Шталаг 352

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Шталаг 352 (ням.: Stalag 352) — лагер ваеннапалонных, створаны немцамі падчас Другой сусветнай вайны ў Мінску і ваколіцах. Існаваў у 1941—1944 гадах, складаўся з двух частак — «Ляснога лагера» каля в. Масюкоўшчына і «Гарадскога лагера» ў Мінску, які месціўся ў былых Пушкінскіх казармах па Лагойскім тракце.

У ваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай часткай лагера быў Лясны лагер, створаны ў канцы жніўня 1941 года на месцы былога вайсковага гарадка каля вёскі Масюкоўшчына. Побач праходзіла чыгунка Мінск—Маладзечна. Пад лагер былі прыстасаваны 21 драўляная казарма, разлічаныя на размяшчэнне 9,5 тысячы чалавек, аўтамабільныя майстэрні і гаражы. Тэрыторыя была абнесена некалькімі радамі калючага дроту на бетонных слупах вышынёй да 3 метраў.

Шталаг 352 разглядаўся як перавалачны пункт ваеннапалонных на шляху ў лагеры Остланда, Генерал-губернатарства і ўласна Германіі. У лагер звозілі палонных з розных участкаў савецка-германскага фронту — з-пад Вязьмы, Калініна, Масквы, Сталінграду і г.д. У 1941—1942 гадах у лагеры знаходзілася да 130—140 тысяч палонных, але да лета 1942 года засталося 8—10 тысяч, да лета 1943 — 5—6 тысяч, да студзеня 1944 — толькі каля 5 тысяч.

Палігон вайсковага гарадка нацысты выкарыстоўвалі для сістэматычнага знішчэння ваеннапалонных і людзей дастаўленых па чыгунцы з Мінска. За каля 1,5 км на паўночны захад ад лагера і за каля 800 м ад вёскі Глінішчы (і цяперашняга мемарыяла) месціўся хутар Петрашкевіча. Каля хутара ў невялікай нізіне было расстраляна па адных дадзеных каля 25 тысяч, па іншых каля 54 тысяч цывільных асоб.

Пасля Курскай бітвы немцы пачалі хаваць сляды злачынстваў. Раней пахаваныя трупы забітых на палігоне і каля хутара Петрашкевіча палонныя выкопвалі пад кантролем спецкаманды СД (як у канцлагеры Трасцянец), аблівалі нафтапрадуктамі, пасыпалі серабрыстага колеру парашком (падобным да тэрміту) і палілі.

Пасля вызвалення Мінска, пад кіраўніцтвам генерал-маёра В. Казлова была створаная Мінская абласная камісія садзеяння працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР аб масавым знішчэнні грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных на тэрыторыі Мінска і яго ваколіц у 1941—1944 гадах. Паводле афіцыйнага дакладу камісіі ад канца 1944 года, агулам ў Шталагу 352 загінула каля 80 тысяч савецкіх ваеннапалонных, пахаваных у ямах каля вёскі Глінішча.

У 1944 годзе ў Лясным лагеры каля Масюкоўшчыны савецкімі ўладамі быў створаны лагер НКУС № 168, дзе ўтрымліваліся нямецкія ваеннапалонныя.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 годзе беларускі мастак Віталь Цвірка пад уражаннем ад зверстваў нацыстаў напісаў карціну «Двор у лагеры Масюкоўшчына».

У 1949 годзе на месцы пахаванняў ахвяр канцлагера быў усталяваны часовы помнік. У 1958 годзе быў адкрыты помнік ахвярам Масюкоўшчынскага лагеру смерці[1]. У 1960-я гады вакол мемарыяла добраўпарадкавалі зялёную зону.

Галерэя Мемарыяла[правіць | правіць зыходнік]

Забудова раёна[правіць | правіць зыходнік]

У савецкія часы афіцыйна сцвярджалася, што лагер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне знаходзіўся не ў самым ваенным гарадку, а на месцы мемарыялу.

Пасля адпраўкі дадому нямецкіх палонных у сярэдзіне 1950-х гадоў ваенны гарадок зноў занялі ваенныя часці. Былі знесены некаторыя будынкі, пабудаваны цагляны будынак лазні і іншыя.

У апошнія гады колькасць ваенных часцей, размяшчаных у гарадку паступова змяншалася. У сярэдзіне 2000-х гадоў вызваленую тэрыторыю гарадка занялі камерцыйныя структуры, частка тэрыторыі былога лагера выкарыстана для будаўніцтва жылых будынкаў мікрараёна Масюкоўшчына, да месца пахаванняў ахвяр канцлагера цяпер шчыльна прылягае жылая забудова.

Улічваючы, што на месцы былых нямецкіх лагераў ваеннапалонных і канцлагераў (для цывільнага насельніцтва) у Беларусі не створана ніводнага музея, супрацоўнікі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прапаноўвалі стварыць філіял музея на тэрыторыі мемарыяла ці стварыць музей лагера ваеннапалонных Шталаг 352 у ацалелых будынках клуба ці казармы, але станоўчае рашэнне да гэтага часу не прынята.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]