Перайсці да зместу

Інцыдэнт у Фынтына-Албэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Інцыдэнт у Фынтына-Албэ, таксама вядомы як Разня ў Фынтына-Албэ — трагедыя, якая здарылася 1 красавіка 1941 года ў вёсцы Белая Крыніца  (руск.) (рум.: Fântâna Albă) Чарнавіцкай вобласці Украінскай ССР. Па заявах уладаў Румыніі і Малдавіі, ад 200 да 2000 чалавек, спрабуючы перасекчы дзяржаўную мяжу СССР і Румыніі, былі застрэлены савецкімі пагранічнікамі. Афіцыйныя дадзеныя архіваў КДБ кажуць толькі аб 48 забітых грамадзянах, але румынскія ўлады, грунтуючыся на сведчаннях тых, хто выжыў, сцвярджаюць аб шматлікіх ахвярах, з якімі распраўляліся асабліва жорсткімі метадамі, і пра масавыя арышты і дэпартацыя, праведзеных НКУС[1][2].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]
Падзел тэрыторыі Букавіны

У чэрвені 1940 года да СССР былі далучаны Бесарабія і Паўночная Букавіна, якія раней уваходзілі ў склад Румыніі. Ваеннае і палітычнае кіраўніцтва румынскіх тэрыторый вымушана было пакінуць землі, якія потым увайшлі ў склад Савецкай Малдавіі. Частка сем'яў у поўным складзе апынуліся на тэрыторыі СССР, атрымаўшы савецкае грамадзянства, аднак частка сем'яў апынулася падзеленай новай мяжой. У сувязі з гэтым многія члены сем'яў спрабавалі перасекчы мяжу, як з дазволу савецкіх і румынскіх памежнікаў, так і без гэтага дазволу. Аховай савецка-румынскай мяжы займаўся 97-й Чарнавіцкі памежны атрад НКУС, які кантраляваў участак працягласцю ў 7,5 км на поўдзень ад Чарнаўцоў (ён жа прыняў першыя баі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны супраць румынскіх і нямецкіх войскаў)[3].

Праз тэрыторыю, якая ахоўвалася 97-м пагранатрадам, перасёклі мяжу нелегальна 471 чалавек — ураджэнцы населеных пунктаў Герца, Глыбока, Пуціла і Старажынец. З больш аддаленых мястэчак Чарнавіцкай вобласці (Вашкоўцы, Застаўна, Наваселіца і Садгара) праз савецка-румынскую мяжу перайшлі 628 чалавек. Лічыцца, што за першы год знаходжання Паўночнай Букавіны ў складзе СССР гэтую тэрыторыю пакінулі 7 тысяч чалавек, з'ехаўшы ў Румынію. Савецкія ўлады ставіліся да падобных пераходаў праз мяжу насцярожана, расцаніўшы тых, хто перайшоў мяжу як патэнцыйных шпіёнаў Румыніі напярэдадні будучай вайны. 1 студзеня 1941 года 97-ы пагранатрад склаў спіс, куды ўвайшлі 1085 чалавек, якія ўцяклі праз мяжу або планавалі збегчы туды (іншы спіс ад 7 снежня 1940 года налічваў 1294 чалавека).

19 лістапада 1940 года 105 чалавек з вёскі Сучэвень, узброеныя 20 стрэльбамі, вырашылі перайсці савецка-румынскую мяжу. Пры спробе пераходу яны распачалі перастрэлку з савецкімі пагранічнікамі: 3 чалавекі былі забітыя, пяцёра параненыя, двое арыштаваныя. Разам з параненымі тыя грамадзяне, што засталіся ў жывых перайшлі ў вёску Радоўцы на тэрыторыі Румыніі. На наступны дзень сваякоў ўсіх 105 чалавек выселілі з вёскі[4]. Але выпадкі уцёкаў працягваліся: у Румынію перабраліся жыхары вёсак Махала, Астрыца і Гарэча у студзені 1941 года[4], а ў ноч на 6 лютага масавы пераход вырашылі здзейсніць каля 500 чалавек з вёсак Махала, Катул-Астрыца, Буда, Сіроўцы, Гарэча-Урбана і Астрыца. Раніцай у 6:00 завязалася чарговая перастрэлка: група завадатараў на чале з Н.Мерцікарам, Н.Нікай і Н.Ісак былі забітыя, каля 57 чалавек выбраліся ў вёску, 44 чалавек былі арыштаваныя і аддадзеныя пад суд. З асуджаных 12 чалавек былі расстраляныя па прысудзе Кіеўскага ваеннага трыбунала, 32 чалавекі атрымалі 10 гадоў турмы і на 5 гадоў пазбаўленыя грамадзянскіх правоў[4]. Па румынскім дадзеным, раніцай 6 лютага савецкімі пагранічнікамі было забіта да траціны бежанцаў[5].

