Перайсці да зместу

Клінапіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Клінапіс
Тып пісьма лагаграфічнае, складовае, часам фанетычнае
Мовы Паўтара дзясятка моў і дыялектаў: шумерская, эламская, хурыцкая, акадская ці асіра-вавілонская, эблаіцкая, ханаанская, угарыцкая, урарцкая, хецкая, старажытнаперсідская і г. д.
Гісторыя
Месца ўзнікнення Старажытная Месапатамія
Дата стварэння 3000 да н.э.[1]
Перыяд ~3300 г. да н.э. - 75 г. н.э.
Найстаражытны дакумент Найбольш старыя вядомыя дакументы — таблічкі з адміністрацыйнымі дакументамі Шумерскага царства.
Паходжанне Арыгінальнае пісьмо
Развілася ў Угарыцкі алфавіт
Старажытнаперсідскі клінапіс
Уласцівасці
Напрамак пісьма Першапачаткова справа налева, калонкамі, затым злева направа радкамі (пачынаючы з 2400-2350 гг. да н.э. для рукапісных тэкстаў; са II тысячагоддзя да н.э. для манументальных надпісаў)
Знакаў 300 — 900 знакаў для складовай і ідэаграфічнай сістэм; Каля 30 літар для фанетычнай адаптацыі на ўсходнім узбярэжжы Міжземнага мора; 36 літар для старажытнаперсідскага складовага алфавіту.
Дыяпазон Юнікода U+12000 to U+1236E (шумера-акадскі клінапіс)
U+12400 to U+12473 (лічбы)
ISO 15924 Xsux
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Клі́напіс — найстаражытнейшая форма пісьма, якая ўзнікла ў канцы 4 тысячагоддзя да н. э. Клінапіс быў характэрны для пісьмовасці старажытных шумераў, акадцаў, вавіланян, эламітаў, хетаў, урартаў, хурытаў, персаў і іншых народаў.

Упершыню тэрмін «клінапіс» быў уведзены ў 1700 г., а першыя клінапісныя тэксты былі расшыфраваныя толькі ў XIX ст.

Шумерскі клінапіс, XXVI ст. да н.э.

Найстаражытнейшыя клінапісныя тэксты, знойдзеныя пры раскопках шумерскага горада Урука, адносяцца да канца 4 тысячагоддзя да н. э.

Першасны шумерскі клінапіс меў піктаграфічную аснову. Запіс піктаграм на гліняных носьбітах інфармацыі быў распаўсюджаны ад Судана да Ірана ўжо ў 9 тысячагоддзі да н. э.[2] На Блізкім Усходзе і Іране існавалі дробныя вырабы з гліны і каменя ў выглядзе конусаў, шароў, цыліндраў і г. д. Амерыканская археолаг Дэніз Шмандт-Бесера (Denise Schmandt-Besserat) прыйшла да высновы, што яны выкарыстоўваліся для падлікаў. Так, адзін выраб мог азначаць пэўную колькасць авечак, гарлачоў з алеем і збожжам і г. д. У 4 тысячагоддзі іх клалі ў гліняныя пасудзіны, якія запячатвалі. На пасудзінах часам знакамі пазначалі колькасць вырабаў. Такім чынам пасудзіны з вырабамі ўжываліся для ўліку вытворчасці ў гаспадарках, менавым гандлі і справаздачах[3].

У сярэдзіне 4 тысячагоддзя з'явіліся гліняныя таблеткі — вельмі зручныя носьбіты інфармацыі ў параўнанні з пасудзінамі. Але для ўзнікнення сапраўднай пісьмовасці патрабавалася абстрактнае разуменне сімвалаў для іх запісу ў выглядзе канкрэтных пасланняў, а таксама спрошчаных форм клінапісных знакаў. У гэтым сэнсе, цікавую гіпотэзу высоўвае расійскі гісторык Емельянаў, які звязвае ўзнікненне пісьмовасці з шумерскай рэлігіяй і агульным светаўспрыманнем. Шумеры разумелі навакольны свет як незлічонае мноства няўзгодненых паміж сабой прадметаў, варожых адзін да аднаго багаў і духаў. Пісьмовасць была павінна сістэматызаваць гэты свет, усталяваць знутры яго сувязі[4]. Такім чынам, ранні шумерскі клінапіс меў вялікае падабенства з піктаграфічным пісьмом, хаця ў пэўным сэнсе ўжо ім не з'яўляўся.

Эвалюцыя клінапісу

[правіць | правіць зыходнік]

Архаічны клінапіс Урука шмат у чым нагадваў старажытнаегіпецкія іерогліфы. Прадметы маляваліся дакладна. Запісы фарміравалі вертыкальныя слупкі. Аднак да сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. адбыліся істотныя змены.

Паколькі вільготная гліна, на якой вяліся запісы, не дазваляла хутка маляваць дакладныя формы, а патрэба ў колькасці дакументаў расла, то пісцы перайшлі да знакавай перадачы слоў ў выглядзе знакаў-клінаў. Адначасова запісы пачалі весціся гарызантальна злева направа, колькасць знакаў значна скарацілася дзякуючы іх паступоваму ператварэнню ў ідэаграмы і фанаграмы, калі спалучэнні асобных знакаў азначалі адасобленыя паняцці, а часам набор гукаў. Так, знак зоркі мог азначаць таксама «неба» і «бог», знакі («хлеб») і («рот») чыталіся як «есці».

