Перайсці да зместу

Дыскас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сярэбраны дыскас, Пскоў, XVI стагоддзе

Ды́скас (грэч. δίσκος, «круглая талерка») — у Праваслаўнай царкве адна з літургічных пасудзін. Уяўляе сабой талерку на ножцы з выявай сцэн з Новага Запавету, часцей за ўсё — немаўля Ісуса Хрыста. Аналагічны сподак у каталіцтве называецца патэна. Галоўнае адрозненне ўсходняга дыскаса ад заходняй патэны — наяўнасць у дыскаса масіўнага падножжа.

Выкарыстоўваецца падчас Літургіі. Паводле літургічных тлумачэнняў дыскас сімвалізуе Віфліемскія яслі, а таксама труну, у якой было пахавана цела Ісуса Хрыста.

На яго ў час літургіі кладуцца асаблівым чынам выразаная на Праскамідыі з прасфоры сярэдняя яе частка з пячаткай наверсе. Гэты чатырохвугольны кубападобны кавалак прасфоры, надрэзаны з ніжняга боку крыжападобна да самай пячаткі, завецца ягнём — асвячоны хлеб, падрыхтаваны для наступнага ператварэння яго, паводле хрысціянскага веравучэння, у Цела Хрыстова, што адбываецца на тым жа дыскасе.

Пры перанясенні дыскас звычайна трымаюць не за ножку (як пацір), а за краі.