Перайсці да зместу

Сяргей Вячаслававіч Чарановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Вячаслававіч Чарановіч
Дата нараджэння 8 красавіка 1958(1958-04-08) (67 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці мастак, графік
Месца працы
Жанр кніжная графіка, жывапіс і фатаграфія
Вучоба
Член у

Сяргей Вячаслававіч Чарановіч (нар. 8 красавіка 1958, Шарашова, Брэсцкая вобласць) — беларускі графік.

Нарадзіўся 8 красавіка 1958 года ў Шарашове Брэсцкай вобласці. Сям’я пераехала на сталае жыхарства ў г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці[1].

Скончыў у 1984 годзе факультэт графічнага дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Некаторы час працаваў мастаком у Інстытуце гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам прафесара Георгія Штыхава. 3 1990 года супрацоўнічае ў якасці мастака-графіка з рознымі выдавецтвамі г. Мінска[1].

Сябра Саюза мастакоў Беларусі з 1999 года, сябра Саюза дызайнераў Беларусі[1].

Працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў, выкладчыкам фотамастацтва ў Баранавіцкай школе мастацтваў. З 2009 года з’яўляецца кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Апалон» Ляхавіцкага ГДК[1].

Працуе ў галіне кніжнай графікі, жывапісу, фатаграфіі. Супрацоўнічаў з выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», «Вышэйшая школа», «Мэт», і інш. Шэраг яго прац адзначаны дыпломамі Рэспубліканскага конкурсу мастацтва кнігі Міністэрства культуры РБ. Аўтар дызайну знака «Тысяча год праваслаўнай царквы на Беларусі». Аўтар герба г. Ляхавічы (у суаўтарстве з У. У. Кузьмічом, 1992)[1].

Аўтар кнігі «Легенды і паданні Ляхавіцкага краю» (2004). Аўтар турыстычных буклетаў-даведнікаў «Грушаўка» (2005) і «Сцежкамі роднага краю. Ляхавіцкі раён» (2009)[1].

Аўтар праграмы «Колеразнаўства» (прадмет па выбару) для дзіцячых мастацкіх школ і мастацкіх аддзяленняў школ мастацтваў, аўтар эскізаў да кінафільма «Вітаўт, альбо Пастка на Зубра» (рэжысёр В. Шэвялевіч). Зрабіў ілюстрацыі да новых выданняў «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, зборніка «Прошча» У. Някляева і інш[1].

Узнагароджаны дыпломамі Міністэрства культуры і друку на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» (1994, 1996, 1997, 1998, 2006), дыплом «Залаты дубль» на конкурсе «Мастак і кніга» Міністэрства культуры, Беларускага саюза мастакоў, Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў выдавецтва «Кавалер Паблішэрс» (1997), граматай Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў (2008), граматай аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама і многіх іншых. У 2010 годзе С. В. Чарановіч быў намінаваны на прысуджэнне прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[1].

  1. а б в г д е ё ж 8 красавіка 2013 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Сяргея Вячаслававіча Чарановіча (1958), мастака-графіка, фотамастака(нявызн.). kb.brl.by. Праверана 9 снежня 2024.