Румынскія ўлады заяўляюць аб наступным развіцці падзей 1 красавіка 1941 года[5].

Ад 2 да 3 тысяч чалавек[1][2][6] з вёсак Пятроўцы-дэ-Сус, Пятроўцы-дэ-Йос, Купка, Карчешць і Сучэвень, несучы белыя сцягі і рэлігійную атрыбутыку, накіраваліся да румынскай мяжы. Шэраг з іх заяўлялі, што савецкія ўлады нібыта дазволілі ім перайсці румынскую мяжу. На мяжы іх спынілі савецкія пагранічнікі НКВД, запатрабаваўшы спыніцца[6]. Атрымаўшы адмову, супрацоўнікі НКУС пачалі страляніну[6]. Паводле савецкіх дадзеных, колькасць забітых склала 44 чалавекі (17 з Пятроўцы-дэ-Йос, 12 з Трэсцян, 5 з Купкі і Сучэвені, 3 з Пятроўцы-дэ-Сус, 2 з Апрышэні). Аднак тыя, хто выжыў, сцвярджалі, што ахвяраў было значна болей: былі забітыя жанчыны, дзеці і старыя[2][5]. Апазнаныя наступныя забітыя[7]:

  • Карапчаў: Мікалай Кодубан, Казьма Опаіц, Георгій Опаіц, Васіль Опаіц, Казьма Таварніцкі, Георгій Таварніцкі, Васіль Таварніцкі
  • Купка: Іван Бельмега, Іван Газу, Аркадзь Плеван, Міхаіл Цугуй
  • Дымка: Мікалай Дрэварук, Пётр Кимбру, Васіль Кимбру, Пётр Яну
  • Сучэвены: Драгаш Бостан, Таццяна Ліпастян, Георгій Сідарак, Канстанцін Сучевян
  • Йорданешты: Дзмітрый Галац, Іван Галац, Мікалай Галац, Дзмітрый Опаіц, Канстанцін Молнар
  • Ніжнія Пятроўцы: Захар Бойчу, Ана Феадаран, Георгій Феадаран, Мікалай Феадаран, Фёдар Феадаран, Мацей Гаўрылюк, Іван Пэтрэчану, Стеван Павел, Рахіль Пажога
  • Верхнія Пятроўцы: Канстанцін Кучурану, Георгій Мацок, Аркадзь Урсулян
  • Іншыя вёскі: Іван Каблюк, Пётр Косташ, Іван Гудзіма, Пётр Палахнюк

Румынскія ўлады сцвярджаюць са спасылкай на Нацыянальны архіў Бухарэста, што ахвяр было больш і што напад было спланаваны савецкімі пагранічнікамі: яны прыводзяць паказанні сведак пра больш чым 200 ці нават 2000 ахвяраў, забітых з стралковай зброі, і мноства параненых[2][5], якіх, нібыта, дабівала кавалерыя шаблямі. Некаторых тых, хто выжыў прывязвалі да коней і валаклі да месца, дзе былі выкапаныя пяць ям: туды кідалі і забітых, і яшчэ жывых, хаваючы жыўцом[2]. Іншых адправілі ў Глыбоку на допыт, дзе многія гінулі пасля катаванняў, а адтуль частка чалавек адвозілі на яўрэйскія могілкі, куды кідалі і хавалі жыўцом, заліваючы гашаную вапну[5]. На думку Ауреліана Кэрунту, у той дзень было забіта не 2 тысячы, а 7 або нават 15 тысяч чалавек. Сведкам тых падзей з'яўляецца Георгій Міхалюк 1925 г. н. (настаўнік на пенсіі), які апублікаваў кнігу «Акрамя сказанага» ў 2004 годзе і апісаў тое, што здарылася як «бойню», «генацыд» і «разню»[5].

