзе стажка, накрытым гонтамі. Паміж брамай і порцікам дома пасярод шырокай дарогі для пад'езду транспарту знаходзіўся вялікі газон у выглядзе круга з клумбамі. З вонкавага боку дарогі раслі старыя лісцевыя дрэвы розных парод ліпы і пірамідальныя стрэлавідныя высокія таполі. Каля правага слупа галоўнай брамы знадворку знаходзілася невялікая пабудова — вартаўнічая будка. Яшчэ адна ўяздная брама амаль аднолькавага выгляду знаходзілася з заходняга боку двара[1].

Сам парк займае пагорак з параўнальна крутымі склонамі, што для беларускіх паркаў не характэрна, над поймай р. Клявы[2].

Зноскі

  1. а б в г Аб маёнтках Ашмяншчыны і іх уладальніках. Міхайлоўшчына. Навасёлкі /Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага р-на. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С 606-608.
  2. Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Гродзенская вобласць». Мінск, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986 год, С. 107—108
  • Aftanazy Roman. «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej». Wrocław, Ossolineum, 1991-97, С. 219—221
  • Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
  • Jankowski. Powiat oszmiański. Część 1, С. 215—217

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]