Дэйр-эз-Зор[2] — горад на паўночным усходзе Сірыі, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай мухафазы. Размешчаны на правым беразе ракі Еўфрат. Транспартны вузел на рачным шляху Эр-Рака — Багдад і аўтатрасе Пальміра — Фадгамі. За 432 км ад Дамаска, за 320 км ад Алепа. Да грамадзянскай вайны ў Сірыі горад называлі Жамчужынай пустыні. У ходзе вайны ён цярпеў сур’ёзныя разбурэнні. Паводле дадзеных перапісу 2004 года насельніцтва горада налічвала каля 212 тысяч чалавек. За час баявых дзеянняў значная доля жыхароў пакінула горад. За 85 км на паўднёвы ўсход ад горада знаходзіцца археалагічны помнік Дура-Эўрапос — рымская крэпасць на Еўфраце, за 120 км у тым жа кірунку — рэшткі старажытнага горада Мары. У эпоху Рымскай імперыі быў важным гандлёвым цэнтрам паміж Рымам і Індыяй.