Таварны фетышызм
Таварны фетышызм (ням.: Warenfetischismus) — марксісцкі тэрмін, які азначае арэчаўленне вытворчых адносін паміж людзьмі ва ўмовах таварнай вытворчасці.
Карл Маркс выкарыстаў тэрмін таварны фетышызм у першым раздзеле першага тома сваёй знакамітай працы «Капітал» (1867 г., раздзел быў значна зменены ў другім выданні 1873 г.) для тлумачэння неадпаведнасці паміж вытворчымі выдаткамі і коштам тавара. Таварны фетышызм узнікае ў выніку таго, што людзі вераць, быццам бы кошт закладзены ў сам тавар, і ён разглядаецца самастойна ад вытворцы і сыравіны, з якой зроблены. Карл Маркс тлумачыць свой зварот да тэорыі фетышызму наступным чынам:
Каб знайсці аналогію гэтаму, нам прыйшлося б забрацца ў ахінутую туманам вобласць рэлігійнага свету. Тут прадукты чалавечага мозгу ўяўляюцца самастойнымі істотамі, адоранымі ўласным жыццём, якія стаяць у пэўных адносінах з людзьмі і адно з іншым. Тое ж самае адбываецца ў свеце тавараў з прадуктамі чалавечых рук. Гэта я называю фетышызмам, які ўласцівы прадуктам працы, калі яны вырабляюцца як тавары, і які, такім чынам, неаддзельны ад таварнай вытворчасці.
У XX ст. ідэя таварнага фетышызму развівалася ў неамарксізме. Дзьёрдзь Лукач лічыў арэчаўленне, выкліканае таварным фетышызмам, перашкодай для фармавання класавай свядомасці. Тэадор Адорна пісаў, што камерцыя ставіць чалавека ў ролю, не створаную ім самім, урываецца ў яго псіхіку. Жан Бадрыяр, які знаходзіўся пад уплывам неамарксізму, выкарыстаў таварны фетышызм для тлумачэння суб'ектыўных пачуццяў людзей да тавараў пад уплывам рэкламы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Karl Marx. Capital Volume One. Part I: Commodities and Money. Chapter One: Commodities. SECTION 4. THE FETISHISM OF COMMODITIES
- Matory, J.L. The Fetish Revisited: Marx, Freud, and the Gods Black People Make — Durham: Duke University Press, 2018 ISBN 9781478000754