Дудзічы (Пухавіцкі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Дудзічы
Carkva, Dudzičy.JPG
Царква Святой Ганны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
259 чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Аўтамабільны код
5
Дудзічы на карце Беларусі ±
Дудзічы (Пухавіцкі раён) (Беларусь)
Дудзічы (Пухавіцкі раён)
Дудзічы (Пухавіцкі раён) (Мінская вобласць)
Дудзічы (Пухавіцкі раён)

Ду́дзічы[1] (трансліт.: Dudzičy, руск.: Дудичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Насельніцтва 259 чал. (2010). Месцяцца за 54 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск, на рацэ Пціч.

Дудзічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад прозвішча Дудзіч, вытворнай ад асноў дуда, дудар.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Полацкае і Тураўскае княствы[правіць | правіць зыходнік]

Усяслаў Чарадзей, пры якім Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту і атрымала выхад да Балтыйскага мора

Распаўсюджана меркаванне, што Дудзічы, пад назвай «Дудуткі», упершыню згадваюцца ў летапісах у XI стагоддзі[2]. Магчыма ў гэтых месцах праходзіла сухапутная дарога, што вядзе да Полацка, па якой на думку даследчыкаў і паводле «Слова аб палку Ігараве», полацкі князь Усяслаў Чарадзей праскакаў «ваўком да Нямігі з Дудутак, даведаўшыся пра аблогу старажытнага Менска…»[3][4][5]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Згадваюцца ў 1600 годзе як мястэчка ў Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[6]. У пачатку XVII ст. мясцовасцю валодалі Адахоўскія. У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў маёнтак Янушу Быхаўцу (?—1653) шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла», які паходзіў са Смаленскай зямлі, і яго жонцы Ганне з Горскіх. Януш Быхавец быў забіты ў маёнтку Таўкачэвічы ў часе наезду суседам Андрэем Вінкам з Шацка ў 1620 годзе. Нашчадкі аддалі землі ў заклад, уладальнікі пастаянна мяняліся[7].

3 канца XVII ст. Дудзічы былі ў закладзе Заранкаў-Гарбоўскіх герба Корчак, якія збудавалі тут уніяцкую царкву. У 1748 годзе Дудзічы канчаткова набытыя дачкой Казіміра Заранкі[d]падчашага ваўкавыскага, — Аляксандрай. У 1766 годзе мястэчка атрымала прывілей на правядзенне 3 штогадовых кірмашоў і 1 штотыднёвы таржок. У 1767 годзе па замужжы Аляксандры Дудзічамі валодалі Прозары. У 1769 годзе Юзаф Прозар[d], муж Аляксандры[d], збудаваў тут драўляны палац і парк, у 1780 годзе паводле тэстамента жонкі — драўляную грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. Пры царкве была адкрытая школа. 3 1785 года, калі дачка Прозара Ружа[d] выйшла замуж за Станіслава Ельскага, Дудзічы сталі ўладаннем Ельскіх. Станіслаў Ельскі[d] запрасіў сюды 20 нямецкіх рамеснікаў, якія абучалі сялян розным рамесным навукам.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба Ельскіх. Юзаф Пешка, каля 1800 г.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. Станам на 1800 год тут была драўляная грэка-каталіцкая царква, млын, 3 карчмы, фруктовы і батанічны сад, аранжарэя, невялікі гарбарны завод. У Вайну 1812 года праз Дудзічы праходзілі напалеонаўскія войскі. Юзаф Панятоўскі, камандзір 5-га польскага корпуса французскай арміі, два дні жыў у дудзіцкай сядзібе.

У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Паводле інвентару 1844 года існавалі аднайменныя мястэчка (12 двароў рамеснікаў) і вёска (30 двароў сялян)[8]. 3 1857 года Дудзічамі валодаў Міхал Ельскі. На 1859 год у мястэчку было 5 двароў[9]. У 1863 годзе адкрытае народнае вучылішча. У 1886 годзе ў вучылішчы было 55 вучняў, з іх 3 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Макар Гладкі, школа існавала на сродкі сялян і дзяржаўнага казначэйства. У 1879 годзе ў праваслаўным прыходзе было каля 1,8 тыс. вернікаў, пры царкве было папячыцельства. У 1886 годзе было народнае вучылішча, валасное праўленне, праваслаўная царква, капліца, бальніца, крама. Паводле перапісу 1897 года працавалі валасное праўленне, хлебазапасны магазін, народнае вучылішча, 2 піцейныя дамы, штотыднёвыя таржкі, у маёнтку быў вадзяны млын.

У 1900 годзе ў народным вучылішчы займаліся 69 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў Д. Пыжэвіч. У 1902 годзе пабудаваная драўляная Пакроўская царква.

У 1905—1907 гадах і вясной 1917 года ў Дудзічах і ў Дудзіцкай воласці адбыліся масавыя сялянскія хваляванні.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года Дудзічы былі пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчаныя часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года былі пад акупацыяй Польшчы.

