«Амерыка» (ісп.: América) — мексіканскі футбольны клуб з горада Мехіка, які выступае ў Лізе MX, найвышэйшым дывізіёне мексіканскага футбола. Заснаваны ў 1916 годзе і належыць медыякампаніі Televisa. Хатнія матчы клуб праводзіць на стадыёне «Ацтэка», найвялікшай спартыўнай арэне ў Мексіцы і ўсёй Лацінскай Амерыцы. Клуб з’яўляецца шматразовым чэмпіёнам краіны і адным з самых тытулаваных калектываў у Мексіцы[1] Самым прынцыповым супернікам «Амерыкі» з’яўляецца клуб «Гвадалахара», вядомы па мянушцы «Чывас». Супрацьстаянне «Амерыкі» і «Гвадалахары» — самае важнае ў мексіканскім футболе. Яно мае назву Суперкласіка.
«Амерыка» была заснавана студэнтамі двух сталічных каледжаў 12 кастрычніка1916 года, у гадавіну высадкі Хрыстафора Калумба на амерыканскі кантынент. У гонар гэтай падзеі клуб і атрымаў сваю назву. Заснавальнікам лічыцца Рафаэль Гут’ерэс, які некаторы час гуляў за каманду, а затым быў яе трэнерам. Другая палова 1920-х гадоў была лепшай у эпоху аматарскага футболу Мексікі. «Амерыка» чатыры разы запар стала чэмпіёнам і яшчэ двойчы заняла другое месца. На Алімпіядзе 1928 года і чэмпіянаце свету 1930 года каманда з’яўлялася базавым клубам зборнай Мексікі.