Мілавідская бітва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мілавідская бітва (1863) — бітва паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі ў час паўстання 1863—1864.

У сярэдзіне мая 1863 у лагеры пад Мілавідамі (Слонімскі пав., цяпер Баранавіцкі раён) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў:

Лагер паўстанцаў знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст—Бабруйск. Камандаванне аб'яднанымі сіламі ўзяў на сябе А. Лянкевіч. 21 мая паўстанцкія сілы ў мілавідскім лагеры інспектаваў Кастусь Каліноўскі.

На падаўленне паўстання царскія ўлады кінулі войскі са Слоніма і Нясвіжа. Першай падышла калона са Слоніма (3 роты Стараінгерманландскага пяхотнага палка з 4 гарматамі і коннай групай) на чале з падпалкоўнікам Булгарыным.

22 мая (3 чэрвеня) расійскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бітва пачалася каля паловы дванаццатай. Рускія наступалі з боку Чамёлаў, дзе іх удар на сябе прынялі 60 паўстанцаў, растаўленых на скрыўленні леса. Але яны хутка адступілі, збіраючыся на пляцоўцы для коней. Пачаўся ўпарты бой.

Рускія войскі, падышоўшы да ўзлеска, за якім размяшчаўся лагер, абстралялі яго карцечнымі стрэламі. Пасля гэтага першая рота рускіх войск пачала хуткае наступленне ўправа ад шашы. А першы ўзвод трэцяй роты, увайшоўшы ў лес, завязаў перастрэлку з боку пляцоўкі. Другі ўзвод трэцяй роты наступаў з боку Смалярні з барабанным боем, каб прыцягнуць да сябе ўвагу паўстанцаў і прымусіць іх адцягнуць свае сілы з месца асноўнага ўдара рускіх войскаў. Але паўстанцы не паддаліся на гэта, таму што разумелі непрыступнасць занятых імі пазіцый. Дзве гадзіны ішла перастрэлка на ўзлеску, пасля чаго Булгарын вымушаны быў адвесці першую роту ў рэзерв, а замест яе накіраваў другую, але і свежыя падмацаванні не дапамаглі. Рускія імкнуліся ўдарам дабрацца да сцяжынкі, якая злучала шашу з паўстанцкім лагерам, і такім чынам перарэзаць сілы паўстанцаў. Але максімум, што ўдалося рускім, гэта ў некалькіх месцах прасунуцца да поўступаў да лагера. Пры чым адтуль яны былі адкінутыя касінерамі на чале з Ельскім і з ксяндзом Лашкевічам, якія тройчы вадзілі падначаленых ім паўстанцаў у атаку. Паўстанцам таксама ўдалося паралізаваць дзеянні трэцяй роты рускіх пад кіраўніцтвам маёра Ягорава[1].

У сувязі са стратамі, стомленасцю войск і надыходам цемры Булгарын прыняў рашэнне аб адступленні, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі. Хутка ім на дапамогу падаспела калона з Нясвіжа (2 роты Новаінгерманландскага палка), і назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер і разышліся ў розныя бакі (іх страты — 18 чал.). Такім чынам, паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі.

Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы паводле загаду Булгарына былі пахаваны каля шашы ў розных магілах.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

На месцы пахавання расійскіх салдат быў устаноўлены чыгунны крыж, у гонар паўстанцаў — капліца-помнік (1930-я).

У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

Зноскі

  1. Герасімчык Васіль, Мілавідская бітва // Слонімскі край. - 2016. - № 5. - с. 2.[1]