Kurier Litewski (1759)
Kurier Litewski | |
---|---|
Тып | газета |
Галоўны рэдактар | Францішак Папроцкі |
Заснавана | 1759 |
Спыненне публікацый | 1764 |
Мова | польская |
Галоўны офіс |
«Kurier Litewski» (Кур'ер Літэвскі, Кур'ер Літэўскі, бел.: Літоўскі кур'ер) — грамадска-палітычная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1759—1764 у Вільні на польскай мове.
Яшчэ ў 1759 віленскія езуіты пачалі друкаванне газеты «Kurier Litewski», а ў 1760 атрымалі ад манарха Рэчы Паспалітай Аўгуста III выключнае права для Віленскай езуіцкай акадэміі выдавання газет. Дакладная дата ўзнікнення газеты невядомая, бо не захаваўся першы нумар выдання. Стала газета выходзіла з 19 красавіка 1760 па 19 жніўня 1763. Вядома, што першым рэдактарам газеты і кіраўніком у 1760—1763 Віленскай акадэмічнай друкарні быў езуіт ксёндз Францішак Папроцкі (1723—1805), месца якога ў 1763 заняў езуіт ксёндз Аляксандр Янушкевіч. У 1764 газета перастала выходзіць у сувязі з беспарадкамі ў 1763 студэнтаў Віленскай езуіцкай акадэміі, з-за чаго рэдактар і выдаўцы вымушаны былі пераехаць у Коўна.
Газета змяшчала галоўным чынам кароткую інфармацыю пра палітычныя падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і за мяжой. Сустракалася ў газеце і інфармацыя іншага роду, напрыклад, аб смерці маршалка Літоўскага трыбунала, інсталяцыі віленскага каталіцкага біскупа, вяселлі Тадэвуша Агінскага ў Маладзечне, імянінах графіні Ганны з Пацеяў Тышкевіч, прыездах у Вільню ўплывовых асоб, балі і «каляцыі» (вячэры) у Касцешаў-Жабаў, заканчэнні пабудовы дамоў, пачатку кірмашоў, цэн на жывёлу і збожжа, уваходзе ў ВКЛ чатырох палкоў расійскіх войскаў (ліпень 1763) і інш.
Акрамя таго, з самага пачатку газета друкавала тры дадаткі пад назвай «Wiadomości literackie» («Літаратурныя весці»), «Wiadomości cudzoziemskie» («Замежныя весці») і «Supplement do gazet Wileńskich» («Дадатак да віленскай газеты»). Першы дадатак «Wiadomości literackie» выходзіў кожную суботу з красавіка 1760 па верасень 1763 і размяшчаў не літаратурныя, а навуковыя артыкулы, напрыклад, аб маланках, бурах, вулканах і г.д. Усяго выйшла 80 нумароў. Дадатак «Wiadomości cudzoziemskie», які ў 1760—1761 выдаваўся пад назвай «Wiadomości uprzywilejowane» («Прывілеяваныя весці»), выходзіў у 1761—1763. Дадатак «Supplement do gazet Wileńskich» выходзіў у 1761—1792 і паведамляў пра нанесеныя шкоды купцам, цэхавым майстрам, судовыя прэтэнзіі, уцёкі слуг і інш.
У 1764 езуіты пачалі выдаваць новую газету «Gazety Wileńskie», якая пад такой назвай выходзіла да 1784, пасля чаго езуіты перасталі карыстацца сваёй выключнай манаполіяй выдання газет. У выніку чаго ў 1793 пан Улодак, шамбялян манарха Рэчы Паспалітай Станіслава-Аўгуста, атрымаў новы прывілей на выданне газеты «Kurier Litewski», які стаў выходзіць у Вільні ў трошкі іншай форме.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Кур'ер Літэвскі» // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 3 т. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 169.
- Dzennikarstwo polskie na Litwe // Kuryer Litewski. — 1905. — № 1. — С. 3—4.