Звод законаў Хамурапі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Законы Хамурапі на базальтавым слупе

Звод законаў Хамурапі або Кодэкс Хамурапі — адзін з найстаражытнейшых і найзахаванейшых заканадаўчых кодэксаў старажытнага Вавілона, створаны каля 1780 да н.э. на загад вавілонскага цара Хамурапі.

Кароткія звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Законы Хамурапі былі знойдзены французскімі археолагамі падчас раскопак у 19011902 гадах у Сузах (тэрыторыя старажытнай Месапатаміі). Звод Хамурапі ўяўляў сабой чорны базальтавы слуп з выразанымі на ім 282 законамі.

Законы выбіты клінапісам на абодвух баках слупа на класічным вавілонскім дыялекце акадскай мовы. У верхняй частцы слупа выяўлены сам Хамурапі, які прымае законы з рук бога сонца Шамаша. Частка тэксту законаў была збіта і можа быць часткова адноўлена з іншых крыніц, напрыклад, цытат законаў на гліняных таблічках.

Законы Хамурапі непасрэдна выцякаюць з шумерскай прававой традыцыі і з'яўляюцца адной з найважнейшых крыніц для вывучэння права і сацыяльна-эканамічнага ладу Месапатаміі таго часу. У цэнтры ўвагі законаў гаспадарчыя, эканамічныя і сямейныя адносіны. Абмяжоўваюцца і рэгламентуюцца прыватнаўласніцкія адносіны, зацвярджаецца дзяржаўны кантроль над гаспадарчым жыццём.

Асноўная ўвага нададзена апісанню караў за розныя правапарушэнні. Законы прадугледжваюць строгую сістэму пакаранняў: практычна любы крадзеж караецца смерцю.

Структура Зводу законаў Хамурапі[правіць | правіць зыходнік]

Зборнік законаў складаецца з пралогу, 282 артыкулаў і эпілогу. У законах Хамурапі рэгулююцца грамадзянскія, абавязацельныя, працоўныя, шлюбна-сямейныя, крымінальныя і крымінальна-працэсуальныя адносіны. Гэты зборнік не мае выразнай сістэмы выкладання матэрыялу, аднак пэўная ўнутраная сістэма ў кодэксе прасочваецца:

  • ст.1-5 — суд і судаводства; скіраваныя супраць самавольства і валакіты ў судах, устанаўліваецца адказнасць для нядобрасумленных суддзяў;
  • ст.6-126 — пытанні ўласнасці, яе абарона, усталёўваецца пакаранне за замах на яе;
  • ст.127-195 — шлюб, сям'я, атрыманне ў спадчыну. Разглядаюцца пытанні пра формы і ўмовы заключэння шлюбу, магчымыя ўмовы шматжонства, разводу, маёмасныя і асабістыя адносіны мужа і жонкі, прадугледжаны розныя злачынствы супраць сям'і, рэгулююцца пытанні атрымання ў спадчыну маёмасці памерлых;
  • ст.196-214 — злачынствы супраць асобы, яе жыцця, гонару і годнасці;
  • ст.215-282 — нормы працы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Bryant, Tamera (2005). The Life & Times of Hammurabi. Bear: Mitchell Lane Publishers. ISBN 978-1-58415-338-2.
  • Mieroop, Marc (2004). King Hammurabi of Babylon: a Biography. Cambridge: Blackwell Publishers. ISBN 978-1-4051-2660-1.
  • Hammurabi, King; C. H. W. Johns (Translator) (2000). The Oldest Code of Laws in the World. City: Lawbook Exchange Ltd. ISBN 978-1-58477-061-9.
  • Falkenstein, A. (1956–1957). Die neusumerischen Gerichtsurkunden I–III. München.
  • Elsen-Novák, G. / Novák, M.: Der 'König der Gerechtigkeit'. Zur Ikonologie und Teleologie des 'Codex' Hammurapi. In: Baghdader Mitteilungen 37 (2006), pp. 131–156.
  • Julius Oppert and Joachim Menant (1877). Documents juridiques de l'Assyrie et de la Chaldee. París.
  • Thomas, D. Winton, ed. (1958). Documents from Old Testament Times. London and New York.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]