Галілея
Галілея — гістарычная вобласць на поўначы Палесціны, якая прымыкала да Міжземнага мора. Гістарычныя яе межы былі даволі неакрэсленыя. Вядома толькі, што на поўначы яна межавала з Сірыяй і ліванскімі гарамі, на захадзе — з Фінікіяй, на ўсходзе яе мяжой служыла рака Іардан, а на поўдні межавала з Самарыяй. Заселеная хурытамі і хананеямі, яна яшчэ ў часы Іосіфа Флавія (1 ст.) вызначалася багатымі нівамі, вінаграднікамі і садамі, якія абумовілі гушчыню яе засялення. Ужо ў 13—12 ст. да н.э. Галілея была захоплена ізраільцянамі. Яе жыхары, па сведчанню Iосіфа Флавія, славіліся храбрасцю і былі заўзятымі ворагамі рымлян. Грэчаская адукацыя, да якой з недаверам ставіліся іудзеі, у галілеян карысталася прыхільнасцю. Вось чаму ў некаторых гарадах Галілеі, найбольш значныя сярод якіх былі Кана Галілейская, Капернаўм, Назарэт і Тыверыяда, аддавалася перавага грэчаскай мове. Галілея адыгрывала важную ролю ў распаўсюджванні хрысціянства, таму ранніх хрысціян часта называлі «галілеянамі». У 1 ст. тут адбылося паўстанне супраць іудзейскай рабаўладальніцкай арыстакратыі, цесна звязанай з Рымам, і супраць рымскіх стаўленікаў — цароў Ірада Агрыпы II і інш. Для хрысціян Галілея мае асаблівае значэнне, паколькі з’яўлялася галоўным месцам прыбывання і дзейнасці Ісуса Хрыста.[1]
Зноскі
- ↑ Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. . — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3. С. 152.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. . — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Галілея
- Галілея Архівавана 7 кастрычніка 2013. на prichal.com