Белорусская правда
«Белорусская правда» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавальнік | Палітаддзел Рэвалюцыйнага ваеннага савета Заходняга фронту |
Заснавана | 17 мая 1920 |
Спыненне публікацый | 17 чэрвеня 1920 |
Мова | руская |
Галоўны офіс | Смаленск |
«Белорусская правда» — агітацыйна-прапагандысцкая газета Палітаддзела Рэвалюцыйнага ваеннага савета Заходняга фронту і Беларускай рэдакцыйнай калегіі ЦК КП(б)ЛіБ. Выдавалася з 17 мая да 17 чэрвеня 1920 г. у Смаленску на рускай мове.
Паводле тактычных меркаванняў выходзіла як орган партызан-камуністаў. Распаўсюджвалася сярод мясцовага насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польскімі войскамі. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення РСЧА.
У № 1 гаварылася, што «газета ставіць сваёй задачай усяляк садзейнічаць працоўным Беларусі ў іх барацьбе са сваімі ворагамі, памешчыцкай шляхтай і яе агентамі — польскімі жандарамі і генераламі». Матэрыялы газеты былі скіраваны на ўздым партызанскай барацьбы ў тыле польскіх войск, дапамогу РСЧА, пераможнае наступленне якой забяспечыць аднаўленне савецкай улады і еднасць з Савецкай Расіяй (перадавыя артыкулы «Да працоўных Беларусі», «Без страху напераді», «Дружна наперад і мы пераможамі», «Нашы задачы», прапагандысцкія нарысы «Савецкая ўлада — гэта наша ўлада», «Зямля належыць вольнаму працоўнаму селяніну» і інш.). Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару («У лясы», «Як перамагчы», «Як арганізаваць партызанскі атрад», «Дзесяць запаведзяў чырвоных партызан»), нататкі пра ход партызанскай барацьбы пад рубрыкай «Як мы змагаліся за сваю свабоду». На яе старонках змяшчаліся вершы, сатырычныя куплеты пра польскіх акупантаў, словы на матывы вядомых песень «Хопіць крыві, катаванняў, стогнаў», «Партызанская марсельеза» і інш. Агітацыйны кірунак газеты дапаўняўся звесткамі пра зверствы акупантаў і заклікамі да помсты. Кожны нумар заклікаў чытаць і распаўсюджваць «сваю чырвоную газету». Амаль усе публікацыі агітацыйна-палітычнага і інструкцыйнага характару друкаваліся пад псеўданімамі Партызан А. Вольны, Чырвоны партызан, Вольны Беларус, літаратурныя — за подпісамі С. Фірына (псеўд. Батрак Сямён, Фірынюк).
Вядома 4 нумары: ад 17 мая, 31 мая, 7 чэрвеня і 17 чэрвеня 1920 г.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сяменчык, М. Я. «Белорусская правда» / М. Я. Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 6.