Улада
Ула́да — здольнасць і магчымасць індывіда або пэўнай групы ажыццяўляць сваю волю, уздзейнічаць на характар і кірунак дзейнасці, паводзіны іншых людзей, незалежна ад іх згоды або нязгоды. Ажыццяўляецца праз эканамічныя, ідэалагічныя і арганізацыйна-прававыя механізмы, а таксама з дапамогай прымусу, аўтарытэту, традыцый і г.д. Улада забяспечвае правапарадак, прызнаны ў дадзеным грамадстве.
Крыніцы і метады рэалізацыі ўлады
[правіць | правіць зыходнік]Крыніц улады значны шэраг. Агульнапрызнаная крыніца — сіла, таму ў свядомасці многіх людзей улада атаясняецца з гвалтам. Да значных крыніц улады адносяць таксама здольнасці асобы пэўнага лідара, багацце і грамадскае становішча носьбітаў улады, іх веды і інфармаванасць.
Джын Шарп вылучае наступныя неабходныя крыніцы палітычнай улады:
- Аўтарытэт — упэўненасць людзей, што ўлада з’яўляецца законнай і што іх маральны доўг падпарадкоўвацца ёй;
- Чалавечыя рэсурсы — колькасць і значнасць асоб і груп, якія падпарадкоўваюцца, супрацоўнічаюць ці прапануюць дапамогу ўладарам;
- Практычны вопыт і веды, неабходныя рэжыму для выканання канкрэтных дзеянняў, якія даюць асобы і групы, якія супрацоўнічаюць з рэжымам;
- Нематэрыяльныя фактары — псіхалагічныя і ідэалагічныя фактары, што прымушаюць людзей падпарадкоўвацца і дапамагаць уладам;
- Матэрыяльныя рэсурсы — ступень кантролю ці доступу ўладароў да маёмасці, прыродных рэсурсаў, фінансавых рэсурсаў, эканамічнай сістэмы, а таксама сродкаў сувязі і транспарту;
- Санкцыі — неабходныя для існавання рэжыму і правядзення яго палітыкі пакаранні ці пагрозы ў пакаранні, што прымяняюцца супраць непакорлівых альбо тых, хто адмаўляецца супрацоўнічаць[1].
Сярод метадаў рэалізацыі ўлады асаблівае месца займае фізічны і псіхічны прымус. Першы заключаецца ў прамым навязванні сацыяльным суб’ектам пэўнага кшталту паводзін, другі — гэта пагроза ім негатыўнымі вынікамі ў выпадку ўхілення ад навязваемых паводзін. Носьбіты ўлады выкарыстоўваюць таксама прыёмы пераканання і заахвочвання, уздзеяння аўтарытэтам і г.д.
Віды ўлады
[правіць | правіць зыходнік]У сучасным грамадстве сярод адпаведных інструментаў і прыёмаў уладарання вылучаюць некалькі відаў улады: палітычная, эканамічная, сацыяльная, бацькоўская, культурна-інфармацыйная.
Найбольш важная сярод іх палітычная ўлада як рэальная здольнасць класа, сацыяльнай групы або індывіда праводзіць сваю волю, якая вызначаецца аб’ектыўнымі патрэбнасцямі і інтарэсамі, з дапамогай прававых палітычных норм і спецыяльнага інстытута — дзяржавы. Палітычная ўлада выконвае толькі ўласцівыя ёй функцыі — кіраванне грамадствам, падтрыманне парадку і стабільнасці, дасягненне грамадскай згоды, рэгуляванне паводзін людзей, выяўленне, абмежаванне і вырашэнне канфліктаў і да т.п. Для ажыццяўлення гэтых функцый палітычная ўлада афармляецца ў пэўныя дзяржаўныя і палітычныя структуры. Найважнейшым пытаннем палітычнай улады з’яўляецца раздзяленне яе на выканаўчую, заканадаўчую і судовую[2].
Зноскі
- ↑ Джын Шарп. Неабходныя крыніцы палітычнай улады // Ад дыктатуры да дэмакратыі. — Бостан: Інстытут імя Альберта Энштэйна, 2005. — С. 19-20. — 64 с. Архівавана 30 лістапада 2016.
- ↑ Ігар Катляроў. Улада // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2003. — Т. 16. — С. 210. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Катляроў І. Улада Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).