Шчытападобная залоза
Шчытападобная залоза | |
---|---|
Анатамічная лакалізацыя | шыя |
Развіццё анатамічнай структуры | thyroid gland development[d] |
Вырабляе | thyroid hormone[d] і desiccated thyroid extract[d] |
Код WordLift | data.medicalrecords.com/… |
Код NCI Thesaurus | C12400 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Шчытападобная залоза (лац.: glandula thyr(e)oidea) — эндакрынная залоза пазваночных жывёл і чалавека, якая выпрацоўвае тры гармоны: тыраксін, трыёдтыранін і кальцытанін (рэгулюе фосфарна-кальцыевы абмен).
Няпарны орган (радзей парны — у земнаводных і птушак), размешчаны ў сярэдняй вобласці шыі ў вобласці гартанных храсткоў і складаецца з дзвюх долей, якія аб’ядноўваюцца мосцікам. Асноўная марфалагічная і функцыянальная адзінка шчытападобнай залозы — фалікул. Мае форму шчыта (адсюль назва) або падковы. Яе гармоны ўплываюць на працэсы абмену рэчываў: павялічваюць выкарыстанне бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, павышаюць расход энергіі, узмацняюць кровазварот і дыханне.
У чалавека шчытападобная залоза размешчана ў пярэдняй вобласці шыі, спераду і па баках ад трахеі, складаецца з 2 доляў (правай і левай), злучаных перашыйкам. Маса шчытападобнай залозы дарослага чалавека 20—60 г, нованароджанага — 1—2 г.
Недахоп гармонаў шчытападобнай залозы тыраксіну і трыёдтыраніну ў раннім дзіцячым узросце прыводзіць да крэтынізму. У дарослых пры гіпафункцыі ўзнікае захворванне мікседэма, або слізісты ацёк: сэрца працуе недастаткова інтэнсіўна, хворы адчувае слабасць і санлівасць, набірае масу, у яго зніжаецца ўзбудлівасць нервовай сістэмы. Гіперфункцыя шчытападобнай залозы вядзе да павелічэння яе памераў і ўзмоцненага ўтварэння гармонаў. Лішак гармонаў выклікае павышэнне ўзбудлівасці нервовых клетак, развіццё лупатасці, пачашчэнне сэрцабіцця, празмернае схудненне — базедаву хваробу.
Шчытападобная залоза ўтрымлівае ёд, які жыццёва неабходны для яе дзейнасці. Таму парушэнні функцый шчытападобнай залозы ўзнікаюць, як правіла, у выніку недахопу ў пітной вадзе ёду, які патрэбен для сінтэзу гармонаў. Характэрная прымета расстройства — павелічэнне шчытападобнай залозы ў выглядзе валляка. Было высветлена, што, чым больш аддалена мясцовасць ад мора, тым часцей у яе жыхароў сустракаецца валляк. Таму ў праблемных раёнах у прафілактычных мэтах да кухоннай солі дадаюць ёдыд калію з разліку 1 г на 100 г солі. Акрамя таго, рэкамендуецца часцей ужываць у ежу разнастайныя морапрадукты, багатыя на ёд.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.
- Семяненя І. М. Шчытападобная залоза // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).