Трылінка
Трылінка — дарожнае пакрыццё ў выглядзе пліткі шасціграннай формы. Вынайдзеная і запатэнтаваная польскім інжынерам Уладыславам Трылінскім. Выкарыстоўвалася ў 1935—1939 гадах у Брэсце, іншых гарадах Палескага і іншых ваяводстваў міжваеннай Польшчы. Плітка мела 6 граняў па 20 сантыметраў, таўшчыню 15—20 сантыметраў. Трылінка выраблялася ў металічных формах, у якія закладалі колаты базальтавы камень — спярша па кутах, пасля па перыметры і, урэшце, у сярэдзіне. Нарыхтоўка залівалася на палову вышыні росчынай высокай маркі і на палову — бедным бетонам. Клалі трылінку трывалай каменнай асновай угору. Для кромкі дарогі каля бардзюраў выкарыстоўвалася асаблівая пяцігранная форма пліткі.
У Брэсце плітку выраблялі побач з гарадскім паркам. Для вытворчасці выкарыстоўвалі чорную базальтавую пароду ў буйных кавалках, якую прывозілі з кар’ера Янава Даліна на тэрыторыі цяперашняй Ровенскай вобласці. Аддзел, створаны з беспрацоўных, калоў гэтыя кавалкі да патрэбнага памеру.
Трылінку ўжывалі таксама на будаўніцтве дарогі Кобрын — Пінск. Захаваліся пяць кіламетраў трылінкі пад Пінскам. Вытворчасць пліткі была арганізаваная таксама і ў Пінску, вёсках Снітава і Агдэмер. У гонар сканчэння будаўнітва дарогі на выездзе з Пінска быў усталяваны помнік з базальту, які прымяняўся ў вытворчасці трылінкі.