Народнае вучылішча за савецкай уладай пераўтворанае ў працоўную школу 1-й ступені, дзе ў 1922 годзе было каля 70 вучняў. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Дудзіцкага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі, з 18 студзеня 1931 года Пухавіцкага раёна, з 12 лютага 1935 года Рудзенскага раёна (з 6 ліпеня да 11 лютага 1938 года называўся Смілавіцкім). З 29 лютага 1938 года ў Менскай вобласці (пасля 29 ліпеня 1939 — Мінская). У пачатку 1930-х гадоў створаны калгас «Камвуз Беларусі», працаваў вадзяны млын, цыркулярка, кузня. Афіцыйны статус паселішча панізілі да вёскі ў 1938 годзе.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года вёска акупаваная нацысцкай Германіяй. У наваколлі дзейнічалі партызаны брыгады «Беларусь». У чэрвені 1942 нацысты спалілі вёску, загубілі 17 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўленая[10].

З 16 ліпеня ліпеня 1954 года вёска ў Вузлянскім сельсавеце. У 1960 годзе ў Навапольскім сельсавеце. У 1994 годзе ля вёскі адкрыты музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі». У 1990-я гады збудаваная праваслаўная царква Святой Ганны.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • XIX стагоддзе:
    • 1800 — 30 двароў, 300 чал. у сяле Дудзічы і 49 чал. шляхты пры двары Дудзічы
    • 1870 — 284 чал., з іх 128 аднадворцаў і 13 грамадзян
    • 1886 — 65 двароў, 409 жыхароў
    • 1897 — 125 двароў, 303 душы мужчынскага полу, 299 душ жаночага полу
  • XX стагоддзе:
    • 1901 — 108 двароў, 676 чал. у Дудзічах і 1 двор, 20 чал. пры маёнтку
    • 1917 — у мястэчку 15 двароў, 104 чал., у сяле 106 двароў, 651 чал., у маёнтку 1 двор, 78 чал.
    • 1940 — 80 двароў, 258 жыхароў
    • 1993 — 108 двароў, 280 жыхароў[11]
    • 1999 — 263 жыхароў
    • 2002 — 97 двароў, 249 жыхароў
    • 2010 — 259 жыхароў

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Пакроўская царква, 1909 г.

У канцы XVII ст. была пабудаваная ўніяцкая царква. У 1780 Юзаф Прозар паводле тэстаменту жонкі збудаваў новую грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Царква згарэла ў часе Другой сусветнай вайны.

У 1998 годзе Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам была прынята пастанова пра адраджэнне прыходу. Побач з помнікам загінулым савецкім воінам была пабудаваная невялікая мураваная царква ў гонар Святой Ганны[12].

Эканоміка і інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У 2002 годзе цэнтр калгаса Світанак. У 2013 годзе — на тэрыторыі СВК «Агра-Абярэг»[10]. Ёсць механічныя майстэрні, крама.

Дудзічах працуюць сярэдняя школа, медыцынскі пункт, бібліятэка, ветэрынарны ўчастак.

Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

  • Побач з вёскай месціцца музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі», створаны ў 1944 годзе.
  • У дудзіцкай школе ў жніўні 2010 года быў створаны этнаграфічны куток ільну, які з цягам часу плануецца пераўтварыць у музей[13].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое месціцца ва ўрочышчы Кобань, у полі.
  • Сямейнае пахаванне Ельскіх. На гарадзішчы ва ўрочышчы Кобань месцяцца старыя каталіцкія могілкі з сямейнымі пахаваннямі Ельскіх[14]. На пагорках — іншыя пахаванні. Могілкі знаходзяцца ў запусценні, акрамя пахаванняў Ельскіх[14]. Паводле звычаяў таго часу, старэйшыя пахаванні (Караля і Станіславы) паўляжаць на зямлі і вялікія памерам, а пазнейшыя, паводле традыцый канца XIX — пач. XX ст. стаяць вертыкальна і меншыя памерам. Надпісы на помніках зробленыя па-польску, агароджаў няма[14].
  • Памятны знак «Аляксандру II ад удзячных сялян» (1911).
  • «Помнік землякам».
  • Царква Святой Ганны

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя ўраджэнцы[правіць | правіць зыходнік]

Спіс вуліц[правіць | правіць зыходнік]

  • Ельскага вуліца
  • Калгасная вуліца
  • Маладзёжная вуліца
  • Палявая вуліца
  • Пцічанская вуліца
  • Сонечны завелак
  • Цэнтральная вуліца[15]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. История музея // «Дудутки».
  3. http://www.dudutki.by/history/
  4. Барсов Е. В. «Слово о полку Игореве» как художественный памятник Киевской дружинной Руси // Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. 1889 год. Книга вторая. С. 222.
  5. Dudzicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 209—210.
  6. Дудзічы (Пухавіцкі раён) // Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. С. 524.
  7. Jelski A., 1889, с. 588
  8. Ільініч Наталля. Дудзічы ў 1844 годзе. Музей «Дудуткі» (13 сакавіка 2012).
  9. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 58.
  10. 10,0 10,1 Дудзічы // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 136—137. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  11. Вячаслаў Насевіч. Дудзічы //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 312.
  12. http://borisoveparhia.by/novosti-blagochiniy/7-avgusta-preosvyashhenneyshiy-veniamin-e.html
  13. https://dudichi.schools.by/pages/myzei
  14. 14,0 14,1 14,2 могілкі. Сайт «Некропалі Беларусі»
  15. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса. Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]