Форма дзяржавы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Форма дзяржавы: арганізацыя і ўладкаванне дзяржаўнай улады, якія абумоўленыя існасцю (сутнасцю) і сацыяльным прызначэннем дзяржавы, і ў якіх адлюстроўваюцца гістарычныя, эканамічныя, нацыянальныя асаблівасці, узровень развіцця дэмакратыі і культуры адпаведнага грамадства. Адно з самых важных паняццяў дзяржавазнаўства і правазнаўства.[1]

Існуюць і іншыя вызначэнні гэтага паняцця: сукупнасць формы кіравання і формы дзяржаўнага ўладкавання, прычым палдітычны рэжым разглядаецца як з'ява, што вызначае сутнасць дзяржавы (С. С. Аляксееў); дынамічны (палітычны рэжым) і статычны (формы праўлення і дзярж. уладкавання) аспекты дзяржавы, якая разглядаецца як функцыянальная (дынамічная) і арганізацыйная (статычная) сістэма (Л. І. Каск).

Гістарычны працэс развіцця дзяржаў характарызуецца вялікай колькасцю форм. У межах аднаго тыпу дзяржавы могуць сустракацца розныя формы арганізацыі і дзейнасці дзяржаўнай улады, а дзяржавы рознага тыпу могуць увасабляцца ў аднолькавую форму. Своеасаблівасць канкрэтнай формы дзяржавы ў пэўны гістарычны перыяд вызначаецца найперш, ступенню сталасці грамадскага і дзяржаўнага жыцця, задачамі і мэтамі, якія ставіць перад сабою дзяржава. Інакш кажучы, катэгорыя «форма дзяржавы» непасрэдна залежыць ад свайго зместу, і ім вызначаецца.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паняцце «форма дзяржавы» прыцягвала ўвагу вучоных і мысліцеляў з антычных часоў. Першыя спробы класіфікацыі дзяржаў па адмысловых крытэрыях былі зробленыя Платонам, Арыстоцелем, Палібіем і інш., фактычна пачынаючы станаўленне тэарэтычных уяўленняў пра форму дзяржавы. Некаторыя антычныя катэгорыі дзяржаў гэта манархія, арыстакратыя і паліція Арыстоцеля. У сярэднявеччы навукоўцы звычайна адрознівалі манархію і рэспубліку, і такая класіфікацыя заставалася пануючай у палітыка-прававой навуцы да канца 19 ст. Іншым доўгатрывалым шаблонам навуковых поглядаў было атаясамленне формы дзяржавы з формай праўлення.

У 20 ст. марксісцкія навукоўцы рабілі спробы вызначаць форму дзяржавы ў сувязі з яе тыпам (фармацыйны падыход), класавай структурай, эканамічным базісам грамадства і г.д. Пад 1980-я гг. у савецкай літаратуры замацавалася думка пра форму дзяржавы, як інстытут, які складаецца з формы праўлення і формы дзяржаўнага ўладкавання. У 2000-я гг. у пост-савецкай (але і ў заходняй) навуковай літаратуры асноўнай з'яўляецца думка, згодна якой форма дзяржавы структурна складаецца з формы праўлення, формы дзяржаўнага ўладкавання і дзяржаўна-прававога рэжыму.

Зноскі

  1. Вішнеўскі, С.7—10.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Палітычны рэжым — элемент формы дзяржавы, яго паняцце, сутнасці і разнавіднасці // Асаблівасці палітыка-прававога рэжыму савецкай дзяржавы і яго вытокі (1917—1953 гг.) / А. Ф. Вішнеўскі. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мінск : Тэсей, 2006. — 328 с. ISBN 985-463-216-4