Уцёкі з Нью-Ёрка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уцёкі з Нью-ЁркаM:
Escape from New York
Постар фільма
Жанр навуковая фантастыка
баявік
постапакаліптыка
Рэжысёр Джон Карпэнтэр
Прадзюсар Дэбра Хіл
Лары Джэй Франка
Сцэнарыст Джон Карпэнтэр
Нік Касл
У галоўных
ролях
Курт Расэл
Лі ван Кліф
Эрнэст Боргнэйн
Дональд Плэзанс
Айзэк Хэйз
Гары Дын Стэнтан
Адрыен Барбо
Том Эткінс
Аператар Дын Кандзі
Джым Лукас
Кампазітар Джон Карпэнтэр
Алан Ховарт
Кінакампанія Goldcrest Films
AVCO Embassy Pictures
Працягласць 99 хвіліна
Бюджэт $ 6,0 млн
Зборы $ 25,24 млн
Краіна Сцяг ЗША ЗША
Мова Англійская
Год 1981
Папярэдні фільм
Наступны фільм Уцёкі з Лос-Анджэлеса
IMDb ID 0082340
Афіцыйны сайт (англ.)

«Уцёкі з Нью-Ёрка» (англ.: Escape from New York) — амерыканскі навукова-фантастычны баявік 1981 года ад рэжысёра Джона Карпэнтэра. Падзеі разгортваюцца ў 1997 годзе ў Злучаных Штатах, якія загразлі ў бандытызме і пераўтварылі востраў Манхэтэн ў турму спецыяльнага рэжыма. Былы салдат Снэйк Пліскін павінен за 22 гадзіны знайсці і выратаваць прэзідэнта ЗША і запіс яго прамовы, пасля таго як самалёт прэзідэнта патрапіў у катастрофу пасярод вострава-турмы.

Сцэнарый для фільма быў напісаны Джонам Карпэнтэрам яшчэ ў сярэдзіне 1970-х гадоў, як рэакцыя на Уотэргейцкі скандал, але ён не змог пераканаць спонсараў у неабходнасці зняць фільм. Але ў пачатку 1980-х гадоў у Карпэнтэра было дастаткова сродкаў і ўплыву, каб рэалізаваць сцэнарый. Дапрацаваць сцэнарый фільма Карпэнтэру дапамог Нік Касл, з якім Карпэнтэр ужо супрацоўнічаў падчас здымак «Хэлоўіна» (1978).

Фільм таксама з’яўляецца прыкладам стужкі з невялікім бюджэтам, якая атрымала вялікі камерцыйны поспех, а потым зрабілася культавай.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Турма на востраве Манхэтэн была створана як рэакцыя на хвалі гвалта і бандытызма, якія ўзраслі на 400 % і накрылі Злучаныя Штаты ў 1970-80-х гадах. Усе вязні турмы асуджаныя на пажыццёвае зняволенне і не маюць аніякіх шанцаў калі-небудзь выйсці з турмы. Востраў аточаны 15-метровым мурам, а ўсе тунэлі і масты, якія вядуць у Манхэтэн, зруйнаваны ці замініраваны, каб не даць нікому збегчы. Востраў рэгулярна патрулюецца па вадзе, але паліцыі і ахове забаронена высаджвацца на востраў.

Тым часам ідзе Трэцяя Сусветная Вайна, і амерыканскі прэзідэнт (Дональд Плэзанс) вяртаецца з трохбаковага саміта паміж ЗША, СССР і Кітаем. Самалёт прэзідэнта атакуюць тэрарысты, але таму ўдаецца выратавацца ў спецыяльнай выратавальнай капсуле, якая прызямляецца ў цэнтры Манхэтэна. Вязні турмы захопліваюць прэзідэнта ў палон і патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць усіх, хто знаходзіцца на востраве.

Для выратавальнай місіі камісар паліцыі Нью-Ёрка Боб Хаўк (Лі ван Кліф) вырашае прыцягнуць былога салдата спецыяльнага падраздзялення амерыканскага войска, які пайшоў крымінальным шляхам, Снэйка Пліскіна (Курт Расэл). У абмен на згоду Хаўк прапануе Пліскіну зняць з таго ўсе абвінавачванні. Пліскін неахвотна пагаджаецца выканаць місію, але, нягледзячы на гэта, Хаўк робіць яму прышчэпку-імплант мікраскапічных выбуховак, якія выбухнуць праз 24 гадзіны ў соннай артэрыі. Так Хаўк вырашае пераканацца, што Пліскін не кіне выкананне задання і не ўцячэ. Выбухоўкі можна абясшкодзіць толькі за 15 хвілін да заканчэння 24-гадзіннага тэрміна і толькі з дапамогай рэнтгенаўскага выпраменьвання.

