Краіна плачу
Краіна плачу | |
---|---|
Краіна плачу | |
Жанр | фэнтэзійны фільм і драматычны фільм |
Рэжысёр | |
Сцэнарыст | |
Працягласць | 13 хв. |
Краіна | |
Мова | беларуская |
Год | 17 чэрвеня 2019 |
IMDb | ID 12110742 |
«Краі́на пла́чу» — беларускі кароткаметражны беларускамоўны мастацкі фільм, зняты выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Янам Лысым у 2019 годзе[1][2]. Фільм зняты з выкарыстаннем карцін Каспара Давіда Фрыдрыха і музыкі Франца Шуберта[3].
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Яны шукаюць паратунак у казцы, нават жывучы ў казцы. з уступнай застаўкі фільма
|
Маленькая дзяўчынка жыве ў чароўным Свеце Ценяў, дзе не існуе ні радасці, ні гора. Яе адзіны сябар Цень распавядае ёй казачныя гісторыі пра іншы свет, у якім існуюць аўтамабілі і высотныя будынкі, бываюць мама, тата, а таксама смех і слёзы. Дзяўчынка пачынае марыць патрапіць у тую казку, нягледзячы на папярэджанні Ценю, што плакаць там прыйдзецца штодзённа і з самага першага моманту: пра гэта ён ведае, бо аднойчы ў Свеце Ценяў ужо жыў адзін хлопчык, якому таксама надакучыла прабыванне ў поўным супакоі. Тады ён адправіўся да загадкавай пячоры, з якой яго клікаў жаночы голас. Цень абвязаў хлопчыка адмысловай стужкай, каб, у выпадку рашэння вярнуцца, той мог знайсці дарогу назад. Аднак праз хвіліну стужка абарвалася, а з глыбіні пячоры Цень упершыню пачуў дзіцячы плач.
Дзяўчынка адмаўляецца верыць у кепскі канец гэтай гісторыі, падазраючы, што Цень проста не хоча яе адпускаць. Яна аб’яўляе «Проста надакучыла!» і сыходзіць у пошуках той пячоры. Цень не спыняе яе, а толькі працягвае перасцерагаць, не разумеючы, што́ дзецям так надакучае ў бясстрашным Свеце Ценяў. Дасягнуўшы пячоры, дзяўчынка таксама чуе голас жанчыны, якая кліча яе да сябе, і разумее: гэта яе мама. Тады Цень скідае верхнюю вопратку і за ягонай спінай узнікаюць анёльскія крылы. Ён прыкладае да вуснаў дзяўчынкі ўказальны палец і абвязвае вакол яе тулава стужку з надзеяй, што яна вернецца. Дзяўчынка знікае ў пячоры, а камера тым часам аддаляецца: гучыць немаўлячы плач, а два жаночыя галасы абмяркоўваюць нараджэнне дзяўчынкі; Свет Ценяў аказваецца ўвесь гэты час быў у жываце мамы.
Акцёры
[правіць | правіць зыходнік]Акцёр | Роля |
---|---|
Эва-Сафія Чарухіна | Дзяўчынка |
Ганна Чарухіна | Мама |
Канстанцін Чарухін | Тата |
Мікіта Патапейка | Хлопчык |
Кірыл Салееў | Цень |
Ян Лысы | голас Ценю |
Здымачная група
[правіць | правіць зыходнік]- рэжысёр, сцэнарыст, аператар — Ян Лысы
- гукарэжысёр — Кірыл Салееў
- аўтары малюнкаў — Кацярына Патапейка, Мікіта Патапейка, Эва-Сафія Чарухіна, Іларыя Брэль
- аўтар уступнай карціны — Вікторыя Кульваноўская
- выканаўца песні — Нана Мускуры
Зноскі
- ↑ Выпускнік акадэміі мастацтваў зняў дзіцячы фільм на беларускай мове . Белсат (20 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2022. Праверана 20 мая 2022.
- ↑ Kraina plachu (англ.). Internet Movie Database. Праверана 23 студзеня 2024.
- ↑ Kraina plachu — Soundtracks (англ.). Internet Movie Database. Праверана 23 студзеня 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Краіна плачу на YouTube
- Краіна плачу на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Краіна плачу на сайце «Кинориум »