Хурыты
Выява на мітанійскай цыліндрычнай пячатцы
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Блізкі Усход |
Мова | хурыцкая |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | урарты, магчыма субарэі |
Хуры́ты † — старажытныя плямёны, па сваёй мове роднасныя урартам.
Хурыты вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Паўночнай Месапатаміі і на левых прытоках ракі Тыгр, у 2-м тыс. да н.э. таксама ў верхнім і сярэднім цячэнні ракі Еўфрат, у Сірыі, у гарах Таўра, месцамі ў Палесціне і інш. Xурытаў звязваюць з кура-аракскай культурай. Лічыцца, што цэнтрам іх распаўсюджання было Закаўказзе. У Сірыі і Месапатаміі жылі ўперамежку з семітамі.
У XVI—XIII ст. да н.э. хурыты заснавалі ў Паўночна-Заходняй Месапатаміі дзяржаву Мітані і паўплывалі на Хецкае царства. У 1-м тыс. да н.э. жылі разарванымі арэаламі па заходніх, паўночных і ўсходніх ускраінах Армянскага нагор’я.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Першыя даследчыкі Мітані прынялі хурытаў за індаеўрапейцаў, паколькі ў тэкстах гэтай дзяржавы сустракаліся індаарыйскія імёны людзей і багоў. Аднак далейшыя даследаванні паказалі, што хурыцкая мова была звязана з урарцкай, але не з індаеўрапейскімі, а індаарыйскія імёны сустракаюцца толькі сярод вышэйшых колаў Мітані.
У нашы дні разглядаюцца тры асноўныя версіі паходжання хурытаў і ўрартаў:
- Продкі хурытаў і ўрартаў мігрыравалі з Месапатаміі. Дадзеная версія засноўвалася на быццам бы антрапалагічным падабенстве хурытаў і шумераў, але не знайшла пацверджанняў.
- Продкі хурытаў і ўрартаў мігрыравалі з Каўказа. Ігар Дзьяканаў знаходзіў падабенствы ў хурыцкай і нахскіх мовах. Меркаваная прарадзіма — Кура-аракская культура.
- Хурыты з’яўляюцца прамымі нашчадкамі неалітычнага насельніцтва Блізкага Усходу.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Матэрыялы для вывучэння хурыцкай мовы: надпіс хурыцкай жрыцы Цішары з Уркіша (3-е тыс. да н.э.), рэлігійныя тэксты з Мары і Вавілоніі, акадска-хурыцкія білінгвы (двухмоўныя тэксты) і фрагменты шумерска-хурыцкага слоўніка з Угарыта, рэлігійна-літаратурныя тэксты з Хатусаса (гл. Багазкёй; 2-е тыс. да н.э.) і інш.
У сваёй пісьменнасці карысталіся рознымі відамі клінапісу.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігія хурытаў была політэістычнай, заснаванай на веры ў шматлікіх багоў.
Міфалогія, культы і рытуалы хурытаў не з’яўляліся чымсьці аднастайным, не было адзінай сістэмы[1] . Хурыты актыўна пераймалі ў свой пантэон багоў іншых народаў або атаяснялі іх з ужо наяўнымі. Асабліва актыўна яны ўзаемадзейнічалі з месапатамскім пантэонам[1] .
Існавалі агульнапрызнаныя ва ўсіх хурытаў божаствы, напрыклад Тэшуп (бог буры і цар астатніх багоў[1] ). Самая галоўная багіня хурытаў — Шавушка. У яе падпарадкаванні былі пытанні цялеснага кахання і войны[1] . Што характэрна, у Царстве Мітані яе наогул шанавалі як вярхоўную багіню[1] . Богам Сонца і Месяца быў Шыміке[1] . Да найстаражытнейшых запазычаных багоў адносіцца Нерыгал[1] .
Да дахурыцкіх, аднак шанаваных хурытамі багоў можна аднесці бога вайны Аштабі[1] . Існавалі ў хурыцкім пантэоне і так званыя падземныя багі[1] .
Найбольш важныя багі:
- Кумарбі — вышэйшы бог, заступнік Уркеша.
- Хепат — багіня жыцця, звязаная з культам мацярынства.
- Тэшуб — бог надвор’я, блізкі па функцыях да ўрарцкага бога Тэйшэба.
- Шаушка — багіня ўрадлівасці. Культ Шаушкі блізкі да культу Іштар.
- Шымегі — бог сонца.
У дзяржаве Мітані вышэйшыя колы таксама шанавалі індаарыйскіх багоў.
Міфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Магчымасці вывучэння хурыцкай міфалогіі абмежаваныя крыніцамі з Хатусы[1] . Большасць хурыцкіх міфаў дайшла да нас на хецкай мове.
У цэнтры даступнай нам хурыцкай міфалогіі стаіць уяўленне пра чаргаванне пакаленняў багоў і іх спадчыннасць[1] . Цікавым прадстаўніком хурыцкай міфалогіі з’яўляецца «Песня пра царства ў нябёсах», якая апавядае пра ўсталяванне панавання бога буры[1] .
З аднаго боку, хурыты запазычылі сюжэты месапатамскай міфалогіі. З другога, яны аказвалі ўплыў на вераванні іншых народаў Блізкага Усходу.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Хурыты // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 76. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Wilhelm, G. The Hurrians / Gernot Wilhelm. — Warminster, 1989. ISBN 0856684422
- Вильхельм, Гернот. Древний народ хурриты: Очерки истории и культуры. — Москва: Наука, 1992. — 158 с. — (По следам исчезнувших культур Востока). — ISBN 5-02-016596-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хурыты
- The Hurrians Архівавана 30 ліпеня 2016.
- Hurrians and subarians
- Robert Antonio, The Hurrians. The Rise of the Hurrians Архівавана 27 мая 2011.
- Hurrian Empire of Mitanni (Naharina / Hanigalbat)