  • Румынскія ўлады лічаць трагедыю ў Фынтына-Албэ рэпрэсіяй супраць румынскага народа, арганізаванай савецкімі ўладамі, і патрабуюць ад Расіі і Украіны прабачэнні за здзейсненыя дзеянні[8]. Украіна толькі з 2000 года падключылася да вывучэння фактаў: тады ж прайшла першая памінальная служба за спачын этнічных румынаў, якія загінулі пры пераходзе савецка-румынскай мяжы[5].
  • У Малдавіі штогод праводзяцца памятныя мерапрыемствы на гадавіну трагедыі: малдаўскія актывісты кожны год збіраюцца перад пасольсвам Расіі з патрабаваннем прынесці прабачэнні і прызнаць віну ў гібелі мірных грамадзян[9].
  • У Румыніі з 2014 года асобныя нацыяналістычныя арганізацыі патрабуюць ад уладаў афіцыйна правесці расследаванне падзей у Фынтына-Албэ. Да 1989 года ў Румыніі таксама забаранялася абмяркоўваць тэму падзей 1 красавіка 1941 года[10].

Крытыка версіі

[правіць | правіць зыходнік]

Праціўнікі афіцыйнай румынскай версіі падзей сцвярджаюць, што румынскі пісьменнік Паўлу Гоман, вядомы сваімі антысеміцкімі заявамі, наўмысна фальсіфікаваў паказанні сведак, перабольшыў колькасць загінулых і выдумаў факты аб жорсткай расправе з забітымі, з прычыны чаго яго называюць галоўным ідэолагам распаўсюджвання інфармацыі аб трагедыі ў Фынтына-Албэ[11]; таксама крытыкі абвінавачваюць іншых румынскіх гісторыкаў у хлусні, заснаванай на асабістых антыкамуністычных перакананнях даследчыкаў[12].

Зноскі

  1. а б Adevarul, 18 apr 2010
  2. а б в г д Gherasim
  3. 97-й Черновицкий погранотряд (руск.)
  4. а б в Popescu
  5. а б в г д е ё РЕЗНЯ В ФЫНТЫНА АЛБЭ: СОВЕТСКИМИ ВОЙСКАМИ БЫЛО УБИТО БОЛЕЕ 2 ТЫСЯЧ РУМЫН Архівавана 19 красавіка 2017. (руск.)
  6. а б в Lavinia Betea, «Masacrul din Fântâna Albă» Архівавана 21 мая 2008., Jurnalul Naţional, August 29, 2005 (руск.)
  7. 70 ЛЕТ ПАМЯТИ. 1 АПРЕЛЯ 1941 ГОДА 3 000 РУМЫН БЫЛО УНИЧТОЖЕНО СОВЕТСКИМИ ВОЕННЫМИ В СЕЛЕ ФЫНТЫНА АЛБЭ (БЕЛАЯ КИРИНИЦА), БУКОВИНА Архівавана 1 лютага 2018.(руск.) 
  8. Niewyk, Donald L. The Columbia Guide to the Holocaust, Columbia University Press, 2000, p.47: «The Romanian Holocaust is commonly defined as the murder of more than 250,000 Romanians by the Soviets in World War II.
  9. Протест у посольства России в память о жертвах, погибших у Фынтына Албэ (руск.)
  10. Пропрезидентские силы Румынии требуют расследовать инцидент при Фынтына Албэ, произошедший 70 лет назад Архівавана 6 красавіка 2014. (руск.)
  11. Румыния представила в Европарламенте свою «Катынь» (руск.)
  12. Порошенко приравнял НКВД к гестапо — «чума» не зависит от цвета (руск.)