Яраслаўская беларуская рада
Яраслаўская беларуская рада, Яраслаўскае беларускае таварыства — беларуская грамадская арганізацыя ў Яраслаўлі ў 1916—18 гадах. Аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў I сусветнай вайны.
Створана восенню 1916. Яе аснову складалі выкладчыкі і слухачы Мінскага настаўніцкага інстытута: У. М. Ігнатоўскі, Дз. А. Сцяпура, М. І. Мароз, А. Кабервейн, С. Курчэвіч-Сеўрук, М. Шымель, М. Ярац, Х. Бурван, Г. Нікіфарава, М. С. Кахановіч, Х. Імшэнік, святар У. Біруля. Цесную сувязь з радай падтрымліваў Максім Багдановіч. Ставіла за мэту згуртаванне беларусаў-бежанцаў вакол нацыянальнай ідэі, аказанне матэрыяльнай і юрыдычнай дапамогі пацярпелым ад вайны, арганізацыю дабрачынных акцый, культурна-асветных лекцый, тэатральна-музычных вечарын. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) разам з арганізацыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасць па нацыянальным усведамленні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала з Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь з Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Беларускай народнай грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на I з’езд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастрычніку 1917, Усебеларускі з'езд 1917. Спыніла дзейнасць вясной 1918 года.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ляхоўскі У. Яраслаўская беларуская рада // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.