Перайсці да зместу

Аляксандр Тарасевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Тарасевіч
Дата нараджэння каля 1640
Месца нараджэння
Дата смерці 1727[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, графік, гравёр па медзі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Тарасевіч (у чарнецтве — Антоній; аўтогр. Alexander Tarasowicz; укр. Олександр Тарасевич; каля 1650, Глуск — паміж 12.06 і 15.08 1727, Кіеў) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Мяркуецца, што будучы гравёр нарадзіўся ў Глуску (зараз у Магілёўскай вобл.). Падставай служыць факт, што мастак у ранні перыяд творчасці там працаваў, аб чым сведчаць надпісы на гравюрах. Верагодна, брат Лявонція Тарасевіча.

Месцам атрымання мастацкай адукацыі даследчыкі лічаць нямецкі Аўгсбург, дзе вучыўся ў гравёраў Кіліянаў. Аб гэтым яшчэ ў 1858 выказаў меркаванне нямецкі мастацтвазнаўца Г. Наглер, адзначаючы падабенства графічнай манеры Тарасевіча да школы Кіліянаў, акрамя таго, у асабістай бібліятэцы майстра было шмат аўгсбургскіх выданняў.[2]

Ранні перыяд творчасці гравёра праходзіў у Глуску, што вынікае з подпісу майстра на тытуле кнігі «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…» («Малітвы і службы Маці Боскай Марыі…»): «Alexander Tarasowicz scuipsit anno 1672 w Hlusku» («Аляксандр Тарасовіч гравіраваў года 1672 у Глуску»).[2] У 1680-я гады мастак пераехаў з Глуска ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі.[3]

Каля 1688 г. Тарасевіч пакідае Беларусь і Літву і пераезджае ў Кіеў, які толькі што адышоў да Маскоўскай дзяржавы. У Кіева-Пячэрскай лаўры ён прыняў чарнецтва і ўзяў новае імя Антоній. На Украіне ён стаў пачынальнікам школы медзярыту, але ўласных гравюр стварыў усяго некалькі: партрэты палітычнага дзеяча Васілія Галіцына (1690), Мялеція Анціахійскага (1693), чарнігаўскага архіепіскапа Лазара Барановіча (1693). З 1705 года Антоній вядомы як намеснік Свенскага манастыра (каля Бранска).

Закончыў А.Тарасевіч свой жыццевы шлях ігуменам Кіева-Пячэрскай лаўры. Пасля яго смерці ва ўласнасць Кіева-Пячэрскай лаўры перайшла бібліятэка, якую, відавочна, мастак прывёз з сабою ў Кіеў з Беларусі (рэестр бібліятэкі быў апублікаваны ў 1901).

Найбольш раннімі з вядомых твораў А. Тарасевіча з'яўляюцца 40 медзярытаў да кнігі «Rosarium…», якія былі створаны, відаць, у Глуску. Над гэтым цыклам мастак працаваў, верагодна з 1672 да 1677. Кніга выдавалася двойчы — у Аўгсбургу і Вільні. 40 ілюстрацый дзеляцца на дзве групы: каляндарны цыкл (12 медзярытаў, 6,3 х 9,7 см) і гравюры на евангельскія сюжэты (27 медзярытаў, памеры ў большасці — 16 х 13 см), якія па зместу, стылю і манеры выканання між сабой адрозніваюцца. Калі каляндарны цыкл блізкі да прац П. Брэйгеля і выўначаецца асабістымі назіраннямі народнага жыцця, то ў ілюстрацыях на евангельскі сюжэт адчуваецца веданне рэнесанснага і сучаснага мастаку заходнееўрапейскага жывапісу і графікі.[2]

Кампазіцыя тытульнага ліста заснавана на матыве брамы. Але тут дамінуюць не архітэктурныя формы, а выяўленыя фігуры Маці Боскай, апосталаў, святых, асобных біблейскіх персанажаў і істот. Нягледзячы на даволі значную іх колькасць, аркуш не выглядае перагружаным. Мастак дасягнуў гарманічнага суаднясення планаў і прапорцый форм. Па краях брамы паказаны апосталы: злева (зверху ўніз) — Матвей, Пётр, Лука, справа — Марк, Павел, Іаан Евангеліст. У іх руках ці побач выяўлены кананічныя для гэтых асоб прадметы і істоты — анёл, леў, цялец, ключы, меч. У самым версе тытульнага ліста ў авальным картушы прадстае Святы Казімір. Цэнтральную частку аркуша займае фігура Маці Боскай, паказаная ў промнях ззяння мандорлы, ля яе ног — укленчаныя святыя Францыск і Дамінік.[4]

Пакланенне вешчуноў (з кнігі «Rosarium…»), 1672-77

Біблейскія сюжэты трактуюцца ў адпаведнасці з ужо прынятымі кананічнымі схемамі. Разам з тым мастак імкнецца да ўласнай трактоўкі сюжэтаў, вобразаў, бачання падзей, напаўняе іх каларытнымі дэталямі. Выразныя ракурсы, дынамічнасць, багатыя і разнастайныя пластычныя рашэнні ў ласцівы гэтым кампазіцыям.

