Таварыства беларускага тэатра

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі — культурна-асветная арганізацыя беларускай меншасці ў Латвіі, створаная для каардынацыі тэатральна-мастацкай дзейнасці ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першы арганізацыйны сход адбыўся 25 сакавіка 1927 г. Таварыства ўзнікла з Беларускіх (1-й і 2-й) драматычных дружын І. С. Дварчаніна і Я. Камаржынскага, драматычных гурткоў пры Дзвінскай і Люцынскай беларускіх гімназіях, таварыстваў «Рунь» і «Беларуская хата», Беларускага народнага тэатра (І-га) у Рызе. Дзякуючы дзейнасці таварыства з 1928 г. пачалі працу Рыжскі і Дзвінскі народныя тэатры. Дырэктарам таварыства была В. В. Пігулеўская-Бароўская. Фінансавую дапамогу тэатрам аказвалі Латвійскі культурны фонд і Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі. Таварыства рэкамендавала для пастановак п’есы К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Галубка, М. Чарота і інш. Інсцэніроўкі для беларускіх тэатраў рабілі У. Пігулеўскі, Камаржынскі. У 1931 г. таварыства паставіла 10 спектакляў, у т.л. 3 прэм’еры. Рэжысёры часта запрашалі артыстаў латышскіх і рускіх тэатраў. Таварыства арганізавала драматычныя гурткі амаль ва ўсіх беларускіх навучальных установах. У іх праводзіліся вечарыны з дакладамі, дэкламацыямі і спектаклямі. Так, 12 снежня 1932 г. Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі адзначыла 50-годдзе Я. Купалы пастаноўкай п’есы «Раскіданае гняздо», а 11 лютага 1933 г. разам з вучнямі Рыжскай беларускай вячэрняй дадатковай школы наладзілі спектакль-вечарыну (пастаўлена «Паўлінка» Я. Купалы). Пасля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі ў 1934 г., культурна-асветніцкая дзейнасць беларусаў, як і іншых нацыянальных меншасцей, пачала затухаць.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Панізнік, С. Таварыства беларускага тэатра / Сяргей Панізнік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 488. — ISBN 985-11-0214-8.