Перайсці да зместу

Януш Радзівіл (1579—1620)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Януш Радзівіл
падчашы вялікі літоўскі
1599 — 1619
Папярэднік Ян Караль Хадкевіч
Пераемнік Андрэй Война
22-і кашталян віленскі
1619 — 3 снежня 1620
Папярэднік Геранім Юр’евіч Хадкевіч
Пераемнік Мікалай Янавіч Глябовіч

Нараджэнне 2 ліпеня 1579
Смерць 3 снежня 1620(1620-12-03)[1][2] (41 год)
Род Радзівілы
Бацька Крыштаф Радзівіл Пярун[3][4]
Маці Кацярына з Астрожскіх[4]
Жонка Соф’я Слуцкая[3][5] і Лізавета Соф’я Гогенцолерн[3]
Дзеці Багуслаў Радзівіл[3], Альжбета Элеанора з Радзівілаў[d][3], Соф’я Агнешка з Радзівілаў[d][3] і Ян Ежы Радзівіл[d][3]
Веравызнанне кальвінізм
Адукацыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 лістапада 1620), дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

Сын Крыштафа Радзівіла Перуна.

Атрымаў кальвінісцкае выхаванне, вучыўся ў Страсбургскім і Базельскім універсітэтах, падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Францыі. Падчашы вялікі літоўскі ў 1599—1619 гадах, кашталян віленскі з 1618 года, староста барысаўскі. У 1600 годзе ажаніўся з княжной Соф’яй Алелькаўнай, спадчынніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія пасля яе смерці (1612) перайшлі ва ўладанне роду Радзівілаў. Януш заняў месца князёў Слуцкіх у сенаце ВКЛ, дапамагаў слуцкімі гарматамі дзяржаўнаму войску пад Смаленскам у 1611 годзе. Пасля знішчэння Слуцка запарожскімі казакамі, пачаў перабудову горада ў сучасную фартэцыю.

У 1600—1602 гадах падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць шведскіх войск у Інфлянтах, камандуючы коннымі харугвамі. Выбіраўся паслом на сеймы 1603, 1605, 1606, дзе ўзначальваў кальвінісцкую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некатолікаў. Выступаў супраць палітыкі караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай.

У 1606—1607 гадах разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць абсалютысцкай палітыкі караля. 5.6.1606 года абвешчаны маршалкам з’езда ракашан у Любліне, а 10.8.1606 — у Сандаміры. Выдаў універсал з абвінавачваннямі караля ў парушэнні шляхецкіх правоў і свабод. 6.8.1607 каля Гузава / Аранска (паблізу Варшавы) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашан. Нягледзячы на паражэнне, ракашане вымусілі караля пайсці на кампраміс. Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы дэтранізаваць караля. Пад выглядам прыватнай вайны супраць Я. К. Хадкевіча працягваў збіраць сілы ракашан і манеўры ў ВКЛ да лета 1608 года. Спачатку адмаўляўся ад публічнага прызнання віны за рокаш і прабачэння перад каралём, эміграваў у Германію, потым жыў у Гданьску. У 1618 годзе набыў дзяржаву Ліхтэнберг ва Франконіі і стаў не толькі тытулярным князем Святой Рымскай імперыі, але рэальным землеўласнікам і саюзнікам нямецкіх пратэстанцкіх князёў.

Януш Радзівіл выступаў супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 гадоў. На сеймах 1611, 1613, 1615, 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з католікамі. Нягледзячы на стары міжродавы канфлікт разам з Я. К. Хадкевічам выступаў супраць росту ўплыву палякаў пры двары і ў Рэчы Паспалітай.

7.7.1613 года ў Берліне ажаніўся з Лізаветай Соф’яй Гогенцолерн, дачкой брандэнбургскага курфюрста Іагана (Яна, Ганса) Георга; меў з ёю 2 дачок, сыноў Багуслава і Юрыя. У 1618 годзе вярнуўся з апалы і стаў сенатарам — віленскім кашталянам, але ў 1620 годзе памер пасля хрэсьбін сына ў Вільні. Імаверна, ад чумы.

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Якубаў, В. Права на супраціў тыраніі ў Вялікім Княстве Літоўскім на прыкладзе дзейнасці Льва Сапегі і Януша Радзівіла (канец XVI — пачатак XVII ст.) // Homo Historicus 2023. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / Пад рэд. д-ра гіст. н. А. Смаленчука. — Варшава: Полацкія лабірынты, 2023. — С. 163—175.