Усе выявы невялікія па памерах. Адсюль амаль ювелірная прапрацоўка форм штрыхом пры захаванні яснасці ў суаднясенні планаў. Напрыклад, у сцэне «Пакланенне вешчуноў» мастак падкрэслена супастаўляе, манументальныя, урачыстыя вобразы вешчуноў і пазбаўленыя параднасці фігуры Маці Божай і Святога Іосіфа. Перад гледачом паўстаюць звычайныя людзі, якія крыху ўстрымана ўспрымаюць падзею, адносяцца да яе як да неабходнасці. Асабліва ўражвае вобраз Святога Іосіфа — адкрыты твар, адведзеная ў бок рука, у якой ён трымае зняты капялюш, крыху нахілены рух фігуры, у якім нібыта прасочваецца жаданне разгледзець усю падзею. Гэта свет простых людзей з іх паўсядзённым жыццём і немудрагелістымі пачуццямі.[4]

Кастрычнік (з кнігі «Rosarium…»), 1672-77

Другую частку складаюць каляндарныя выявы: 12 невялікіх па памеры кампазіцый, у кожнай з якіх паказаны месяцы года ў адпаведнасці з традыцыйнымі сялянскімі работамі. Практычна ўсе гравюры заснаваны на выкарыстанні ілюстрацый заходнееўрапейскіх выданняў. Гэта пацвярджаюць, напрыклад, характэрныя паўднёванямецкія пейзажы, выгляд тутэйшых утульных гарадкоў, адметнасць некаторых сезонных работ. Нягледзячы на гэта, у многіх выяўленых сцэнах, у абліччы іх удзельнікаў заўважаюцца трапныя мясцовыя назіранні, блізкія да беларускага быту: напрыклад, у кампазіцыях «Чэрвень», дзе сяляне стрыгуць авечак і мыюць воўну, «Кастрычнік», дзе паказаны земляробчыя работы, «Лістапад» са сцэнай нарыхтоўкі дроў. У кожную сцэну мастак уключае сімвалічныя выявы сузор'яў, адпаведныя месяцам, суправаджае іх подпісамі.[4]

Верагодна, ілюстрацыі да «Rosarium…» прынеслі мастаку шырокую вядомасць, паколькі кнігі з яго малюнкамі неўзабаве выходзяць у Вільні, Кракаве, Слуцку, Замосці. Акрамя кніжнай ілюстрацыі А. Тарасевіч шмат працаваў у партрэтным жанры. Вядома, што мецэнатам мастака выступаў маршалак Аляксандр-Гілярый Палубінскі, для якога А. Тарасевіч у 1675 у Глуску выканаў медзярыт «Радаслоўнае дрэва…».[2]

У друкарні Віленскай акадэміі зафіксавана пяць выданняў з яго гравюрамі. Вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Тры філасофіі…» (1675), «Рацыянальная філасофія…» (1683) і інш. Кніга «Скарбніца святога жыцця…» (1682) утрымлівая 42 медзярыты з адлюстраваннем касцёльнай службы — другі па колькасці цыкл медзярытаў Тарасевіча пасля кнігі «Rosarium…».[2]

А. Тарасевіч супрацоўнічаў таксама са слуцкай друкарняй. Для аднаго з яе выданняў у 1685 ён выканаў медзярытны партрэт мінскага харунжага Казіміра Клакоцкага.[2]

Лічыцца, што А. Тарасевіч стварыў на Беларусі і Літве асобную школу гравюры. Аднак мастак не пакінуў пасля сябе непасрэдных пераймальнікаў. Як і дрэварыты Ф. Скарыны, яго працы для паслядоўнікаў засталіся недасягальныя[2].

Зноскі

  1. Aleksander Tarasowicz // NUKAT — 2002.
  2. а б в г д е ё В. Шматаў (1984)
  3. Б. Лазука (2007)
  4. а б в Б. Лазука