Перайсці да зместу

Дровы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дровы

Дро́вы — ссечаныя і распілаваныя часткі дрэваў, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб паліць у печы, коміне альбо вогнішчы для атрымання цяпла і святла. Большая частка дроваў мае форму палена.

Тэхналогія вытворчасці

[правіць | правіць зыходнік]

Камлі дрэваў і тоўстыя галіны пілуюць на кавалкі даўжынёй 40—60 см, якія пасля расколваюць сякерай уздоўж на драбнейшыя кавалкі. Часам для гэтага працэсу выкарыстоўваецца адмысловая сякера, лязо якой мае форму кліна з вуглом прыкладна ў 30°.

Правільнай стойкай падчас сячэння дроваў лічыцца такая, калі ногі расстаўленыя шырэй за плечы. Гэта прадухіліць ад пашкоджанняў у выпадку промаху, няўдачнага ўдару альбо ламання сякеры.

Самымі «спякотнымі» лічацца дровы з бярозы, а самымі халоднымі — з асіны.

Беларускія традыцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Нарыхтоўкай дроваў зазвычай займаліся мужчыны. Лічылася, што ў таго, хто першы ссек дрэва на дровы да наступнай зімы, «жыццё будзе цяплейшым і багацейшым».

Час, на працягу якога займаліся нарыхтоўкай дроваў, называўся дрывасекам. Звычайна ён пачынаўся вясной, у сакавіку-красавіку, а скончваўся 22 кастрычніка — на Якуба-дрывасека — ахоўніка дрывасекаў. У пэўных мясцовасцях дровы нарыхтоўвалі талакой.

Нарыхтоўкай дроваў забаранялася займацца ў пэўныя дні: на Каляды, на Саракі, у перадвелікодную пятніцу, у чацвер на Траецкім тыдні, а таксама ў нядзелю і ў святы. Таксама забаранялася секчы дровы пасля заходу сонца. З відаў дрэваў забаранялася секчы рабіну, бузіну, асіну, шыпшыну, вішню. Таксама не дазвалялася секчы на дровы дрэва, у якое трапіла маланка альбо якое было вывернута з коранем падчас навальніцы. Лічылася, што нарыхтоўка такіх дрэваў выклікае хваробу ці смерць кагосьці з жыхароў хаты.

Каб дзіця не нарадзілася з рассечанымі вуснамі, цяжарнай жанчыне было неабходна пазбягаць месцаў, дзе пілуюць і сякуць дровы. Падчас вяселляў жаніха часам прасілі пакалоць дровы, каб паказаць сваю спрытнасць і гаспадарлівасць.

Тое, як дровы гарэлі ў печы, сведчыла пра будучае надвор'е: гараць з трэскам — будуць маразы; дрэнна распальваюцца, дымяць — да адлігі.