Епархіяльныя вучылішчы
Епархіяльныя вучылішчы — сярэднія жаночыя навучальныя ўстановы ў Расійскай імперыі. Заснаваны паводле Статута 1843 г. пераважна для дачок праваслаўнага духавенства. Утрымліваліся на сродкі збораў з цэркваў, свечачных заводаў і інш.
Падпарадкоўваліся Сіноду. Навучальны курс (6 класаў, з 1900 г. спецыяльны дадатковы 7-ы педагагічны клас) набліжаўся да курса жаночых гімназій. Епархіяльныя вучылішчы мелі розную арганізацыю і ў іх прымаліся толькі дачкі праваслаўнага духавенства. У 1868 г. атрымалі адзіны статут і для навучання сталі прымацца прадстаўніцы іншых саслоўяў. Пры гэтым дачкі святароў навучаліся бясплатна, а дзяўчынкі з іншых саслоўяў за аплату. Выпускніцы атрымлівалі права хатніх настаўніц і настаўніц пачатковых, пераважна сельскіх, школ (з 1884 г. — царкоўнапрыходскіх). Пры некаторых епархіяльных вычулішчах існавалі пачатковыя школы, у якіх выхаванкі старэйшых класаў праходзілі практыку.
У 1888 г. было 40 епархіяльных вучылішчаў, у якіх праходзілі навучанне 10 тыс. навучэнцаў. У 1912 г. існавала 70 вучылішчаў і 26,5 тыс. вучаніц. На тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў існавалі наступныя епархіяльныя вучылішчы: Спаса-Ефрасіннеўскае каля Полацка (з 1844 г.), у Парычах (з 1860 г.), Мінску і Магілёве (1863 г.), Віцебску (1864 г.).
Ліквідаваны паводле пастановы Савета народных камісараў РСФСР ад 24 снежня 1917 г. і спынілі сваё існаванне ў 1918—пачатку 1920-х гадоў
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Епархіяльныя вучылішчы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). — С. 391—392.