Мядзельска-смаргонскае антыкамуністычнае падполле (1947)
Мядзельска-смаргонскае антыкамуністычнае падполле | |
---|---|
Мядзельска-смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падполле | |
Тэрыторыя дзейнасці | Мядзел, Смаргонь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўнікі | |
Расціслаў Лапіцкі | |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1947 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 1950 |
Мядзельска-смаргонскае антыкамуністычнае падполле — беларуская канспірацыйная антыкамуністычная арганізацыя моладзі, што існавала на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1947—1950 гадах, заснаваная Расціславам Лапіцкім.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадгісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Пад канец Другой сусветнай вайны значныя групы насельніцтва Заходняй Беларусі ўспрынялі маскоўскі камуністычны рэжым як акупацыйны, які прыйшоў на змену нямецкай акупацыі. Краіну запаланілі войскі МДБ і прысланыя з усходу чыноўнікі. Сялянаў і рамеснікаў душылі падаткамі, рознымі паборамі і пазыкамі, а за спробы пратэсту рэпрэсавалі. Ішоў татальны наступ на царкву і касцёл, на беларускую мову і культуру, нішчыліся правы нацыянальных меншасцяў. У 1948—1949 г. распачалося масавае і прымусовае стварэнне калгасаў, якое суправаджалася «раскулачваннем» і рэпрэсіямі земляробаў. У часткі грамадства былі пашыраныя чаканні блізкай вайны, у якой, як спадзяваліся, СССР будзе разгромлены. Усё гэта абвастрала палітычную сітуацыю, выклікала новы ўздым як узброенага супраціву, так і падпольнага антыкамуністычнага руху. У адказ рэжым узмацняў рэпрэсіі, найхарактэрнейшым прыкладам чаго стала аднова смяротнага пакарання, часова скасаваная адразу ж па заканчэнні вайны.
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Мядзельска-смаргонскае антыкамуністычнае падполле пачало сваю гісторыю з Мядзеля. Гурток антыкамуністычна настроенай моладзі ў Мядзельскай сярэдняй школе пачаў складвацца ў 1947 г. пасля з’яўлення там дваццацігадовага вучня Расціслава Лапіцкага. Ён ўжо ў 1944 г. браў удзел у антыкамуністычнай арганізацыі, створанай сярод навучэнцаў Віленскай духоўнай семінарыі і Віленскай беларускай гімназіі: у выніку ён быў арыштаваны пасля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў. 16-гадовы Лапіцкі быў асуджаны як малалетні на тры гады зняволення, аднак быў вызвалены па амністыі ў сувязі з перамогай у Другой сусветнай вайне, а потым вярнуўся на Мядзельшчыну. Менавіта Расціслаў Лапіцкі, як перакананы беларускі нацыяналіст і антыкамуніст, з пэўным досведам падпольнай працы, стаў ідэолагам і пачынальнікам мядзельскай падпольнай арганізацыі. Арганізацыя ў Мядзелі і Смаргоні ня мела аніякай вызначанай структуры, як тое было ў выпадках з Саюзам Беларускіх Патрыётаў ці «Чайкай». Удзельнікі мядзельска-смаргонскага падполля былі глыбока веруючымі каталікамі і праваслаўнымі, большасць іх мела выразную нацыянальную свядомасць — беларускую або польскую, але ўсіх іх яднала і натхняла ідэя змагання з новым акупацыйным рэжымам.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку аднадумцы сустракаліся на кватэрах ці ў Мядзелі, дзе жыла большасць вучняў, ці ў Мікасецку, дзе жыў Расціслаў Лапіцкі. Падпольшчыкі зрабілі радыёпрымач, слухалі заходнія радыёстанцыі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва палітычныя навіны і іншую карыстную інфармацыю, аб якой нельга было даведацца з цэнзураваных савецкіх СМІ. Актыўнасцю ў гуртку вылучаліся мясцовыя вучні Факунда Несцяровіч і Юзаф Качэрга. Усяго ж такіх аднадумцаў набралася да дзясятка хлопцаў і дзяўчат (пераважна вучні) ды маладых мужчын з навакольных вёсак Юшкавічы, Пруднікі, Качаргі, Навасёлкі, Мікасецак, з мястэчка Кабыльнікі. Адначасова на пішучай машынцы, якую меў Юзаф Качэрга, друкавалі ўлёткі і распаўсюджвалі іх па навакольных вёсках. Падпольшчыкі планавалі і больш актыўныя дзеянні: пазней пры ператрусах знайшлі агнястрэльную зброю і выбуховыя матэрыялы. Вядома, што ў падпольшчыкаў был пароль: на прывітанне «Без віны вінаватыя» трэба было адказаць «Ліш бы не свінаватыя!». Першы раз улёткі друкаваліся вясной 1948 г. на друкавальнай машынцы з лацінскім шрыфтам, якую выйграла ў латарэю цётка Юзафа Качэргі падчас працы ў Францыі. Тэксты для ўлётак пісаў Расціслаў Лапіцкі па-беларуску.
