З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Агнёўка яловая , Гімнапіл яловы (Gymnopilus sapineus ) — шапкавы базідыяльны грыб з роду гімнапіл сямейства страфарыевых.
Шапка дыяметрам 3—8 см, шыроказваночкападобная, пукатая, з апушаным краем, валакніста-лускаватая або з вохрана-бураватым адценнем. Мякаць жоўтая, пругкая, з горкім смакам і рэзкім пахам гнілой драўніны . Пласцінкі вузкія, чыстыя, прырослыя зубцом, вохрана-жоўтыя. Ножка цыліндрычная або каля асновы расшыраная, пустая, уздоўжвалакністая, з жаўтаватымі рэшткамі картыны, уверсе светлая, унізе бураватая. Споры яйцападобна-эліпсаідальныя, шурпатыя, іржава-бураватыя.
Пашырана ў Еўразіі , Паўночнай Амерыцы ; на Беларусі трапляецца ўсюды. Расце ў лясах групамі на галлі і пнях пераважна хвойных парод. Пладаносіць у жніўні-верасні.
Неядомая.