Чанел
Чанел | |
---|---|
англ. Channel | |
Характарыстыкі | |
Найбуйнейшы востраў | востраў Санта-Круз |
Агульная плошча | 908,8 км² |
Найвышэйшы пункт | 740,4 м |
Насельніцтва | 4 096 чал. (2009) |
Шчыльнасць насельніцтва | 4,51 чал./км² |
Размяшчэнне | |
34°00′58″ пн. ш. 119°48′14″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ча́нел (англ.: Channel) — група з 8 астравоў каля паўднёвага ўзбярэжжа амерыканскага штата Каліфорнія. 5 астравоў уваходзяць у склад аднайменнага нацыянальнага парка. Агульная плошча — 908,8 км². Насельніцтва (2009 г.) — 4096 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Чанел месцяцца каля паўднёвага ўзбярэжжа амерыканскага штата Каліфорнія і падзяляюцца на 2 групы — паўночную і паўднёвую. Найбуйнейшы востраў Санта-Круз (250 км²) належыць да паўночнай групы. Геалагічная пабудова астравоў сведчыць, што яны былі ўтвораны вулканічнай дзейнасцю каля 15 млн гадоў таму. У апошні ледавіковы перыяд складалі адзіны масіў сушы, пазней затоплены акіянам. Усе астравы гарыстыя. Найвышэйшая вяршыня пік Дэвілс (740 м) знаходзіцца на востраве Санта-Круз.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Большасць тэрыторыі астравоў Чанел уяўляюць сабою аголеныя скалы і ўзгорыстыя прэрыі з багатым разнатраўем і хмызнякамі. Таксама сустракаюцца рэшткі старажытных лясоў з рэдкімі відамі хвоі, дуба і мальвы і балоты. На астравах добра прыжылася ўвезеная іспанцамі масліна.
Наземная фаўна характарызуецца значнай колькасцю эндэмічных відаў. Астравы насяляюць птушкі, ластаногія, паўзуны, амфібіі. Захаваўся рэдкі эндэмічны від скунса. Эндэмічны від мясцовай лісы амаль знік у канцы XX ст. з-за распаўсюджання здзічэлых сабак. У мінулым на востраве Санта-Круз таксама сустракалася рэдкая здзічэлая парода авечак (у нашы дні ў заапарках захавалася каля 200 жывёл).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Людзі з'явіліся на астравах Чанел каля 9 тысячагоддзя да н. э. Да прыбыцця еўрапейцаў яны былі населены індзейцамі чумашамі і тонгва. На іспанскіх картах архіпелаг з'явіўся ў 1602 г. З канца XVIII ст. індзейцы знаходзіліся пад уплывам каталіцкіх місіянераў. Да 1821 г. яны пакінулі архіпелаг і перасяліліся на мацерыковую частку Каліфорніі. Мексіканскі ўрад выкарыстоўваў астравы для высылкі крымінаьных злачынцаў, тут вялася гаспадарчая дзейнасць. У 1850 г. архіпелаг быў далучаны да ЗША. У другой палове XX ст. ён выкарыстоўваўся амерыканскімі ваеннымі для выпрабавання зброі.
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]У наш час населены толькі 2 астравы паўднёвай групы архіпелага Чанел. Паўночная група і 1 востраў паўднёвай групы ўваходзяць у склад нацыянальнага парка і нацыянальнага марскога запаведніка Чанел. Астравы з'яўляюцца папулярным месцам для наведвання турыстамі, якія знаёмяцца з дзікай прыродай.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чанел
- Channel Islands National Park
- Channel Islands National Park Visitor Center
- Channel Islands National Marine Sanctuary
- Geology of the Channel Islands, Southern California Архівавана 14 лютага 2022.