Расціслаў Лапіцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Расціслаў Лапіцкі
Расціслаў Лапіцкі.jpg
Род дзейнасці: кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння: 1 верасня 1928(1928-09-01)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 28 кастрычніка 1950(1950-10-28) (22 гады)
Месца смерці:
Бацька: Аляксандр Якаўлевіч Лапіцкі
Маці: Настасся Жабінская

Расцісла́ў Лапі́цкі (1 верасня 1928, в. Касута, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — 28 кастрычніка 1950, урочышча Красны Беражок каля Вілейкі, БССР) — арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948—1950 гадах. Брат Алега Лапіцкага і Вольгі Лапіцкай.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 1 верасня 1928 года на Вялейшчыне ў шматдзетнай сям'і праваслаўнага святара Аляксандра Лапіцкага з роду Лапіцкіх. Падчас Другой сусветнай вайны з сям'ёй пераехаў на Мядзельшчыну, дзе бацька атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Тут у 1944 Расціслаў пайшоў вучыцца ў толькі што адчыненую Кабыльніцкую сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага — семінарыста Віленскай духоўнай семінарыі — ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай семінарыі. Пасля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў 16-гадовы Расціслаў быў таксама асуджаны, як малалетні, на тры гады зняволення, а старэйшы брат Алег атрымаў дзесяць гадоў. Аднак па амністыі ў сувязі з перамогай над фашысцкай Германіяй у 1945 быў вызвалены з турмы і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў школьнае навучанне.

Пасля смерці бацькі ў 1946 асірацелая сям'я — маці і сын — зімой з 1946 на 1947 перабіраюцца ў Мікасецк непадалёку ад Мядзела, дзе Расціслаў спрабаваў знайсці нейкі заробак пры мясцовай царкве. З Мікасецку ж юнак хадзіў і ў Мядзельскую дзесяцігодку ў 7, 8 і 9 класы.

Антысавецкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Расціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала крылаты выраз юнака: «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — знішчы яе». Сваіх думак і перакананняў не хаваў, з юначым запалам адстойваў іх нават на ўроках.

Нястачы і голад не пакідалі Лапіцкіх у Мікасецку. У пошуках нейкага паратунку восенню 1949 года маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. У Смаргоні Расціслаў пайшоў у дзясятую класу мясцовай школы.

І падчас вучобы ў Мядзельскай школе, і ў Смаргонскай школе Расціслаў збіраў вучнёўскую моладзь, якую аб'ядноўваў антыкамунізм, у антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Пасля масавага з'яўлення ў Смаргоні ў пачатку снежня 1949 антыкамуністычных улётак Расціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

Арышт і прысуд[правіць | правіць зыходнік]

Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанаў Арміі Краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расціслаў не змог выкарыстаць гэты паратунак. У Кабыльніку ж ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутай турме ў Вяленцы, дзе на допытах яго жорстка катавалі. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расціслава, збітага так, што не мог сам ісці, выглядаў на старога дзеда.

Суд над Расціславам Лапіцкім і большасцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падполля адбыўся ў Маладзечне ў чэрвені-ліпені 1950. 1720 ліпеня 1950 г. у Маладзечне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Большасць падсудных трымалася мужна. Асабліва нязломным быў Расціслаў Лапіцкі, яго заключнае слова было абвінавачаннем камуністычнага рэжыму. Кіраўнік браў усю віну на сябе. Ён закідаў камуністам, што тыя прымусам заганяюць людзей у калгасы, душаць непамернымі падаткамі, жорстка караюць за любы пратэст, закрываюць цэрквы і касцёлы. Падсудны не апраўдваўся, а абвінавачваў камуністычны рэжым. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Было асуджана ўсяго дзевятнаццаць чалавек. Двое, Расціслаў Лапіцкі і Факунда Несцяровіч, былі прыгавораны да расстрэлу. Расціслаў адмовіўся ад прапановы прасіць памілавання і з абурэннем сказаў:

«Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба — можаце мяне забіваць. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!».

Зянон, Аўгусцін і Ганна Ахрамовічы, Восіп Блізнюк, Анатоль Карней, Юзаф Качэрга, Эдуард Сташкевіч, Тадэвуш Хацілоўскі, Леакадзія і Часлаў Цыбоўскія, Тамара Юшкевіч — да дваццаці пяці гадоў зняволення. Таццяна Юшкевіч, Канстанцін Іваноўскі, Збігнеў Пашкевіч, Марыя Барташэвіч былі асуджаны да дзесяці гадоў няволі, Часлава Ашукоўская — да васьмі. Адзін з падпольшчыкаў, Генадзь Нафрановіч, падчас затрымання застрэліўся.

Расстраляны ў ноч на 28 кастрычніка 1950 года ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Юзаф Качэрга апавядаў паводле словаў Факунды Несцяровіча, які вярнуўся з сталінскіх канцлагераў, пра апошнія хвіліны жыцця кіраўніка мядзельска-смаргонскага падполля так:

«Восеньскай ноччу Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча павезлі ў падвялейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факунду. А затым тут жа абвясцілі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб яго памілаванні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расціславу. Аднак рашэнне аб памілаванні неабвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму».

Пра расстрэл Расціслава Лапіцкага паведаміў асуджанай па справе мядзельска-смаргонскага падполля Леакадзіі Цыбоўскай і наглядчык маладзечанскай турмы.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

1 верасня 2009 года ва ўрочышчы Красны Беражок грамадскімі актывістамі ўсталяваныя крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Лапіцкага[1]. Па справе ўстаноўкі помніка да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся жыхары Вілейкі Аляксей Сюдак, Уладзімір Малярчук і Аляксандр Наркевіч[2]. Грамадскім актывістам інкрымінавалася парушэнне парадку арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (артыкул 12.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Актывісты былі асуджаныя 2 кастрычніка 2009 года[3]. Штрафам ў 30 базавых велічыняў (1 мільён 50 тысяч рублёў) пакараныя Аляксей Сюдак і Уладзімір Малярчук. Аляксандр Наркевіч мусіў выплаціць дзяржаве 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў). Крыжы неаднаразова знішчаліся невядомымі асобамі[4]. Адноўленыя зноў. У 2009 г. невядомыя зноў паставілі крыж на месцы расстрэлу Лапіцкага. Мясцовы дэмактывіст Аляксей Сюдак казаў: «Памяць пра Лапіцкага знішчыць немагчыма! Пра яго стала вядома ўсёй краіне. І гэта варта нашых штрафаў». Таксама актывіст адзначыў, што ведае выпадак, калі маладыя на вяселлі паехалі ўскласці кветкі не да помніка Леніну ў цэнтры Вілейкі, а на месца расстрэлу Лапіцкага ва ўрочышча Красны Беражок.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997, № 1;