Таццяна Юшкевіч
Таццяна Юшкевіч | |
---|---|
Род дзейнасці | удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху |
Дата нараджэння | 1934 |
Месца нараджэння |
Таццяна Юшкевіч (нар. 1934) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належала да смаргонскай групы арганізацыі.[1] Малодшая сястра Тамары Юшкевіч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў 1934 годзе ў Смаргоні Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Гродзенская вобласць). У сям’і было тры дачкі: Тамара, Таццяна і малодшая Вольга (нар. у 1939). Дзяцінства было цяжкае, бо бацьку мабілізавалі падчас Другой сусветнай вайны, а маці ў той час нідзе не працавала. У 1944 годзе пры адступленні немцаў быў спалены дом Юшкевічаў, таму яны былі вымушаны жыць у бабулі ў каморцы. У 1946 годзе бацька вярнуўся з нямецкага палону.
Вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. Восенню 1949 года далучылася да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але таксама планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў. У арганізацыі Таццяна Юшкевіч, як і яе сястра, расклейвала антысавецкія ўлёткі.
У лютым 1950 года была арыштаваная, будучы вучаніцай 7-га класа. Летам таго ж года асуджаная ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі: атрымала 10 гадоў утрымання ў дзіцячых працоўных калоніях (ДПК), бо была непаўналетняй. Калі на судзе пачалі зачытваць абвінаваўчае заключэнне непаўналетняй Таццяне Юшкевіч, адзін з суддзяў сказаў Расціславу Лапіцкаму, паказваючы на Таццяну: «Ваша ахвяра!», намякаючы на тое, што Расціслаў і яе ўцягнуў у палітыку, але той адказаў: «Не, гэта ахвяра савецкай улады!».
Пакаранне адбывала ў ДПК Львова і Харкава, дзе працавала ў швейных цэхах і адначасова вучылася ў школе. Пра зняволенне ўспамінала так:
«Спаць даводзілася вельмі мала. Дый часта хварэла. Харчаванне было вельмі благое, крапівой нават кармілі. З часам, калі добра асвоіла швейную машыну, стала стаханаўкай, г. зн. норму выконвала на 150—170 %, за што на абед давалі дадаткова кавалачак пірага з ячнай мукі».
Вызваленая ў лютым 1954 года, вярнулася ў Смаргонь. Чатыры месяцы працавала ў геолагаразведкавай партыі на даследаванні смаргонскіх пяскоў. У 1957 выйшла замуж за мужчыну на прозвішча Буцько і выехала да мужа ў Вільнюс. У 1960 годзе нарадзіла сына. У 1964 годзе памерла маці. У 1982 годзе памерла старэйшая сястра Тамара. У 1989 годзе памерла малодшая сястра Вольга. У 1990 годзе памёр бацька. Разам з мужам атрымала 2-ю групу інваліднасці. Яе ўспаміны выкарыстаныя ў кнізе Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».
Жыве ў Вільнюсе.
Зноскі
- ↑ http://www.slounik.org/154950.html Біяграфія Таццяны Юшкевіч
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.