Перайсці да зместу

Вывяржэнне Кракатаў 1883 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вывяржэнне Кракатаў 1883 года — працяглае вывяржэнне і катастрафічны выбух вулкана Кракатаў у Зондскім архіпелагу. Адна з найбольш магутных і вядомых вулканічных катастроф у гісторыі чалавецтва.

Магнітуда VEI 6. Магнітуда вывяржэння — 9,5.[1] Энергія выбуху — 1026 эрг[1]. Аб’ём выкінутай пароды — ~18 км3[1].

Перад падзеямі

[правіць | правіць зыходнік]

Вулкан Кракатаў знаходзіўся на невялікім (9x5 км) аднайменным востраве Зондскага архіпелагу, складаўся з трох зрошчаных кратараў — Пербуатан, Данан, Раката. Побач былі малыя астраўкі Ланг і Ферлейтэн.

Пачатак падзей

[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час пачатку вывяржэння невядомы, бо астравы Кракатаў не былі ў той час заселеныя, і наведваліся надзвычай рэдка. Упершыню вывяржэнне заўважылі з караблёў, якія праходзілі Зондскі праліў. 20 мая 1883 года з германскага ваеннага карабля «Лізавета» назіралі грыбападобнае воблака, якое выходзіла з кратара і дасягала 11 км вышыні. Гэтыя з’явы працягваліся і ў наступныя дні, іх назіралі, напрыклад, з заходняга берагу Явы. Да Батавіі адчуваліся падземныя штуршкі, чуліся выбухі, выпадаў попел.

27 мая 1883 года ў кратары Пербуатан пачалі кожныя 5 — 10 мін. адбывацца выбухі, слупы пары і попелу дасягалі 2 — 3 тыс. м вышыні. На навакольных астравах дрэвы былі засыпаныя пемзай як снегам. Але ў наступныя дні сіла вывяржэння паменшала, і да канца жніўня вулканічная дзейнасць была ўмеранай і толькі часам перарывалася моцнымі выбухамі.

У сярэдзіне чэрвеня вулканічная дзейнасць актывізавалася. 24 чэрвеня 1883 года каля паўночнай часткі Данана з’явіўся новы кратар, які пачаў актыўна пашырацца, і ў хуткім часе паглынуў скалы Пербуатана. 11.8.1883 года з аднаго з караблёў бачылі ўжо тры вялікія кратары і мноства дробных, якія актыўна вывяргалі пару і попел. У далейшым попельны дождж яшчэ болей памацнеў.

Перад выбухам

[правіць | правіць зыходнік]

26 жніўня 1883 года каля 13 гадзін пачуўся моцны гуд, які разыходзіўся да самай Батавіі (а ўночы ён быў такім моцным, што не даваў спаць). Каля 14 гадзін з карабля «Медэя», які праходзіў Зондскі праліў, заўважылі слупы попелу вышынёй да 27 — 33 км. Каля 17 гадзін адбылося першае цунамі, верагодна, выкліканае абвалам кратара. Увечары пачаўся слабы попельны дождж, потым ён памацнеў; у блізкіх да месца падзеяў паселішчах адразу пасля заходу сонца настала непраглядная цемра. Чуўся гуд, мора хвалявалася, дробныя караблі залівала або выкідала на бераг; некалькі разоў моцныя хвалі затаплялі прыбярэжныя вёскі.

Караблі, якія праходзілі недалёка, былі густа засыпаныя попелам, напр., палубу карабля «Бербіс» попел засыпаў на глыбіню да 1 м. Атмасфера была поўная электрычнасці, на снасцях караблёў было відаць агні Святога Эльма, гара Кракатаў штомінуты асвятлялася яркімі маланкамі. Стырнавы на «Бербісе» ледзьве мог выстаяць каля стырна, бо атрымліваў удары току кожным разам, як дакранаўся да яго металічных частак.

27 жніўня 1883 года каля 6 гадзін раніцы мора яшчэ больш усхвалявалася, вялізарныя масы попелу, пемзы, шлакаў і цестападобнага бруду пайшлі ў Зондскі праліў.

