Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з У. С. Амельянюк)
Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк
руск.: Владимир Степанович Омельянюк
Дата нараджэння 20 мая 1917(1917-05-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 мая 1942(1942-05-26) (25 гадоў)
Месца смерці
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
Герой Савецкага Саюза
ордэн Леніна

Уладзімір Сцяпанавіч Амельяню́к[1] (руск.: Владимир Степанович Омельянюк; 20 мая 1917, Дно, Пскоўская губерня — 26 мая 1942, Мінск) — адзін з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля ў Мінску ў час Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1965).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 20 мая 1917 года ў пасёлку Дно Порхаўскага павета Пскоўскай губерні. У 1922 годзе сям’я пераехала ў Мінск[2].

Ва ўзросце 18 гадоў быў прызначаны адказным сакратаром Дзяржынскай раённай газеты. Паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў на практыцы ў Беластоку[2]. Пешшу вярнуўся ў Мінск. Жонка і сын эвакуяваліся, іх далейшы лёс невядомы. Са жніўня 1941 года пачаў дзейнасць у складзе Камароўскай падпольнай партыйнай групы, у лік арганізатараў якой уваходзіў яго бацька[2]. Займаўся напісаннем і распаўсюджаннем лістовак, падтрымліваў сувязь з партызанамі Мінскай вобласці і Дзяржынскім камуністычным падполлем, дапамагаў уцёкшым з палону чырвонаармейцам выйсці з горада.

З мая 1942 года У. Амельянюк — член Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б і прызначаны рэдактарам падпольнай газеты «Звязда». Пасля выхаду першага нумара газеты акупанты кінулі вялікія сілы агентаў і правакатараў на пошук рэдакцыі і тыпаграфіі.

26 мая 1942 года (на восьмы дзень пасля выхаду газеты) У. С. Амельянюк быў забіты ў Міхайлаўскім завулку ў Мінску[2]. У той дзень падпольшчык пайшоў у аптэку, каб набыць лекі для партызанаў. Калі ён выйшаў, то адчуў, што за ім сочаць. Забіты ў выніку перастрэлкі.[3].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

  • Бацька — Сцяпан Кандрацьевіч Амельянюк, арганізатар Камароўскай падпольнай партыйнай групы Мінска, пакараны фашыстамі 3 мая 1942 года.
  • Маці — Паліна Сцяпанаўна Амельянюк, правадніца ў партызанскія атрады, памерла ў 1945 годзе.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года У. С. Амельянюку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза і ён узнагароджаны Ордэнам Леніна.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Імем Героя названы вуліцы ў Мінску, Дзяржынску, Дно. У Мінску, непадалёк ад месца, дзе загінуў У. С. Амельянюк, устаноўлены памятны знак, а на доме, дзе ён жыў, — мемарыяльная дошка. 9 мая 1974 года ў пасёлку Самахвалавічы Мінскай вобласці ўстаноўлены бюст.

Матэрыялы пра сям’ю падпольшчыкаў Амельянюкоў прадстаўлены ў экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і школьным музеі Самахвалавіцкай школы.

Зноскі

  1. Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 34. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  2. а б в г Герой Советского Союза Владимир Степанович Омельянюк (руск.) // Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
  3. Мемарыяльная «Звязда»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 34. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1988. — Т. 2 /Любов — Ящук/. — 863 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-203-00536-2. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]