Форум Веспасіяна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
План Імператарскіх форумаў, форум Веспасіяна крайні справа

Форум Міру, або Веспасіяна (лац.: Forum Vespasiani) — адзін з імператарскіх форумаў у Рыме, пабудаваны ў 7175 гг. н.э. Рабірыем для імператара Веспасіяна пасля Іўдзейскай вайны. Прызначаўся для захоўвання трафеяў з Іерусаліма і вывезеных з Грэцыі твораў мастацтва і нагадваў музей[1].

Форум Веспасіяна быў размешчаны паміж Калізеем і Свяшчэннай дарогай[1], з усходняга боку ад форума Нервы на месцы старога харчовага рынку (macellum), які згарэў пры пажары 64 г. н.э.[2], ён меў амаль квадратную форму (115х125 м)[1] і быў абнесены сцяной з пеперыну[2]. Звернутая да форума Аўгуста сцяна з уваходамі была падзелена знутры прыстаўнымі калонамі, а ўздоўж іншых сцен праходзіў порцік[1] з калонамі з афрыканскага мармуру[2]. У цэнтры плошчы быў разбіты сад, зеляніна якога служыла цудоўным фонам для расстаўленай там скульптуры.

Порцік храма Міру
Цагляная сцяна, на якой знаходзіўся мармуровы план Рыма.

Насупраць уваходу, за порцікамі, у сад раскрываліся каланадамі тры памяшканні: высокае сярэдняе — храм Міру (лац.: Templum Pacis) і меншыя, бакавыя — бібліятэкі[1]. Памеры вялікай залы храма Міру складалі 34 м на 22 м. Храм Міру верагодна служыў гарадской прэфектурай. На сцяне гэтага будынка быў прымацаваны мармуровы план Рыма (лац.: Forma Urbis Romae) эпохі Севераў[2].

Адна з бібліятэк захавалася ў складзе сярэдневяковай царквы Касмы і Даміяна, злучаная пазней з гераонам Ромула. Новым у кампазіцыі форума было тое, што храм, хоць і вылучаны вышынёй і порцікам, які злёгку выступаў, не адыгрываў ужо вызначальнай ролі ў ансамблі плошчы, а сама плошча з суцэльнай лініяй порцікаў у глыбіні стала больш замкнёнай[1].

Форум згарэў у 192 г. н.э., але некаторыя з твораў мастацтва, якія захоўваліся тут, магчыма, захаваліся. Форум быў адрэстаўраваны Септыміем Северам[2].

У снежні 2015 года, пасля васьмі месяцаў працы, з дапамогай метаду анастылазу былі адноўлены сем калон форума[3].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]