Луўр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Луўр
Заснаваны 10 жніўня 1793[1]
Заснавальнік Напалеон I Банапарт[3]
Адкрыты 10 жніўня 1793[4]
Месцазнаходжанне
Наведвальнікі
  • 2 825 000 чал. (2021)[5]
Памеры фонду 460 000 ± 5 000 item[6]
Дырэктар Jean-Luc Martinez[d][7] і Laurence des Cars[d]
louvre.fr (фр.)
louvre.fr/en/ (англ.)
louvre.fr/jp/ (яп.)
louvre.fr/zh-hans (кіт.)
louvre.fr/es (ісп.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Луўр (фр.: Musée du Louvre) — адзін з буйнейшых музеяў свету (трэці ў свеце паводле плошчы: 160 106 квадратных метраў, з якіх на 58 470 прыпадаюць экспазіцыі). Музей знаходзіцца ў цэнтры Парыжа, на правым беразе Сены, на вуліцы Рывалі, у 1-й акрузе сталіцы.

Музей размяшчаецца ў палацы Луўр, які быў пабудаваны як крэпасць у канцы 12 стагоддзя пры Філіпе II. Перад тым, каб набыць сучасны выгляд, будынак пашыраўся многа разоў. У 1682 г. Людовік XIV абраў Версальскі палац у якасці сваёй рэзідэнцыі, а Луўр ператварыўся ў месца захоўвання каралеўскай калекцыі, у прыватнасці, з 1692 года, калекцыі антычнай скульптуры. Падчас Французскай рэвалюцыі, Нацыянальная Асамблея пастанавіла, што Лувр павінен выкарыстоўвацца як музей, дзе павінен дэманстраваць культурныя шэдэўры краіны.

Пачынаючы з 2008 года, экспанаты музея былі падзелены на 8 калекцый: Старажытны Усход, Старажытны Егіпет, Старажытная Грэцыя, Этрурыя і Рым, Мастацтва ісламу, Скульптуры, Прадметы мастацтва, Выяўленчае мастацтва, Графічнае мастацтва.

Луўр — гістарычны музей, які наведваюць больш за ўсё ў свеце, у 2009 годзе яго наведалі 8,5 млн чалавек[8]. За 2018 года Луўр наведалі 10,2 млн чалавек.[9]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатковая гісторыя Луўра[правіць | правіць зыходнік]

У аснове Луўра ляжыць замак-крэпасць — Вялікая вежа Луўра — якую пабудаваў кароль Філіп II Аўгуст у 1190 годзе. Адным з галоўных прызначэнняў замка было назіранне за нізоўямі Сены, таму што гэта быў адзін з традыцыйных шляхоў ўварвання набегаў эпохі вікінгаў. У 1317 годзе, пасля перадачы маёмасці Тампліераў Мальтыйскаму ордэну, каралеўская казна пераносіцца ў Луўр. Карл V робіць з замка каралеўскую рэзідэнцыю.

Вялікая вежа Луўра мела стары выгляд і была разбурана па загаду Францыска I у 1528 годзе, і ў 1546 пачынаецца ператварэнне крэпасці ў пышную каралеўскую рэзідэнцыю. Гэтыя работы выконваў П’ер Леско, яны працягваліся падчас праўлення Генрыха II і Карла IX. Да будынка былі далучаны два новыя крылы. У 1594 годзе Генрых IV вырашае злучыць Луўр з палацам Цюільры, які быў пабудаваны па жаданні Кацярыны Медычы. Квадратны двор палаца ствараў архітэктар Лемерсье, а затым Луі Лева ў часы праўлення Людовіка XIII і Людовіка XIV павялічыў палац у чатыры разы. Афармленнем і ўпрыгажэннем палаца кіравалі тады такія мастакі як Пусэн, Романелі і Лебрэн. У 16671670 гг. архітэктар Клод Перо пабудаваў каланаду Луўра на ўсходнім фасадзе палаца, які выходзіць на плошчу Луўра.

