Лівонія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Лівоніі (меркавана 15 стагоддзе)

Ліво́нія, Ліфля́ндыя, ці Інфля́нты (лац.: Livonia, ням.: Livland, ліў.: Līvõmō, эст.: Liivimaa, лат.: Livonija — «зямля ліваў») — гістарычная назва зямель усходняй Балтыі (сучасных Латвіі і Эстоніі). Назву далі нямецкія каланісты ад наймення фіна-вугорскіх плямёнаў — ліваў, што жылі на ўзбярэжжы Рыжскага заліва ў вусці Дзвіны і Гаўі.

Беларускія назвы Ліфлянты, Інфлянты і Ліфлянцкая (Інфлянцкая) зямля паходзяць ад нямецкай — Ліфлянд[1].

Азначэнне[правіць | правіць зыходнік]

На мяжы XII і XIII ст. пад Лівоніяй разумелася выключна вобласць рассялення ліваў: землі па паўночным баку Дзвіны, прыбярэжныя тэрыторыі Рыжскага заліва, на поўдні — землі куршаў (Курляндыя); з 2-й чвэрці XIII ст. да 1461 года разумелася ўжо ўся тэрыторыя сучасных Латвіі і Эстоніі, заваяваная нямецкімі каланістамі. У сучаснай Латвіі ўжываецца для абазначэння часткі выключна яе ўласнай тэрыторыі[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

X—XIII стст.[правіць | правіць зыходнік]

У выніку нямецкай каланізацыі ў XIII ст. у Лівоніі ўтварылася канфедэрацыя 5 духоўна-феадальных дзяржаў (Інфлянцкі ордэн, Рыжскае архібіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае і Курляндскае біскупствы), якія ўмоўна знаходзіліся пад уладай Папы Рымскага і Свяшчэннай Рымскай імперыі[1].

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая (1558—1772)[правіць | правіць зыходнік]

Інфлянцкая вайна (1558-1582) і захоп Швецыяй поўначы Эстоніі схілілі вялікага магістра Інфлянцкага ордэна Готхарда Кетлера да падпісання 5 сакавіка 1562 года Дагавора аб падпарадкаванні Вялікаму Княству Літоўскаму. У выніку Готвальд Кетлер стаў ленным курляндскім і земгальскім князем, а таксама часовым кіраўніком правабярэжнага Задзвінскага княства. 26 снежня 1566 года Гарадзенскі сойм ВКЛ уключыў у склад дзяржавы землі былога ордэна пад назвай Інфлянцкае княства з наданнем яму герба. Люблінскі сойм абвясціў княства сумесным уладаннем з Польскім каралеўствам. У 1582 годзе Стэфан Баторый выдаў «Інфлянцкую канстытуцыю», якою падзяліў княства на Вендэнскі, Дорпацкі і Парнаўскі прэзідыяты. У 1589 годзе Жыгімонт Ваза перайменаваў «ардынацыяй» прэзідыяты ў ваяводствы. У выніку вайны 1600-1629 гадоў Швецыя захапіла поўдзень Эстоніі і захад Латвіі (Відземе). Рэч Паспалітая прызнала заваяванне паводле Аліўскага міру 1660 года. Варшаўскі сойм 1667 года ператварыў астатнюю частку Інфлянцкага княства ў Інфлянцкае ваяводства з цэнтрам у Дынабургу без падзелу на паветы[1].

Расійская імперыя (1721—1918)[правіць | правіць зыходнік]

Па Ніштацкім мірным дагаворы 1721 года былая шведская Ліфляндыя ўвайшла ў склад Расійскай імперыі як Ліфляндская губерня. У 1772 годзе Расійская імперыя захапіла Інфлянцкае ваяводства Рэчы Паспалітай[1]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі паўднёвая частка Ліфляндскай губерні была аб'яднана з Латвіяй, а паўночная частка — з Эстоніяй. Насельніцтва — латышы, эстонцы.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта. Інфлянты // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 : Абаленскі—Кадэнцыя / Рэдкал. : Г.П Пашкоў, (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-ое выд. — Мінск : БелЭн, 2007. — 688с. : іл. ISBN 978-985-11-0393-1 — Старонка 669.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]