Баальбекская тэраса
Баальбекская тэраса — руіны старажытных гіганцкіх збудаванняў у г. Баальбек у даліне Бекаа, ля падножжа Антыліванскіх гор, за 85 кіламетраў на паўночны ўсход ад Бейрута. З'яўляецца часткай грандыёзнага храмавага ансамбля.
Агульнае апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Спосаб будаўніцтва тэрасы дагэтуль застаецца для даследчыкаў нявысветленым.
Паводле памераў і аб'ёму работ Баальбекскае свяцілішча — найбуйнейшы храмавы комплекс на Блізкім Усходзе. Ён фарміраваўся на працягу двух тысячагоддзяў: храм старажытнага бажаства Фінікіі Баала (Ваала) — у антычныя часы Геліёпаліс (Горад Сонца, XVIII ст. да н.э.) — у эпоху рымскага імператара Аўгуста Баальбек храм Юпітэра — у часы Візантыйскай імперыі хрысціянскі храм — потым эпохі арабскага і турэцкага панавання.
Плошча Баальбекскай тэрасы складае 49х89 метраў. Тэраса, на якой пабудаваны храм Юпітэра складаецца з дзевяці радоў каменных блокаў-маналітаў, кожны памерам ад 11х4,6х3,3 м (300 тон) да 19,1х4,3х5,6 м. (750 тон). З паўночна-заходняга боку тэрасы ўбудаваны тры найбуйнейшыя ў свеце апрацаваныя маналіты. Іх называюць «Трылітон» або «Цудам трох камянёў». Гэтыя камяні маюць даўжыню 29 м, вышыню 4 м і таўшчыню 3,6 м. Вага кожнага з трох гігантаў складае ад 800 да 1000 тон. Прычым, камяні Трылітона так акуратна складзены і так дакладна злучаны адзін з адным, што паміж імі амаль немагчыма прасунуць нават іголку. На тэрасе ўзвышаюцца шэсць самых высокіх на Зямлі калон (22 м) — рэшткі храма Юпітэра, які дасягаў у даўжыню 90, а ў шырыню 50 метраў. Храм акружала магутная каланада з 52 калон. Храм Юпітэра пачаты ў часы імператара Антаніна Пія і завершаны пры імператары Нероне (37-68 гады н.э.). Лічыцца, што пры ўзвядзенні гэтых гіганцкіх каменных збудаванняў прыменены «азіяцкі спосаб вытворчасці», калі тысячы людзей, абляпілі, як мурашы, гіганцкія каменныя блокі, часалі і цягнулі іх за дзясяткі вёрст. Каменяломня знаходзіцца прыкладна за 1 км ад Баальбекскай тэрасы. У гэтай каменяломні знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце апрацаваны камень — так званы «Паўднёвы камень» — велізарная каменная глыба, памерамі 23х5,3х4,55 м (1000 тон) высечаная звычайнымі зубіламі. Тэхналогія паводле якой перасоўвалі і падымалі такія камяні, вырабленыя яшчэ ў да рымскія часы, невядомая (верагодная — тэхналогія «землянога насыпу»). Па разліках для перамяшчэння «Паўднёвага каменя» спатрэбіліся б сумесныя намаганні ад 40 да 60 000 чалавек.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wiegand Th. Baalbek, Ergebnisse der Ausgrabungen und Untersuchungen in den Jahren 1898 bis 1905. Bd 1-3. В. 1921-25.
- Champdor A. L'Acropole de Baalbek. — P. 1959.
- Гарій Бурланський, Ростислав Фундуй. Загадки давнини. Білі плями в історії цивілізації (науково-художнє видання). Київ:Веселка. 1988. 192 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх