Цела даўжынёй 3-5 см. Пярэдняя галоўная частка вузкая і доўгая, займае 2/3 даўжыні цела, нагадвае валасок, дзякуючы чаму від і атрымаў такую назву. У ёй размешчаны стрававод. Задні канец самца закручаны ў спіраль. Там знаходзяцца кішачнік і органы рэпрадукцыі. Яйцы валасагаловаў бочкападобныя, жаўтлявыя з празрыстымі полюсамі, памерам 50-54 х 23-26 мкм.
Паразітуе толькі ў чалавека. Прамежкавых гаспадароў няма. Жыве ў тоўстай кішцы. Тонкі галаўны канец чарвя пагружаны ў слізістую абалонку кішачніка для фіксацыі і харчавання. Сілкуецца крывёй і клеткамі сценкі кішачніка. Сталая самка адкладае ў прасвет кішачніка яйцы, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе з фекаліямі хворага. Свежавыдзеленыя яйцы неінвазійныя, спеюць ад 2-х тыдняў да 3-4 месяцаў у залежнасці ад тэмпературы і вільготнасці навакольнага асяроддзя (пры 24 °С — 4 тыдні). Яйцы захоўваюць жыццяздольнасць 1-2 гады.
Чалавек заражаецца праз забруджаныя прадукты, ваду або брудныя рукі. У тонкай кішцы з яец выходзяць лічынкі, якія пранікаюць у варсінкі кішкі і развіваюцца на працягу 3-10 дзён. Затым, руйнуючы варсінкі, яны выходзяць у прасвет кішачніка, апускаюцца ў тоўстую кішку і на працягу месяца становяцца палаваспелымі. Працягласць жыцця — да 5 гадоў.