У 1682 годзе работы былі рэзка прыпынены, калі Людовік XIV выбірае Версаль як новую каралеўскую рэзідэнцыю. Луўр надоўга застаецца без увагі: палац прыйшоў у такі запушчаны стан, што ў 1750 годзе яго вырашылі знесці. Можна сказаць, што Луўр выратавалі парыжскія гандляркі, якія 6 кастрычніка 1789 года арганізавалі марш у г. Версаль, дзе патрабавалі, каб каралеўская сям’я вярнулася ў Парыж. Толькі ў XVIII стагоддзі ў Луўры распрацоўваюцца новыя праекты. Адным з такіх пачынанняў было ператварэнне Луўра ў музей. Праект нараджаецца ў праўленне Людовіка XV і заканчваецца з Французскай Рэвалюцыяй.

Французская рэвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

Падчас французскай рэвалюцыі Луўр быў пераўтвораны ў публічны музей. У маі 1791 года, Нацыянальная асамблея абвясціла, што Луўр будзе «месцам, дзе будуць сабраны помнікі навукі і мастацтва». 10 жніўня 1792 года Людовік XVI быў заключаны пад варту, і каралеўская калекцыя Луўра стала нацыянальным набыткам. З-за боязі магчымых выпадкаў вандалізму або крадзяжоў, 19 жніўня 1792 года Нацыянальная асамблея абвясціла неадкладную падрыхтоўку да адкрыцця музея. У кастрычніку камітэт пачаў збіраць калекцыю для паказу дзеля «захавання нацыянальнай памяці».

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Музей быў адчынены 10 жніўня 1793 у першую гадавіну звяржэння манархіі. Публіка магла наведваць музей бясплатна тры разы на тыдзень. Калекцыя налічвала 537 карцін і 184 іншых прадметаў мастацтва. Тры чвэрці з іх былі атрыманы з каралеўскай калекцыі, астатнія прадметы былі канфіскаваны ў эмігрантаў і царквы. Для павелічэння і ўпарадкавання калекцыі, французская рэспубліка выдзяляла 100000 ліўраў у год. У 1794 годзе, французская рэвалюцыйная армія пачала збіраць прадметы мастацтва з розных краін Еўропы. Музей папоўніўся такімі шэдэўрамі як Лаакоан і яго сыны і Апалон Бельведэрыйскі.

На пачатковым этапе работа ў музеі была не вельмі добра арганізавана, мастакі жылі ў памяшканнях музея, карціны віселі без бірак «адна побач з іншай ад падлогі да столі». Само памяшканне было зачынена ў маі 1796 з-за дрэннага тэхнічнага стану. Музей зноў быў адчынены 14 ліпеня 1801 года, калекцыі былі размешчаны ў храналагічным парадку, з новым асвятленнем.

Напалеон I[правіць | правіць зыходнік]

Пры Напалеоне I пачалося будаўніцтва паўночнага крыла, калекцыя расла ў выніку паспяховых ваенных кампаній, дзякуючы якім музей папоўніўся іспанскімі, аўстрыйскімі, галандскімі і італьянскімі работамі. Пасля егіпецкай кампаніі 17981801, Напалеон прызначыў першым дырэктарам музея Дамініка Віва Дэнона. Як даніна павагі да імператара, у 1803 годзе музей быў перайменаваны ў «Музей Напалеона». Пасля паражэння французаў у бітве пры Ватэрлоа былыя ўладальнікі работ спрабавалі іх вярнуць сабе, аднак адміністратары Луўра не жадалі выконваць гэтыя патрабаванні і схавалі шмат работ у прыватных калекцыях. У адказ, замежныя дзяржавы паслалі эмісараў ў Лондан за дапамогай, пасля чаго шматлікія работы былі вернуты, нават тыя, якія прайшлі рэстаўрацыю ў Луўры.

Рэстаўрацыя Бурбонаў і Другая імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У часы рэстаўрацыі Бурбонаў (18141830), Людовік XVIII і Карл X павялічылі калекцыю на 135 работ на агульную суму 720.000 франкаў. Гэта было менш, чым сума, выдзеленая на рэстаўрацыю Версаля. Пасля стварэння Другой рэспублікі ў 1848 годзе, новы ўрад выдзеліў два мільёны франкаў на рамонтныя работы і канчатковага завяршэння Галерэі Апалона, салона Карэ, і Вялікай галерэі. 2 снежня 1851 г. прэзідэнт Луі-Напалеон Банапарт здзейсніў дзяржаўны пераварот і абвясціў Другую імперыю. У гэты перыяд (18521870) французская эканоміка расла, музей дадаў 20000 новых экспанатаў у сваю калекцыю. Павільён Флоры і Вялікая Галерэя былі рэканструяваны пад кіраўніцтвам архітэктараў Луі Вісконці і Эктар-Марціна Лефюеля.