Раніцаю 27 жніўня 1883 трохі развіднелася, але потым неба ізноў зацягнулася густымі попельнымі хмарамі, настаў змрок, які працягваўся да наступнага дня.

Каля 10:00 27 жніўня 1883 года адбыўся каласальны выбух. Газы, пара, попел, абломкі горных парод узняліся на вышыню 70—80 км. Цунамі, выкліканыя выбухам, дасягалі 30 м вышыні, і змылі ў мора літаральна ўсё на ўзбярэжжах бліжэйшых астравоў — гарады, вёскі, лясы, чыгуначны насып уздоўж берагу Явы, разбурылі гарады Анжэр, Бентам, Мярак і інш. Толькі нямногім людзям удалося ўратавацца.

У 10:54 адбыўся другі каласальны выбух, але гэтым разам без цунамі.

Яшчэ адзін выбух з слабым цунамі адбыўся ў 16:35.

Попельны дождж, бура і шторм на моры працягваліся ўсю ноч, але іх моц пачала слабець.

28 жніўня 1883 года неба пасвятлела, вывяржэнне стала слабейшым. Аднак, яшчэ і ў верасні, і ў кастрычніку адбываліся невялікія выбухі, і апошняе вывяржэнне было зарэгістравана 20 лютага 1884 года.

Грукат выбуху быў чутны на велізарнай адлегласці. У Байдэнзоргу на Яве, у 150 км ад выбуху, пазляталі з завесаў дзверы і вокны, са сцен абсыпаўся тынк. Выбух добра чулі ў Маніле (2000 км ад эпіцэнтру), Цэнтральнай Аўстраліі (3600 км), на в. Мадагаскары (4775 км).[2]

Марская хваля, выкліканая выбухам Кракатаў, абыйшла ўсю планету. Яе адзначылі на ўсім узбярэжжы Індыйскага акеану, каля берагоў Францыі, на атлантычным баку Панамскага каналу, на заходнім узбярэжжы Амерыкі.

Каля месца выбуху бушавалі ўраганы. Рух паветраных мас быў адзначаны ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Паветраная хваля ад выбуху тры разы абыйшла зямны шар, паводле бараметрычных назіранняў. Яе пачатковая хуткасць была ~1000 км/гадз.

Плошча выпадання попелу ацэньвалася як ~1000 тыс. км².

На месцы старога конусу ўтварылася кальдэра абвальнага тыпу[3], агульным папярочнікам каля 7 км (большы басейн — каля 4,5x5 км і глыбінёю да 279 м), абмежаваная рэшткамі трох галоўных астравоў колішняй групы Кракатаў — Раката, Ланг і Ферлейтэн. На 12 км вакол вулкана прадукты вывяржэння ўтварылі слаі да 20 — 40 м таўшчынёй, агульным аб’ёмам да 12 км³. Мора навокал, напрыклад, на поўнач да в. Себезі, пакрылася мелямі, і стала няторным для вялікіх караблёў.

Дробны попел, які пасля выбуху трапіў у верхнія слаі атмасферы, стаў прычынай своеасаблівай зялёнай афарбоўкі сонца, якая назіралася спачатку толькі блізу Кракатаў, а ў далейшым з’ява распаўсюджвалася, і яе назіралі, напр., на в. Цэйлон, на в. Маўрыкій, на заходнім узбярэжжы Афрыкі, у Бразіліі, Цэнтральнай Амерыцы і ў многіх іншых месцах. Іншыя незвычайныя атмасферныя з’явы назіраліся, пачаўшы з канца лістападу 1883 у Еўропе, і ў іншых месцах, — доўгі час пасля заходу сонца яго прамяні давалі пурпуравы водбліск на небе, а потым адразу наставаў поўны змрок.

Колькасць ахвяр вывяржэння — каля 40 тыс., паводле тагачасных афіцыйных звестак.

  1. а б в П. Хейдэрвары.
  2. І. А. Рэзанаў.
  3. Тыпы кальдэр паводле Х. Вільямса.
  • Резанов И. А. Атлантида: фантазия или реальность? — М.: Наука, 1975.