Юзаф Дашчынскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Дашчынскі
Juzaf Daszczynski
Поўнае імя Юзаф Даміанавіч Дашчынскі
Дата нараджэння 1774(1774)
Месца нараджэння Вільня, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Дата смерці 29 жніўня (10 верасня) 1844
Месца смерці
Краіна
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Інструменты фартэпіяна
Жанры рэлігійная музыка[d] і класічная музыка

Юзаф Даміанавіч Дашчынскі (1774, Вільня — 29 ст. ст. жніўня 1844, двор Астраглядавічы[1][A]) — піяніст, кампазітар, дырыжор.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тытульны аркуш Двух паланэзаў для фартэпіяна ў чатыры рукі. 1832-1833 гг.[B]
Тытульны аркуш Паланэза для фартэпіяна і Бліскучага вальса[C]. Каля 1835 г.

Нарадзіўся будучы знакаміты кампазітар у сям’і шляхціча Даміана[D] Дашчынскага ў Вільні. За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І. Даслужыўшыся да звання капітана нацыянальнай віленскай гвардыі, у 1813 годзе пайшоў у адстаўку, каб займацца выкладаннем ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце[4]. У 1814 годзе вялікі аматар і знаўца музыкі мінскі губернскі маршалак Людвік Ракіцкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, запрасіў яго на пасаду дырыжора свайго аркестра ў двары Гарадзішча, што месціўся ў Рэчыцкім павеце. У 1818 годзе Юзаф Дашчынскі быў абраны сябрам Таварыства рэлігійнай і нацыянальнай музыкі ў Варшаве, што сведчыць аб прызнанні яго заслуг у названай сферы музычнай творчасці[5].

Згаданы аматарскі аркестр, якім Ю. Дашчынскі кіраваў да канца сваіх дзён, дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад яго кіраўніцтвам прыцягвалі слухачоў з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў палацы Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах у губернскім цэнтры і наогул у Беларусі ўпершыню прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[6].

Ю. Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пенсію, жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў. Пасля смерці Л. Ракіцкага[E] аркестр у Гарадзішчы распаўся. Але мэтр Дашчынскі працягваў пісаць музыку. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям — пану нябожчыку і ягонай дачцэ Тэклі Прозаравай. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны паланэз» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя працы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на звесткі якога абапіраюцца ўсе сучасныя даследчыкі, акрамя іншага, зазначыў, што настаўнікамі яго бацькі Караля[F] ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі[7].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Юзаф Дашчынскі — аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве. Сярод іх музыка да камедыі-оперы Л. Дмушэўскага «Домік пры гасцінцы» («Domek przy gościńcu»), трохактавая меладрама «Эгбэрт, альбо Аб’яднанне англічанаў» («Egbert czyli Połączenie się anglików»), 4 уверцюры, 3 фартэпіянных концэрты, два паланэзы для фартэпіяна з аркестрам, фартэпіянны квартэт, струнны секстэт, маршы для духавога аркестра, «Rondoletto» для скрыпкі і фартэпіяна, «Valse brillante» для фартэпіяна ў чатыры рукі, варыяцыі на ўласныя і запазычаныя тэмы, вакальныя творы. Аднак, усеагульную вядомасць Ю. Дашчынскаму прынеслі шматлікія паланэзы ў дзве і чатыры рукі, напісаныя ў папулярным стылі brillant, а таксама песня пра Зыгмунта ІІІ, змешчаная ў зборніку «Гістарычных спеваў» Юльяна Нямцэвіча.

Асабліва цікавая яго Вастрабрамская літанія — адзіны з літургічных твораў Ю. Дашчынскага, які захаваўся да нашых дзён. О. Кольберг уважаў яе адной з апошніх у часе што да спадчыны Ю. Дашчынскага. На думку музыказнаўцаў, гэты твор змяняе гісторыю жанру літаніі ў польскай музыцы, дзе першымі ўзорамі аркестровых спеваў уважаліся чатыры Вастрабрамскія літаніі Станіслава Манюшкі[5]. На падставе ўзноўленай партытуры Вастрабрамская літанія ўпершыню прагучала на канцэрце «Polska muzyka sakralna XIX wieku. Wilno» ў Беластоку (2011), потым у Нясвіжы (2012) і ў выкананні Беларускай капэлы Беларускага Вялікага тэатру ў 2016 годзе.

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

  • Паланэзы [Ноты]: для фартэпіяна: вучэбна-метадычны дапаможнік / Юзаф Дашчынскі; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут культуры Беларусі; Расійская Нацыянальная бібліятэка; Wydział Kultury i Nauki Konsulatu Generalnego Rzeczypospolitej Polskiej w St. Petersburgu; [укладанне і ўступны артыкул Я. У. Паплаўскі; музычная рэдакцыя І. У. Алоўнікава; рэцензент В. У. Дадзіёмава; кансультант Цэзары Карпіньскі]. ― 2013
  • Вастрабрамская літанія [Ноты]: для салістаў, змешанага хору і сімфанічнага аркестра / Юзаф Дашчынскі; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, творчы калектыў «Беларуская капэла»; [навуковы рэдактар і рэканструктар нотнага тэксту, прадмова С. Немагай; музычныя рэдактары У. Байдаў, Г. Каржанеўская, С. Немагай, Н. Ламановіч; аўтарская транскрыпцыя У. Байдава; пералажэнне для спеваў з фартэпіяна Г. Каржанеўскай]. ― 2015

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Запіс аб смерці і пахаванні на могілках у Астраглядах мэтра музыкі шляхетнага Юзафа Дашчынскага.
  1. У метрычным запісе Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сказана, што нябожчык меў 70 гадоў ад нараджэння. Таму апошняе, напэўна, і не магло адбыцца ў 1781 годзе, як калісьці няслушна падаў інфарматар Адама Плуга Дамінік Ходзька[2].
  2. Прысвечаны пані Ядвізе з дому Гечэвічаў, жонцы ўладальніка Рудакова Уладзіслава Аскеркі і маці Аляксандра Юстыніяна.
  3. Твор, прысвечаны пані Тэклі з дому Ракіцкіх, жонцы ўладальніка Астраглядаў і Хойнікаў Уладзіслава Прозара.
  4. Імя бацькі кампазітара вядома з дакумента пад назвай «Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года»[3].
  5. 24 ліпеня 1828 г. ён яшчэ жывы, бо менавіта тады забяспечыў кампазітару права на пажыццёвае валоданне вёскай Пясочанка[3].
  6. Уладальнік Дудзічаў і Замосця, вядомы як аўтар «Паланэза 1837 года».

Зноскі

  1. НГАБ у Мінску. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
  2. Pług A. [Pietkiewicz A.] O Józefie Deszczyńskim. / A. Pług // Ruch Muzyczny. — Warszawa, 1859. Nr 50. S. 425–426
  3. а б НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27
  4. Miller A. Teatr polski i muzyka na Litwie jako strażnice kultury Zachodu (1745–1865): Studjum z dziejów kultury polskiej. – Wilno, 1936. S. 162
  5. а б Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага — помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21–22
  6. А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65)
  7. Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 23. S. 181, 182

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2
  • Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага — помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 20–29
  • Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65)
  • Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169–171; № 23. S. 180–182