Ян Свалынскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Свалынскі
Дата нараджэння не раней за 1575 і не пазней за 1585
Дата смерці не раней за 26 сакавіка 1646
Грамадзянства
Жонка Тэадора Соф’я з Трызнаў[d]

Ян Свалынскі[1][2] (польск.: Jan Swołyński; канец XVI ст. — 1646) — маршалак земскі ашмянскі (1642—1646).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З роду полацкіх зямян Свалонскіх, якія з пачатку XVII стагоддзя называлі сябе Свалынскімі. Сын Івана Ахрамеевіча Свалонскага і Зданкі, дачкі Андрэя Сцецкавіча Рагозы герба «Шранява», сястры Фёдара і Ганны. Ад маці Ян Свалынскі атрымаў маёнтак Хаценчыцы ў Менскім павеце.

У 1607 годзе за заслугі ўзнагароджаны каралём Жыгімонтам Вазам. Атрымаў штогадовы юргельт у 150 злотых, загад на яго выплату выдадзены 12 лістапада 1607 года падскарбію вялікаму літоўскаму Ярашу Валовічу. Планавалася, што юргельт будуць выплачваць з каралеўскіх уладанняў, але яны пацярпелі ад вайны і 5 красавіка 1613 года нададзены новы прывілей, выбіраць прызначаную суму з «мыт старых менскай каморы». Быў у канфлікце з менскім месцічам Фёдарам Заляцелым, які ў 1616 годзе звяртаўся да караля Жыгімонта Вазы па атрыманне заручнага ліста, які б гарантаваў яму бяспеку ад нападаў Свалынскага.

У 1617—1619 годзе вёў перамовы з Львом Сапегам па размежаванні зямель, у 1619 годзе дакумент пра размежаванне Губскай пушчы ад уладанняў Свалынскага быў зацверджаны Жыгімонтам Вазам.

Быў кліентам Радзівілаў. У прыватнасці быў ураднікам Януша Радзівіла ў Копысі і Смалявічах, пасля яго смерці ў 1620 годзе служыў Крыштафу Радзівілу, зводнаму брату Януша. Падчас паходу на Лівонію ў 1622 годзе быў ад’ютантам Крыштафа Радзівіла. Як паручнік гусарскай харугвы ваяваў са Швецыяй у 1625 і 1626 гадах.

У 1627 годзе дамовіўся з Ежы Слізнем і Ганнай Слізнянкай пра пераход у яго вячыстае леннае трыманне маёнткаў Вузлы, Матыкі, Княгінін і Студзёнкі Ашмянскага павета.

Каля 1640 года атрымаў прывілей на пасаду каралеўскага сакратара.

Да пачатку 1642 года Свалынскі намінаваны каралём Уладзіславам Вазам на маршалка земскага ашмянскага.

Памёр у другой палове 1646 годзе, апошні раз згаданы на ўрадзе 26 сакавіка 1646 года.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Першы шлюб — з Зосяй Тамковічаўнай Сялецкай (каля 1610). Другі шлюб — з Тэадорай Зафеяй Адамаўнай Трызнянкай (як жонка ўпершыню згадана ў 1637 годзе). Сын — Міхаіл Казімір, дачка — Алена, у шлюбе за Янам Райскім, памерлі безпатомнымі.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Rachuba, Andrzej (2009). «Jan Swołyński». Polski Słownik Biograficzny. Vol. 46. Polska Akademia Nauk & Polska Akademia Umiejętności. pp. 164—165.
  2. Чарняўскі 2021, с. 272—287.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ганчар С. Страчаная спадчына Вілейшчыны: хаценчыцкія святыні і маёнткі // «Шлях перамогі», 05.06.2018. — С. 6.
  • Чарняўскі Ф. В. Маршалак Ашмянскага павета Ян Свалынскі (?-1646): паходжанне, грамадска-палітычная дзейнасць, маёмаснае становішча // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. ; вып. 19 / рэдкал.: В. Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : НГАБ, 2021. — 352 с., іл.