Штэфані Бекерт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Штэфані Бекерт
Род дзейнасці канькабежка
Дата нараджэння 30 мая 1988(1988-05-30)[1] (35 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Штэфані Бекерт (ням.: Stephanie Beckert; нар. 30 мая 1988, Эрфурт, ГДР) — нямецкая канькабежка, алімпійская чэмпіёнка 2010 года, і 2-разовы сярэбраны прызёр, удзельніца зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года, 7-кратная чэмпіёнка Германіі і 14-разовы прызёр.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў спартыўнай сям’і, яе маці Анжэла займалася канькабежным спортам, бацька Дэтлеф быў гандбалістам, а брат Патрык з’яўляўся членам зборнай Германіі па канькабежным спорце. Яна пачала катацца на каньках ва ўзросце двух гадоў, і першапачаткова захапілася фігурным катаннем, а ў 10 гадоў стала займацца канькабежным спортам у клубе «ESC Erfurt».

З 2000 года Бекерт пачала выступаць на юніёрскім чэмпіянаце Германіі і ў 2004 годзе ўпершыню выйграла на дыстанцыі 3000 м. У тым жа годзе дэбютавала на юніёрскім чэмпіянаце свету, а праз год стала бронзавым прызёрам у каманднай гонцы. У 2006 годзе яна выйграла юніёрскі чэмпіянат Германіі як у мнагабор’і, так і на трох дыстанцыях. У сезоне 2006/2007 Штэфані Бекерт стала чэмпіёнам Германіі на дыстанцыях 3000 і 5000 м і дэбютавала на Кубку свету, на якім неаднаразова перамагала на дыстанцыях 3000 і 5000 м.

У сезоне 2008/2009 яна дэбютавала на чэмпіянаце Еўропы ў Херэнвене і на чэмпіянаце свету па класічным мнагаборстве ў Хамары, заняўшы на абодвух турнірах у мнагабор’і 12-е месца. У сакавіку на чэмпіянаце свету ў Рычмандзе паднялася на 4-е месца ў забегу на 5000 м. У сезонах 2009/2010 і 2010/2011 стала 2-й у Кубку свету, прайграўшы абодва гады Марціне Саблікавай.

На Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы Штэфані стала алімпійскай чэмпіёнкай у каманднай гонцы і двухразовым сярэбраным прызёрам у забегах на 3000 і 5000 метраў. На чэмпіянаце свету ў Херэнвене заняла 12-е месца ў суме мнагабор’я. У сезоне 2010/11 выйграла зноў на чэмпіянаце Германіі ў забегах на 3000 і 5000 м.

На чэмпіянаце свету па асобных дыстанцыях у Інцэле 2011 года стала 2-й на 5000 м, 3-й на 3000 м і ў каманднай гонцы, а на чэмпіянаце свету ў Калгары заняла зноў 12-е месца у мнагабор’і. У 2012 годзе яна прапусціла чэмпіянат Еўропы з-за праблем са спіной, але стала 2-й на дыстанцыях 3000 м і 5000 метраў на чэмпіянаце свету на асобных дыстанцыях у Херэнвене.

У сакавіку 2013 года перад чэмпіянатам свету ў Сочы выліўся зноў скандал паміж Бекерт і Клаўдзіяй Пехштайн, які працягваў шматгадовую серыю славесных канфліктаў з 2009 года ў нямецкім канькабежным спорце. На чэмпіянаце свету ў Сочы заняла 5-е месца ў забегу на 5000 м і 7-е на 3000 м. У 2014 годзе на зімовай Алімпіядзе ў Сочы заняла 17-е месца ў забегу на 3000 м і 8-е на дыстанцыі 5000 м.

У сезоне 2014/15 пасля праблем з траўмамі яна амаль не трэніравалася і не змагла набраць формы, і на чэмпіянаце свету ў Херэнвене ўдзельнічала толькі ў забегу на 5000 м, дзе заняла 8-е месца. У наступным сезоне вынікі сталі яшчэ горшымі, хоць на нацыянальным чэмпіянаце яна трапіла на подыумы. У сезоне 2016/17 Бекерт не змагла кваліфікавацца на этапы Кубка свету з-за новай тэхнікі і сістэмы падрыхтоўкі трэнера Ян ван Віна.

У сезонах 2017/18 і 2018/19 Бекерт у асноўным удзельнічала на чэмпіянаце Германіі і пастаянна трапляла ў прызы на дыстанцыях 3000 і 5000 м. Летам 2019 года Штэфані завяршыла кар’еру спартсменкі пасля мноства няўдач з-за траўм.

Зноскі