Трэцяя рэспубліка і сусветныя войны[правіць | правіць зыходнік]

У часы Трэцяй французскай рэспублікі Луўр набыў новыя экспанаты, у асноўным, дзякуючы ахвяраванням і падарункам. «Таварыства сяброў Луўра» ахвяравала карціну Пьета з г. Вільнеў-лез-Авіньён. У 1863 годзе на востраве Саматракі была знойдзена скульптура Нікі Самафракійскай. Гэтая скульптура, хоць і была моцна пашкоджана, але ж усе-такі была выстаўлена ў Луўры з 1884 года. Музей павялічыў сваю экспазіцыю на 7000 работ пасля набыцця калекцый Джампьетра Кампані, Дзюрана, Генры Солта, і Бернардына Дравэцці.

Павелічэнне экспанатаў Луўра запаволілася пасля Першай сусветнай вайны. У гэты перыяд не былі набыты якія-небудзь значныя работы; выключэнне складае карціна мастака Жоржа Дзюменіль дэ Латура «Святы Тамаш (Фама)» і ахвяраванні 4000 гравюр, 3000 малюнкаў і 500 ілюстраваных кніг баронам Эдмандам дэ Ротшыльдам. У пачатку Другой сусветнай вайны музей вывез большую частку экспанатаў і схаваў найбольш каштоўную яго частку за выключэннем тых работ, якія былі вельмі цяжкія і не мелі вялікай каштоўнасці. У пачатку 1945 года, пасля вызвалення Францыі, творы мастацтва пачалі вяртацца ў Луўр.

XXI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Луўр змяшчае больш за 380.000 экспанатаў, з якіх толькі 35000 выстаўлены ў васьмі залах агульнай плошчай больш 60 000 м². Луўр дэманструе скульптуру, творы мастацтва, карціны, малюнкі і археалагічныя знаходкі. Гэта самы наведвальны музей у свеце, у сярэднім 15 000 наведвальнікаў у дзень, 65 працэнтаў з якіх складаюць турысты. Луўр стаў аб’ектам павышанай увагі дзякуючы кнізе амерыканскага пісьменніка Дэна Браўна «Код да Вінчы» і знятым у 2006 годзе аднайменным фільме на аснове гэтай кнігі. Музей зарабіў $ 2,5 млн, даўшы права на здыманне фільма ў сваіх галерэях.

Калекцыі Луўра[правіць | правіць зыходнік]

Рэстаўрацыйныя майстэрні у Луўры

Калекцыі Луўра захоўваюць шэдэўры мастацтва розных цывілізацый, культур і эпох. У музеі каля 300 000 экспанатаў, з якіх толькі 35000 выстаўляюцца ў залах. Шматлікія экспанаты ўтрымліваюцца ў сховішчах, паколькі не могуць быць паказаны наведвальнікам больш за тры месяцы запар з прычыны бяспечнасці і захаванасці прадметаў мастацтва. Экспанаты Луўра разбіты на наступныя калекцыі:

Адміністрацыя[правіць | правіць зыходнік]

Луўр з’яўляецца ўласнасцю французскага ўрада; аднак з канца 1990-х ён стаў больш незалежным. З 2003 года музей атрымаў права самастойна ствараць фонды для рэалізацыі ўласных праектаў. У 2006 годзе дзяржаўнае фінансаванне музея скарацілася з 75 % ад агульнага бюджэту да 62 %. У 2008 годзе французскі ўрад выдзеліў толькі $ 180 мільёнаў з агульнага гадавога бюджэту музея $ 350 млн. Астатнія сродкі паступілі з прыватных ахвяраванняў і продажу білетаў.