Пліскін прызямляецца на глайдэры-невідзімцы на даху Сусветнага Гандлёвага Цэнтра і пачынае пошукі прэзідэнта. Неўзабаве ён сустракае кіроўцу мясцовага таксі Кэбі (Эрнэст Боргнейн), які адвозіць таго да Гаральда Хэлмана (Гары Дын Стэнтан) па мянушцы Мозг. Апошні з’яўляецца сябрам самага буйнога хаўруса бандытаў турмы пад кіраваннем самаабвешчанага Герцага Нью-Ёрка (Айзэк Хэйс). Герцаг трымае прэзідэнта ў закладніках з намерам выкарыстоўваць яго ў якасці жывога шчыта падчас уцёкаў з Манхэтэна праз мост на 69-й вуліцы. Пліскін разам з Мозгам і яго дзяўчынай Мэгі (Адрыен Барбо) пранікаюць у лагер Герцага з намерам вызваліць прэзідэнта, але самі трапляюць у палон.

Пліскіна прымушаюць біцца на рынгу дзеля забавы, у той час як Мозг і Мэгі акручваюць памочніка Герцага Рамэра, забіваюць таго і ўцякаюць з прэзідэнтам. Пліскін далучаецца да ўцекачоў, якім дапамагае Кэбі на сваім таксі. Яны намагаюцца праехаць праз замініраваны мост, у той час як Герцаг пераследуе іх са сваімі саюзнікамі. Таксі Кэбі трапляе на міну і ўшчэнт разбіваецца. Кэбі гіне падчас выбуху, Мозг неўзабаве таксама падрываецца на міне, і Мэгі вырашае застацца з ім. Пліскін разам з прэзідэнтам дабіраюцца да мура. Прэзідэнта падымаюць першага, і ён застрэльвае Герцага. Пліскіна таксама ратуюць і абясшкоджваюць выбухоўкі ў яго крыві.

Хаўк прапануе Пліскіну працаваць на яго, але той адмаўляецца. Прэзідэнт вырашае прадэманстраваць запіс прамовы з нагоды саміта, якая павінна эскаліраваць вайну далей, але на касеце аказваецца запіс песні ў стылі свінг. Пліскін сыходзіць і па дарозе знішчае касету з сапраўднай прамовай.

У ролях[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Курт Расэл Боб «Снэйк» Пліскін
Лі ван Кліф Боб Хаўк
Эрнэст Боргнэйн Кэбі
Дональд Плэзанс прэзідэнт ЗША
Айзэк Хэйс Герцаг Нью-Ёрка
Гары Дын Стэнтан Гаральд «Мозг» Хэлмэн
Адрыен Барбо Мэгі
Том Адкінз Рэм
Фрэнк Даблдэй Рамэра

Здымачны працэс і пракат[правіць | правіць зыходнік]

Знайсці месца для здымак было вельмі цяжкай задачай для Карпэнтэра, якому трэба было паказаць постапакаліптычны, брудны і напалову разбураны Нью-Ёрк. Здымаць непасрэдна ў Нью-Ёрку было б цяжка, бо немагчыма было знайсці патрэбных планаў. Таму было вырашана камандзіраваць менеджара па падбору мясцовасці для здымкаў у падарожжа з мэтай знайсці самы дрэнны горад у ЗША. У выніку на ролю Нью-Ёрка выбралі горад Іст-Сент-Луіс у штаце Ілінойс, таму што ў ім прысутнічалі неабходныя панарамы з разбуранымі і бруднымі дамамі, якія перажылі вялікі пажар 1976 года. Мост на 69-й вуліцы таксама знайшлі ў Іст-Сент-Луісе.

Фільм выйшаў у пракат 23 мая 1981 года ў Японіі. Амерыканская прэм’ера адбылася 10 ліпеня 1981 года. На першым тыдні праката фільм амаль што акупіў усе сродкі, якія былі затрачаны на здымкі. У выніку фільм акупіў свой бюджэт больш чым у 4 разы.

Сіквел[правіць | правіць зыходнік]

У 1996 годзе Карпэнтэр зняў своеасаблівы сіквел Уцёкаў з Нью-Ёрка пад назвай Уцёкі з Лос-Анджэлеса з Куртам Расэлам у галоўнай ролі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]