Перайсці да зместу

Трапло

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жанчына працуе з траплом

Трапло́[1][2][3], трапушка[1], трапачка[4] — прылада для ачышчэння (трапання) ільнянога ці канаплянага валакна ад кастры. На тэрыторыі ўсходніх славян вядомы з VII стагоддзя[1][2].

Трапло ўяўляе сабой дошчачку шырынёй 6—8 (7—15[5]) см і даўжынёй 40—45 (50—70[5]) см з дзяржальняй. Выраблялася з дуба, бярозы, клёну[5]. Мела форму нажа, клінка, мяча або рыдлёўкі. Для апрацоўкі канопляў ўжывалі трапалы больш цяжкія. Форма трапалаў вызначалася мясцовымі традыцыямі. Часта трапалы ўпрыгожваліся арнаментамі, разьбой. Дзяржальню (ручку) трапала часам рабілі пустацелай і затыкалі коркам. У яе часта закладвалі сухі гарох або шрот з металічнай пласцінай. Такое трапала у працэсе працы рытмічна гучала, і трапальшчыцы карысталіся ім з задавальненнем.

Працавалі з трапалам звычайна дзяўчаты і жанчыны стоячы. Бралі ў левую руку пучок змятых на мялцы сцёблаў, у правую — трапала, якім наносілі па пучку шэраг частых і моцных удараў то з аднаго, то з другога боку, робячы сустрэчныя рухі левай рукой. Пучок трымалі заўсёды ў адным месцы. Удары наносілі ў сярэдзіну пучка, а трапала пры гэтым павінна было лёгка слізгаць па пучку ўніз.

У спецыяльных майстэрнях выкарыстоўвалі прыстасаванне, запазычанае ў Бельгіі[5]. Яно ўяўляла сабой даволі шырокую дошку, вертыкальна ўбітую ў драўляную ўстойліваю падстаўку. Дошка ў верхняй сваёй частцы мела гарызантальны прарэз, праз які перакідваўся пучок мятых сцёблаў, канец якога прытрымліваўся трапальшчыцай, а доўгі спускаўся ўздоўж дошкі і апрацоўваўся трапалам. Каля дошкі паміж двума стойкамі была нацягнута вяроўка, ад якой трапала, апусціўшыся ўніз, рэзка адскоквала, што палягчала працу.

Слова «трапло» выкарыстоўваюць таксама ў пераносным сэнсе ў размоўнай рэчы, пазначаючы чалавека, які гаворыць лухту, бязглуздзіцу, многа гаворыць[3].