У 2008 годзе персанал Луўра склаў 2196 чалавек на чале з дырэктарам Анры Луарэт, які дае справаздачу перад французскім міністэрствам культуры і камунікацыі. Пад кіраўніцтвам Луарэта, які замяніў П’ера Розенберга ў 2001 годзе, адбыліся змены ў палітыцы музея, Луўр пачаў пазычаць і прадастаўляць больш экспанатаў, чым раней. У 2006 годзе музей прадаставіў 1300 адзінак прадметаў мастацтва, што дазволіла яму заняць больш экспанатаў з іншых музеяў. З 2006 па 2009 Луўр прадаставіў свае працы для Музея высокага мастацтва ў Атланце, штат Джорджыя, і атрымаў за гэта $ 6,9 млн, якія былі выкарыстаны на рамонт памяшкання музея. Плануецца адкрыць філіял музея ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі, што безумоўна павялічыць дадатковыя паступленні для Луўра. Луарэт болей незалежны ў прыняцці рашэнняў, пры ім больш за 90 % ад агульнай плошчы музея цяпер даступныя для дэманстрацыі экспанатаў кожны дзень, у параўнанні з 74 % у 2001 годзе. Ён увёў бясплатны ўваход у пятніцу вечарам, падоўжыў працу музея, фонд для набыткаў твораў мастацтва павялічыўся з $ 4,5 млн у 2004 да $ 36 млн у 2007.

Палеміка[правіць | правіць зыходнік]

Луўр уцягнуты ў палеміку па прычыне культурных каштоўнасцей, якія былі захоплены падчас Другой сусветнай вайны нацыстамі і пры Напалеоне I. Пасля нацысцкай акупацыі, больш за 60000 прадметаў мастацтва вярнуліся ў Францыю. Каля 2000 работ, права ўласнасці якіх не было дакладна ўстаноўлена, і на якія прэтэндавалі ізраільцяне, засталіся ў французскіх музеях, уключаючы Луўр. У 1997 годзе прэм’ер-міністр Ален Жупэ ініцыяваў стварэнне камісіі на чале з Жанам Матэолі для расследавання гэтай справы. Згодна заяве ўрада, Луўр працягвае ўтрымліваць 678 адзінак спрэчных прадметаў мастацтва.

Падчас ваенных кампаній Напалеона, шматлікія прадметы антычнасці былі выяўлены падчас археалагічных раскопак, у прыватнасці ў Егіпце і на Блізкім Усходзе, і вывезены ў Францыю. Адміністрацыя Луўра выказалася на карысць далейшага ўтрымання гэтых прадметаў, нягледзячы на просьбы краін, у якіх яны былі знойдзены, вярнуць іх. Музей прымае ўдзел у арбітражных пасяджэннях, якія праводзіць камітэт ЮНЕСКА па садзейнічанні вяртання культурных каштоўнасцей краінам іх паходжання.

Абу-Дабі[правіць | правіць зыходнік]

Луўр Абу-Дабі — гэта філіял Луўра, размешчаны ў Абу-Дабі, які быў адкрыты ў 2017[10]. Экспазіцыя будзе нацэлена на сусветнае мастацтва, пераважна на стварэнне дыялогу паміж усходнім і заходнім мастацтвам.

У музей ўвайшлі работы з розных французскіх музеяў (Луўр, Цэнтр Пампіду, Музей Арсэ, Версальскі палац).

У 2012 Луўр Абу-Дабі пачаў калекцыянаваць фатаграфіі, ствараючы фонд з уласных набыткаў. Першая выстава ў гэтым філіяле прайшла ў маі 2009 (Talking Art: Louvre Abu Dhabi). На ёй былі прадстаўлены першыя 19 набыткаў музея. Другая выстава, Birth of a Museum, у маі-жніўні 2013, прадставіла першую вялікую калекцыю, якая налічвае 130 работ, набытых урадам Абу-Дабі для пастаяннай экспазіцыі. Яна ўключае невядомыя раней працы Пікаса, тэракотавую скульптуру бронзавага века з Кіпра, а таксама артэфакты з Грэцыі, Турцыі, Японіі і Сірыі.

Праводзяцца мерапрыемствы пад назвай Talking Art Series: гэта платформа для дыскусіяў пра будучыню музеі. Тут можна дзяліцца ідэямі, ўступаць у дыялог з шырокай публікай.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]