Падследнасць
Падследнасць у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь — сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымінальнай справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе.
Адрозніваюць падследнасць прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная падследнасць вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца падследнасць паміж следчымі пракуратуры, органаў дзяржаўнай бяспекі і фінансавых расследванняў, унутраных спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная падследнасць вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напрыклад, справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутраных спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваеннай пракуратуры. Тэрытарыяльная падследнасць вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найбольшай хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Г. А. Маслыка. Падследнасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).