Ферганскі хрыбет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ферганскі хрыбет — горны хрыбет у Цянь-Шані (Кыргызстан). Аддзяляе Ферганскую катлавіну ад Унутранага Цянь-Шаня. Даўжыня — 225 км. Вышыня — да 4692 м. Паўднёва-заходні схіл доўгі і спадзісты, паўночна-заходні — кароткі, круты. Складзены сланцамі, пясчанікамі, вапнякамі і іншымі асадкава-метамарфічнымі тоўшчамі, прарванымі інтрузіямі габра і дыябазу. Сучаснае аблядненне пераважна на паўднёвым усходзе (больш за 150 леднікоў). Агульная плошча абляднення каля 125 км². На паўднёва-заходнім схіле масівы лясоў з грэцкага арэха, вышэй — цёмнахваёвыя і арчовыя лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. Вугальныя, у перадгор'ях нафтавыя радовішчы.