У акадскі перыяд клінапіс перажыў далейшыя змены. Многія словаформы, прынятыя шумерамі, былі адкінутыя. Знакі-кліны пачалі перадаваць пэўныя склады. Для парадкавання шматзначных шумерскіх клінаў пачалі выкарыстоўваць дэтэрмінатывы, вызначальныя знакі, што адносіліся да групы паняццяў. Напрыклад, знак дынгір () перад імем выкарыстоўваўся для абазначэння багоў, перад назвай гораду ставіўся знак уру (), а перад назвай іншай краіны — знак кур () і г. д. Такім чынам, можна было адрозніваць аднолькава напісаныя кліны і ў кожным выпадку знаходзіць іх розныя значэнні. У выніку гэта прывяло да скарачэння знакаў. Да пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. з прыкладна 2000 архаічных знакаў засталося каля 500. У асірыйскі і вавілонскі перыяды пісцы выкарыстоўвалі ўсяго 350—450 знакаў[5].

Вынайдзены шумерамі клінапіс з поспехам ужываўся прадстаўнікамі старажытных семіцкіх і індаеўрапейскіх моў. Калі ў гарадах шумераў пісьмовасць першапачаткова залежала ад храмавых служак, то ўжо ў Вавілоне меліся цалкам свецкія школы, якія рыхтавалі пісцоў, сакратароў, архівістаў. Вучэнне складалася з капіравання і запамінання шматлікіх знакаў вучнямі. Нават пасля знікнення шумераў іх мова заставалася абавязковай для вывучэння, меліся спецыяльныя слоўнікі[6].

Расшыфроўка клінапісу

[правіць | правіць зыходнік]
Генры Роўлінсан

Да перыяду сярэднявечча большасць помнікаў старажытных блізкаўсходніх культур апынулася пахаванай пад пластамі зямлі і чакала свайго далейшага адкрыцця. Затое ў Іране сярод развалін Персепаліса захавалася каменная пліта і асобныя надпісы, зробленыя персідскім клінапісам. Спробы яго расшыфраваць прадпрымаліся мусульманскімі вучонымі, аднак поспеху не мелі.

Адно з першых у Еўропе апісанняў надпісаў з Персепаліса заставіў венецыянскі дыпламат Ясафат Барбара, які аднак палічыў, што яны маюць старажытнае яўрэйскае паходжанне[7]. У XVII — XVIII стст. узоры іранскага (і магчыма шумерскага) клінапісу трапілі ў Еўропу дзякуючы італьянскім і дацкім вандроўнікам. Першыя сур'ёзныя спробы аналізу гэтых тэкстаў былі прадпрынятыя ўжо ў канцы XVIII ст., але толькі ў 1845 г. брытанец Генры Роўлінсан апублікаваў дакладны пераклад[8]. Важным было тое, што Генры Роўлінсан скапіраваў і пераклаў персідскі тэкст Бехістунскага надпісу, зробленага на трох мовах. Такім чынам, даследчыкі атрымалі магчымасць карыстацца яго перакладам для далейшай расшыфроўкі эламскага і вавілонскага тэкстаў.

У 1846 г. брытанскі ўсходазнавец Эдвард Хінкс надрукаваў артыкул, у якім здолеў дэталёва апісаць прынцыпы складання клінапісных помнікаў. У далейшым, Роўлінсан і Хінкс аб'ядналі свае намаганні з нямецкімі вучоным Юліўсам Опертам і суайчыннікам Генры Фоксам Талбатам. У 1857 г. яны сустрэліся ў Лондане, дзе параўналі ўжо зробленыя пераклады і прыйшлі да высновы, што здольны аднолькава чытаць клінапісныя тэксты. У 18611884 гг. пад рэдакцыяй Роўлінсана былі выдадзены 4 тамы «Клінапісных надпісаў Заходняй Азіі» (Cuneiform Inscriptions of Western Asia)[9].

  1. Archaeology and Language: The Puzzle of Indo-European OriginsPimlico, 1998. — С. 43. — ISBN 0-7126-6612-5
  2. John Heise, Akkadian language. 4. Cuneiform writing system Архівавана 13 кастрычніка 2014.
  3. Denise Schmandt-Besserat, Before Writing, Volume 1
  4. Емельянов В., Древний Шумер. Очерки культуры. — СПб.:Петербургское востоковедение, 2001. С. 167—168
  5. Кленгель-Брандт Э. Древний Вавилон. — Смоленск:Русич, 2001. С. 219
  6. Babylonia, A history of ancient Babylon (Babylonia) including its cities, laws, kings and legacy to civilization.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2012. Праверана 26 кастрычніка 2012.
  7. Brown P. F. Venice and Antiquity: The Venetian Sense of the Past. — Yale University Press, 1997. P. 156
  8. Kevin J. Cathcart, The Earliest Contributions to the Decipherment of Sumerian and Akkadian Архівавана 3 лістапада 2012.
  9. Kevin J. Cathcart, The Earliest Contributions to the Decipherment of Sumerian and Akkadian Архівавана 3 лістапада 2012.
Шрыфты