Перайсці да зместу

Юліян Міхайлавіч Гронскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юліян Міхайлавіч Гронскі
Адукацыя
Нараджэнне 1877
Смерць 1939

Юліян Міхайлавіч Гронскі (1877, в. Чапялі, Ковенская губерня, цяпер Літва — пасля 1939) — каталіцкі царкоўны дзеяч. Быў адміністратарам Апостальскага вікарыята Заходняй Сібіры.

Скончыў Мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Пецярбургу. У 1903 прыняў сакрамент пасвячэння.

У 1906 выконваў абавязкі адміністратара талочынскай парафіі ў Аршанскім дэканаце. 3 11 красавіка 1906 па чэрвень 1909 працаваў у чачэрскай парафіі. У 1911-12 — рэзідэнт у парафіі Св. Альберта ў Рызе, а пазней (1912-15) — вікарый у рыжскай парафіі Маці Божай Балеснай. 3 1915 па 1917 служыў на пасадзе ваеннага капелана пры штабе 5-й рускай арміі. У 1917 стаў рэзідэнтам пры капліцы ў вёсцы Рэмні Віцебскага дэканата. У наступным годзе быў прызначаны архібіскупам Э. Ропам пробашчам іркуцкай парафіі (у 1917 у ёй налічвалася 5 тыс. вернікаў).

3-за перашкодаў, звязаных з грамадзянскай вайной, прыбыў у Іркуцк толькі ў 1920 годзе. Неўзабаве пераехаў у Томск, дзе не было душпастыра (у 1917 у томскай парафіі налічвалася 10 тыс. католікаў). У 1923 пераехаў у Андрэеўскі пасёлак каля Томска, дзе была каталіцкая капліца. Пасля зноў пераехаў у Томск і 1 лістапада 1926 стаў адміністратарам Апостальскага вікарыята Заходняй Сібіры. За ім быў устаноўлены нагляд ДПУ. Пад канец 1920-х г. ДПУ зрабіла амаль немагчымым выконванне кс. Гронскім душпастырскай працы па-за межамі Томска і яго ваколіц. У лютым 1929 кс. Гронскі выязджаў з Томска ў Беластоцкі пасёлак, дзе была капліца, і 2 лютага благаславіў у ёй шлюбы мясцовых католікаў.

Арыштаваны 25 красавіка 1931 у сваёй томскай кватэры ўпаўнаважаным томскага АДПУ Раманавым. Разам з ім былі арыштаваны некалькі чалавек з мясцовай «дваццаткі» (касцёльнага камітэта). Таксама былі праведзены арышты ў іншых населеных пунктах, куды наведваўся кс. Гронскі: у Барнауле, Омску, Новасібірску, Андрэеўскім пасёлку, Беластоцкім пасёлку. Ксёндз Гронскі быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы на карысць Польшчы, варожай агітацыі і захоўванні золата. Пасля следства, якое цягнулася амаль год, 7 сакавіка 1932 ён быў асуджаны на 10 гадоў лагера і 1 верасня гэтага ж года дастаўлены на Салаўкі. Быў вызвалены дзякуючы намаганням літоўскіх уладаў і 22 студзеня 1933 пакінуў СССР.

У пачатку 1934 знаходзіўся ў Рыме, адкуль вярнуўся ў Літву. У 1936-39 працаваў у Ковенскай дыяцэзіі душпастырам з правамі пробашча ў мясцовасці Панатарай Жайменскага дэканата, дзе існаваў філіял сясішкінскай парафіі. Быў віцэ-дэканам у Кракесе.

Зноскі

  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0
  • Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917-1939: Martyrologium. — Lublin, 1998.