Увосень 1949 г. Расціслаў Лапіцкі з маці перабіраецца ў Смаргонь, ратуючыся ад голаду і нястач. У Смаргоні Лапіцкі пайшоў вучыцца ў 10-ы клас мясцовай школы, дзе адразу пачынае актыўную працу па стварэнні падпольнай антыкамуністычнай арганізацыі. Для гэтага ў горадзе і ў навакольных вёсках існавала неабходная абстаноўка пасіўнага і актыўнага супраціву, уключна да лясной партызанкі. Падобная традыцыя захоўвалася і ў самой смаргонскай школе, у якой у 1944—1945 гадах дзейнічала Смаргонская антыкамуністычная група школьнікаў пад кіраўніцтвам Рычарда Юшкевіча. Да падпольнага руху далучылася каля паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 класаў, якія паходзілі з Смаргоні і вёсак раёна, і некаторыя жыхары сталага ўзросту. На школьных перапынках, вечарынах, у клубе, дзе Лапіцкі падзарабляў граннем на піаніне, вялася антыкамуністычная агітацыя. Самі ж падпольшчыкі найчасцей збіраліся ў хаце Цыбоўскіх або Юшкевічаў, дзеці якіх былі актыўнымі ўдзельнікамі арганізацыі. Расціслаў Лапіцкі здолеў вынесці з гарадскога клубу пішучую машынку і запас капіявальнай паперы, што дазволіла арганізаваць друкаваную прапаганду.
5 снежня 1949 г. напярэдадні Дня Канстытуцыі СССР, маладыя людзі аддрукавалі антыкамуністычныя ўлёткі, якія заклікалі людзей не плаціць падаткі, не ўступаць у калгасы, са зброяй у руках супраціўляцца рэжыму. Кожная ўлётка канчалася словамі: «Смерць Сталіну!». Улёткі ноччу былі раскіданыя па горадзе, расклееныя на грамадскіх будынках. Для маладзёнаў асобым шыкам было расклеіць крамольныя ўлёткі на адміністрацыйных будынках, у тым ліку райкаме партыі і сядзібе НКУС. Акрамя таго, падпольшчыкі рыхтаваліся ўзарваць будынак раённай прапагандысцкай друкарні. Сярод мясцовага начальства ўсчаўся пярэпалах, з’явілася шмат супрацоўнікаў МДБ, вайскоўцаў.
Пачаліся сачэнні і росшукі ўдзельнікаў акцыі. Высачыць падпольшчыкаў было даволі лёгка. Зусім маладыя, сярод іх былі непаўналетнія, яны не валодалі сакрэтамі канспірацыі. І хоць асцерагаліся даносчыкаў і стараліся пры чужых не размаўляць пра палітыку, у школе шмат хто здагадваўся пра існаванне арганізацыі. Сам Расціслаў Лапіцкі часта ўступаў у палітычныя спрэчкі з настаўнікамі, задзіраўся з камсамольцамі: аднойчы на ўроку дэманстрацыйна адмовіўся пісаць сачыненне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх маецца свая «Маладая гвардыя», толькі яна за Беларусь. Гэта заява Лапіцкага паслужыла асновай пазнейшага памылковага меркавання, што быццам смаргонская арганізацыя так і называлася.
Арышты і рэпрэсіі
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку снежня 1949 г. Расціслаў Лапіцкі быў арыштаваны, але быў вызвалены праз тыдзень допытаў, бо карныя органы не дабіліся ад юнака прызнання. Па рашэнні падпольнай арганізацыі яе кіраўнік павінен быў перайсці на нелегальнае становішча і пакінуць Смаргонь. Пасля гэтага Лапіцкі таемна перабіраецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах, Качаргох. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў ягоны паплечнік з Смаргоні Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанаў Арміі Краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак цяжка хворы Расціслаў ня змог выкарыстаць гэтую магчымасць, таму ў Кабыльніку яго ізноў арыштавалі.
У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у хаце Цыбоўскіх была зроблена засада савецкіх карных ворганаў. Спецслужбы затрымлівалі ўсіх, хто прыходзіў, таму была арыштавана і частка падпольшчыкаў. У лютым—сакавіку 1950 г. арыштаваных набралася больш паўтара дзясятка, у тым ліку і з Мядзельшчыны. Сябра мядзельскай арганізацыі Генадзь Нафрановіч з Юшкавічаў пры спробе затрымання застрэліўся. У кіпцюры МДБ трапілі ня ўсе ўдзельнікі падпольнага руху, некаторых удалося схаваць. Тым больш, што ніякіх спісаў арганізацыі карным органам знайсці не ўдалося.
