Сутыкняльнае ўзбуджэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ударнае ўзбуджэнне)

Сутыкняльнае ўзбуджэнне — адзін з працэсаў, у выніку якога ў спектры эмісійных туманнасцейпланетарных туманнасцей або абласцей H II — узнікаюць лініі выпускання.

У гэтых астранамічных аб'ектах большая частка атамаў іанізуецца фатонамі, якія выпраменьваюцца гарачымі зоркамі, размешчанымі ўнутры туманнасці. Ад атамаў пры гэтым аддзяляюцца электроны (званыя фотаэлектронамі), якія могуць сутыкацца з іншымі атамамі ці іонамі, прыводзячы іх ва ўзбуджаны стан. Калі ж узбуджаныя атамы вяртаюцца ў асноўны стан, яны выпраменьваюць фатон.

Такія лініі могуць назірацца толькі ў газах вельмі нізкай шчыльнасці (звычайна меншай за некалькіх тысяч часціц на кв. см). Пры больш высокіх шчыльнасцях адбываецца адваротны працэс сутыкняльнага дэўзбуджэння (тушэння), і атамы не паспяваюць выпраменьваць фатоны. Нават самы разрэджаны газ, атрыманы ў зямных умовах, занадта шчыльны, каб у яго спектры з'явіліся гэтыя лініі (таму пазней яны атрымалі назву забароненых ліній). Калі Уільям Хагінс упершыню вывучыў спектр туманнасці Кацінае Вока і выявіў лініі, якія не належалі ніводнаму вядомаму элементу, ён прыпісаў іх новаму элементу — небулію. Урэшце апынулася, што гэтыя лініі належаць двойчы іанізаванаму кіслароду, які знаходзіўся ў вельмі разрэджаным стане.

Лініі, выкліканыя сутыкняльным узбуджэннем, маюць важнае значэнне для даследаванняў газавых туманнасцей, таму што з іх дапамогай можна вымерыць шчыльнасць і тэмпературу газу.

Працэс сутыкняльнага ўзбуджэння падобны да катодалюмінесцэнцыі. І ў тым, і ў іншым працэсе атамы ўзбуджаюцца з-за сутыкнення з электронамі, аднак катодалюмінесцэнцыя выклікаецца штучна (прамым апрамяненнем электронамі, а не святлом), яна не з'яўляецца спантаным працэсам, можа назірацца ў (адносна) шчыльных газах.