Перайсці да зместу

Галіна Валянцінаўна Пальянава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галіна Валянцінаўна Пальянава
Дата нараджэння 7 лістапада 1980(1980-11-07) (44 гады)
Месца нараджэння
Род дзейнасці перакладчыца, мовазнаўца
Навуковая сфера мовазнаўства[1] і пераклад[1]
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук (2008)
Альма-матар

Галіна Валянцінаўна Пальянава (нар. 7 лістапада 1980, Свіслач, Гродзенская вобласць) — лінгвістка, перакладчыца[2].

Скончыла Свіслацкую сярэднюю школу № 1 імя Кастуся Каліноўскага з залатым медалём. Без уступных экзаменаў залічана ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Стажыравалася ў Люблінскім універсітэце імя М. Складоўскай-Кюры і Чанстахоўскай вышэйшай педагагічнай школе. У сакавіку—ліпені 2003 года вучылася ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Скончыла БДУ з адзнакай па спецыяльнасці «Славянская філалогія». Скончыла аспірантуру БДУ. У 2005—2006 гадах вучылася ў Вроцлаўскім універсітэце па праграме Ураду Рэспублікі Польшча для маладых вучоных.

Кандыдат філалагічных навук. Абараніла дысертацыю па тэме «Дзеяслоўныя дэрывацыйныя спалучэнні ў сучаснай польскай мове». У 2008 годзе атрымала дыплом за найлепшую дысертацыю, прысвечаную польскай тэматыцы, на конкурсе навуковых работ пад патранатам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Даследуе з’яву аналітызму ў славянскіх мовах, аўтар манаграфіі «Глагольные деривационные сочетания в современном польском языке» (Мінск, 2010).

Вымушана звольнілася з пасады дацэнта БДПУ імя М. Танка[3]. З 2011 года перакладчыца ў Пасольстве Польшчы[4].

Супрацоўнічае з былым міністрам замежных спраў і вядомым калекцыянерам Пятром Краўчанкам. У 2015 годзе падчас урачыстасцей да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага, арганізаваных пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, адбылася прэзентацыя невядомых лістоў і дакументаў роду Агінскіх з перакладам на беларускую мову, пра што была публікацыя ў «Звяздзе» ад 4 лістапада 2015 года. Праца над перакладамі лістоў і дакументаў, важных для беларускай гісторыі і культуры, працягваецца. Іншыя культурныя праекты: выставы «Социальные последствия Первой мировой войны в архивных материалах» (Мінск, 2014), «Пілігрым свабоды» (Нацыянальны мастацкі музей, Мінск, 22 кастрычніка 2015), «Хрышчэнне 966. Ля вытокаў Польшчы» (Касцёл св. Сымона і св. Алены, Мінск, 25 верасня 2016), паказ дакументальных фільмаў «Мир Иосифа» і «Стелла» (Гродна, 20 лістапада 2016), выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі і альбом «Польскі пейзаж. Францішак Рышард Мазурэк. Жывапіс» (Мінск, 2017), выстава «Святой крест против свастики» (Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінск, 12 снежня 2017), альбом «Радзівілы: лёсы краіны і роду» (Мінск, 2017), выстава «Рада дапамогі габрэям Жэгота» (Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Мінск, 19 красавіка 2018).

Супрацоўнічае з Ірынай Пальянавай (нар. 7.11.1980, скончыла з адзнакай Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы і магістратуру БДУ, магістр гуманітарных навук). Разам яны аўтары падручнікаў «Польский для всех: Читай. Слушай. Говори» (Масква, 2012, 2014, 2016), «Польский язык без трудностей перевода» (Мінск, 2016), «Język polski dla każdego. Польский для всех» (Мінск, 2017), «Język polski. Teksty do uzupełniania i tłumaczenia» (Мінск, 2018)[5], «Język polski dla każdego. Польский для всех. Polish for everyone» (Мінск, 2020, 2022), «Польский для всех. Сборник упражнений» (Мінск, 2023).

Перакладаюць з польскай мовы: Славамір Копер «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» (Мінск, 2017, на беларускай мове), Рычард Цвірлей «Контрабанда без правил» (Мінск, 2019) і «Смертельный удар» (Мінск, 2020).