Юнакоў і дзяўчат трымалі ў сутарэннях Маладзечанскай і Вялейскай турмаў. Следчыя на допытах лютавалі неміласэрна, а асабліва катаваў следчы Пахомаў. Як потым сведчыў Часлаў Цыбоўскі, іголкі пад пазногці былі ня самым страшным катаваннем. Дзяўчат мучылі менш, але хлопцам-удзельнікам падпольнага руху выбівалі зубы і ламалі рэбры, садзілі на ножкі табурэткі, трымалі пад кроплямі халоднай вады да страты прытомнасці і мяжы вар’яцтва.
17—20 ліпеня 1950 г. у Маладзечне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Большасць падсудных трымалася мужна. Асабліва нязломным быў Расціслаў Лапіцкі, яго заключнае слова было абвінавачаннем камуністычнага рэжыму. Кіраўнік браў усю віну на сябе. Ён закідаў камуністам, што тыя прымусам заганяюць людзей у калгасы, душаць непамернымі падаткамі, жорстка караюць за любы пратэст, закрываюць цэрквы і касцёлы. Падсудны не апраўдваўся, а абвінавачваў камуністычны рэжым. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
У начы з 27 на 28 кастрычніка 1950 г. Расціслаў Лапіцкі быў расстраляны ў лесе пад Вілейкай. Юзаф Качэрга апавядаў паводле словаў Факунды Несцяровіча, які вярнуўся з сталінскіх канцлагераў, пра апошнія хвіліны жыцця кіраўніка мядзельска-смаргонскага падполля так:
«Восеньскай ноччу Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча павезлі ў падвялейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факунду. А затым тут жа абвясцілі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб яго памілаванні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расціславу. Аднак рашэнне аб памілаванні неабвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму».
Сваё пакаранне асуджаныя адбывалі ў канцлагерах Сібіру і Казахстану, на лесапавале, будаўнічых работах, у шахтах і на рудніках. Пасля смерці Сталіна яны ў сярэдзіне 50-х былі вызваленыя. Па вяртанні з канцлагераў частка засталася ў Беларусі, частка выехала ў Польшчу, Літву, Украіну.[2]
Вядомыя сябры арганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя наступныя сябры арганізацыі, якія атрымалі розныя пакаранні:
Імя | Група | Пакаранне |
---|---|---|
Расціслаў Лапіцкі | кіраўнік мядзельска-смаргонскай арганізацыі | расстрэл |
Зянон Ахрамовіч | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Аўгусцін Ахрамовіч | селянін з-пад Смаргоні | 25 гадоў зняволення |
Ганна Ахрамовіч | сялянка з-пад Смаргоні | 25 гадоў зняволення |
Часлава Ашукоўская | Смаргонская школа | 8 гадоў зняволення |
Марыя Барташэвіч | Смаргонская школа | 10 гадоў зняволення |
Восіп Блізнюк | Смаргонскі раён | 25 гадоў зняволення |
Зося Гіль | Мядзельскі раён | - |
Іван Грачанік | Мядзельскі раён (Унукі) | - |
Канстанцін Іваноўскі | Смаргонская школа | 10 гадоў зняволення |
Анатоль Карней | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Юзаф Качэрга | Мядзельская школа | 25 гадоў зняволення |
Альфон Кундра | Мядзельскі раён (Крапіўна) | быў зняволены па іншай справе |
Софія Лапыцька | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Генадзь Нафрановіч | Мядзельская школа | застрэліўся падчас затрымання |
Факунда Несцяровіч | Мінскі палітэхнікум | расстрэл, заменены на 25 гадоў зняволення |
Ірына Паўлючонак | Мядзельскі раён (Юшкавічы) | - |
Збігнеў Пашкевіч | Смаргонская школа | 10 гадоў зняволення |
Браніслаў Пісарчык | Мядзельская школа | - |
Эдуард Сташкевіч | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Тадэвуш Хацілоўскі | Смаргонь | 25 гацоў зняволення |
Леакадзія Цыбоўская | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Часлаў Цыбоўскі | Смаргонская школа | расстрэл, заменены на 25 гадоў зняволення |
Тамара Юшкевіч | Смаргонская школа | 25 гадоў зняволення |
Таццяна Юшкевіч | Смаргонская школа | 10 гадоў зняволення |
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. Расціслаў Лапіцкі — з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997, № 1;
- Чарняўскі М. Да гісторыі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Менск, 27-28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Апазыцыя ў Беларусі (1944—1953). Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле
- Белсат. Валеры Мазынскі. Як пошуг маланкі, дак. фільм